25 красавiка 2024, Чацвер, 1:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баскетбалістка Грайнер звярнулася з СІЗА ў Расеі да прэзідэнта Байдэна

7
Баскетбалістка Грайнер звярнулася з СІЗА ў Расеі да прэзідэнта Байдэна
БРЫТНІ ГРАЙНЕР
ФОТА: GLOBAL LOOK PRESS

Ёй пагражае 10 гадоў пазбаўлення волі.

Амерыканская баскетбалістка Брытні Грайнер, арыштаваная ў Расеі паводле абвінавачання ў кантрабандзе наркотыкаў, звярнулася да прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з лістом, у якім просіць дапамагчы ў вызваленні і вяртанні на радзіму, паведамляе "Радыё Свабода".

У мінулую пятніцу яна паўстала перад судом у Маскоўскай вобласці. Ёй пагражае 10 гадоў пазбаўлення волі. Раней суд прадоўжыў арышт баскетбалісткі да 20 снежня.

"Сядзячы тут, у расейскай турме, сам-насам са сваімі думкамі і без абароны сваёй сям'і, сяброў, алімпійскай футболкі або якіх-небудзь дасягненняў, я баюся, што магу застацца тут назаўжды", – напісала Грайнер у лісце прэзідэнту Байдэну, вытрымкамі з якіх падзяліліся яе прадстаўнікі. "Я разумею, што вы маеце справу са столькімі праблемамі, але, калі ласка, не забывайцеся пра мяне і іншых амерыканскіх затрыманых, зрабіце ўсё магчымае, каб вярнуць нас дадому, – дадала Грайнер. – Я ўпершыню прагаласавала ў 2020 годзе, і я прагаласавала за вас. Я веру ў вас. У мяне яшчэ так шмат добрага, што можна зрабіць са сваёй свабодай, якую вы можаце дапамагчы аднавіць".

Рада нацыянальнай бяспекі ЗША пацвердзіла, што Белы дом атрымаў ліст.

17 лютага Грайнер затрымалі ў аэрапорце Шарамеццева пасля прылёту з Нью-Ёрка. У багажы спартоўкі знайшлі, паводле звестак следства, картрыджы з гашышным алеем для электронных цыгарэтаў. Гэтае рэчыва забароненае да абарачэння ў Расеі, але легальнае ў некаторых штатах ЗША. Супраць баскетбалісткі распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб кантрабандзе наркотыкаў.

Брытні Грайнер выступае за екацерынбургскі жаночы баскетбольны клуб УГМК. У складзе амерыканскай нацыянальнай зборнай ЗША яна двойчы перамагала на Алімпійскіх гульнях. У траўні ЗША прызналі Грайнер "неправамоцна затрыманай" і перадалі яе справу спецыяльнаму пасланніку прэзідэнта ЗША ў справах закладнікаў.

Раней дзяржсакратар Энтані Блінкен заявіў, што "няма больш прыярытэтнай задачы", чым вярнуць дадому Грайнер і іншых амерыканцаў, "незаконна затрыманых" у іншых краінах.

У расейскіх СМІ неаднаразова выказваліся меркаванні, што Грайнер могуць абмяняць на расейскага гандляра зброяй Віктара Бута, які адбывае 25-гадовы тэрмін у ЗША за спробу прадаць зброю арганізацыі, прызнанай у ЗША тэрарыстычнай.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках