19 красавiка 2024, Пятніца, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбываецца на межах Беларусі з ЕЗ

7
Што адбываецца на межах Беларусі з ЕЗ

У пунктах пропуску зноў вялізныя чэргі.

З надыходам летняга сезона ў аўтадарожных пунктах пропуску, размешчаных на межах Беларусі з Літвой, Латвіяй і Польшчай, стала заўважна больш аўтамабіляў. Пры гэтым сам працэс перасячэння мяжы на легкавым транспарце займае ў некаторых выпадках амаль дзень, а для грузавікоў час чакання расцягваецца часам на некалькі дзён, піша dw.com.

У першыя дні ліпеня найбольш драматычна для дальнабойнікаў складалася сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы, дзе толькі ў адным пункце пропуску «Каменны Лог» (з літоўскага боку - «Мядзінінкай») у чарзе стаялі звыш 1000 цяжкавікоў. Усяго ж на пагранпераходах на выезд з Беларусі сабралася больш за 2600 грузавікоў.

Для саміх кіроўцаў цяперашняя абстаноўка на мяжы застаецца незразумелай у святле дзейнай з 16 красавіка 2022 года забароны на транзіт і праезд фур беларускіх і расейскіх кампаній у Еўразвяз. Выключэнне зробленае для некаторых тыпаў прадукцыі, у тым ліку фармацэўтычнай, медыцынскіх і харчовых тавараў. У адказ беларускія ўлады ўвялі свае санкцыі, абавязаўшы еўрапейскіх вознікаў пакідаць груз у лагістычных цэнтрах, што ля мяжы.

«Здаецца, гэтыя санкцыі павінны былі зменшыць чэргі на мяжы, а адбываецца ўсё наадварот», - наракае дальнабойнік з Гародні Андрэй, які два дні прастаяў у чарзе на перачэпку - каб забраць увезены з Еўропы тавар і адвезці яго ў Расею. Са слоў Андрэя, попыт на грузаперавозкі па-ранейшаму высокі, пры гэтым транспартныя кампаніі губляюць вялікія грошы ад непрадказальнай абстаноўкі на мяжы.

Месца ў чарзе да пункта пропуску можна купіць

Такая сітуацыя прымусіла адну з беларускіх кампаній, якая займаецца грузавымі перавозкамі, адкрыць нечаканую вакансію. Фірма прапануе кіроўцам з асабістымі аўтамабілямі займаць чаргу на адным з пагранпераходаў з Літвой, а затым уступаць яе дальнабойніку. За кожны дзень такой «працы» наймальнік абяцае кіроўцу 100 беларускіх рублёў (блізу 28 еўраў).

Як растлумачылі ў кампаніі «Манарх Плюс» з Берасця, якая размясціла незвычайную аб'яву, зрабіць гэта прымусіла гісторыя, калі грузавік фірмы восем дзён знаходзіўся ў чарзе на беларуска-літоўскай мяжы. «Пакуль машына стаіць, грошай яна не зарабляе, а на спякоце кіроўцам вельмі няпроста. Таму даводзіцца прымаць такія неардынарныя пастановы», - расказалі ў фірме-грузаперавозчыку. І дадалі, што ахвотных заняць вакансію шмат і цяпер аб'ява ўжо неактуальная.

Зрэшты, у разгар сезона адпачынкаў гэта паслуга можа быць запатрабаваная не толькі дальнабойнікаў. Кіроўцы легкавых аўтамабіляў, якія стаяць у чарзе на перасячэнне беларуска-польскай граніцы каля Берасця, сталі заўважаць людзей, якія прапануюць скараціць час чакання на шляху да пагранпераходу. «Пакуль ахвотных скарыстацца такой прапановай няшмат, бо ў Берасці ёсць магчымасць зарэзэрваваць электронную чаргу для ўезду ў пункт пропуску. Але хто ведае, як зменіцца сітуацыя, калі аўто стане яшчэ больш, а купіць броню атрымаецца не ва ўсіх», - адзначае жыхар Берасця Сяргей.

Дзейных пагранпераходаў менш, аўто больш

На з'яўленне чэргаў на мяжы Польшчы і Беларусі паўплываў і той факт, што два аўтадарожныя пункты пропуску паміж краінамі былі закрытыя яшчэ падчас пандэміі COVID-19, а падчас міграцыйнага крызісу восенню 2021 года той жа лёс напаткаў і буйны пагранпераход «Брузгі» недалёка ад Гародні.

«Цяпер на сваім аўто праехаць у Польшчу можна толькі праз два пункты пропуску. Вядома, гэта адбіваецца. Тым больш, што ў суседнюю краіну і самалёты не лятаюць, і пасажырскія цягнікі скасаваныя», - дзеліцца мянчук Уладзіслаў, які стаіць у чарзе на мяжы. Яго напарнік Аляксандр удакладняе, што аўтамабіляў на мяжы магло быць яшчэ больш, але цяпер польскі бок прапускае на сваю тэрыторыю толькі грамадзян Беларусі і краін ЕЗ.

«Для ўкраінцаў зробленае выключэнне ў сувязі з падзеямі ў гэтай краіне, але мы ў чарзе не заўважаем, каб яны масава ехалі ў Еўропу праз Беларусь. А вось расейцаў на берасцейскім пераходзе зараз няма: ім для ўезду ў ЕЗ трэба перасякаць беларускую мяжу з Літвой ці Латвіяй», - кажа суразмоўца. І адзначае, што вялікія чэргі назіраюцца і на польскім баку - у пункце пропуску «Тырэспаль», адкуль трапіць у Берасце можна па «Варшаўскім мосце». Тут усяго дзве паласы, але і яны ў некаторых месцах перакрытыя загараджальнымі збудаваннямі. Са слоў Аляксандра, гэта таксама вельмі моцна ўплывае на абстаноўку на мяжы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках