25 красавiка 2024, Чацвер, 23:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Каліновец»: Для нас вайна скончыцца, калі абрынецца рэжым Лукашэнкі

7
«Каліновец»: Для нас вайна скончыцца, калі абрынецца рэжым Лукашэнкі

Полк будзе ўдзельнічаць у будучым супрацьстаянні.

Баец палка Каліноўскага «Гарэза» даў інтэрв’ю сайту «Радыё Свабода».

- Вы ўдзельнічалі ў беларускіх пратэстах 2020 года?

- Я жыў на той момант у Менску. Безумоўна, удзельнічаў у пратэстах. Мне пашанцавала – у ізалятар не патрапіў, але быў моцна разбіты. Здолеў уцячы ад іх. Я палічыў, што з маіх сяброў і знаёмых затрымлівалі на пратэстах 25 чалавек. Але калі ўлічыць усіх, з кім я кантактаваў ці неяк сутыкаўся, то будзе і 50 ці нават 150. У тыя жнівеньскія дні ў мяне проста сківіцы зводзіла ад нянавісці, тры дні яны балелі. І вось гэтае адчуванне вярнулася 24 лютага, калі пачуў, што пачалася вайна ва Украіне.

- Як думаеце, беларускае грамадства пасля 2020 года канчаткова пацярпела паражэнне?

- Я не думаю, што ўсё скончылася і нас, беларусаў, перамаглі тады. Гэта як у баявых мастацтвах, скажам, у боксе, дзе ёсць 12 раундаў. У першым раундзе мы перамаглі. Потым, скажам у красавіку 2021-га, быў трэці раунд, калі «вырубілі» нас. Сёння недзе 8-ы раунд ідзе, я так мяркую. Бойка ідзе. І, магчыма, праз чатыры раунды мы пераможам. Галоўнае - біцца да апошняга. Але нашы людзі не былі тады гатовыя да бойкі. І гэта нармальна. У нас не такое грамадства, што ўсе за мячы бяруцца. У нас прайшла «другая сацыялагічная хваля», мы ўрбанізаваліся. Ну, дай ты нашаму чалавеку аўтамат - што ён будзе з ім рабіць? Або скажы, каб трэснуў каму ў вуха, - ён не ўмее. Пры гэтым у АМАП і ГУБАЗіК набіралі тых, хто прайшоў «адмоўны адбор»: самых жахлівых, самых найгоршых людзей. Якія гатовы выканаць усякі загад. Што супраць іх зробіць звычайны чалавек, супраць гэтых «спецыялістаў», якія гадамі лупцавалі людзей?

Я стрыманы аптыміст. Яшчэ да пачатку пратэстаў я думаў, што яны нас разгоняць. Але гэта, відаць, патрэбна як частка працэсу, які прывядзе нас нарэшце да дэмакратызацыі і нармальнага жыцця ў краіне, дзе будуць працаваць законы.

Я не выязджаў з Беларусі, быў там да апошняга. Бо мне здавалася, што сітуацыя ў краіне можа змяніцца, гэта як пажар на тарфянішчы. Думаў, што я мушу быць у Беларусі.

- Чаму вы паехалі ваяваць за Украіну? Гэта ж чужая краіна, «не наша вайна»?

- Я думаў, што будзе вайна. Бо бачыў у Беларусі, як праводзяцца супольныя з Расеяй «вучэнні» і да чаго ўсё ідзе. Бачыў, што запасы крыві рабілі, склады на мяжы і розныя збудаванні рыхтавалі. Перасоўваліся ўсё бліжэй да ўкраінскай мяжы. Толькі я асабіста думаў, што гэта будзе пазней. Але, калі я даведаўся 24 лютага пра вайну, проста небасхіл абрынуўся. Некалькі дзён я сядзеў у збянтэжанасці проста.

У мяне ёсць вельмі далёкія карані ва Украіне. Але тых сваякоў я і не бачыў ніколі. Я мяркую, што гэтая вайна - злачынства. Мне не падабаецца ідэя «братэрскіх народаў», дзе ёсць «старэйшы брат». Мы не браты - не старэйшыя, не малодшыя - мы проста суседзі, і нам не трэба ваяваць адзін з адным. Так, да Расеі ў мяне сімпатый ніколі не было. Я глядзеў на іх як на краіну, якая можа вось гэта зрабіць - пачаць вайну.

- Ці лёгка было патрапіць у полк Каліноўскага?

- Я чытаў навіны, разумеў, што патрапіць у полк можна практычна толькі праз Польшчу. Таму падаўся на візу. Гэта было нялёгка - два месяцы яе чакаў. Пакуль жа займаўся спортам, вывучаў першую меддапамогу, страляў у ціры, рыхтаваўся. Мяне, натуральна, правяралі. Але ўсё прайшло хутка і лёгка - за тыдзень. Я разумеў, куды і навошта я еду. Сумневы, натуральна, былі. Вайна ж не на нашай тэрыторыі. Але, калі яны разаб'юць Украіну, мы будзем наступнымі. Таму паехаў дапамагаць ім. Што еду туды, асабліва нікому не казаў у Беларусі.

Мне ў палку добра, тут шмат цікавых, адукаваных людзей, ёсць з кім паразмаўляць. Тут добрая падрыхтоўка, загартоўка. Мне ўсё гэта спатрэбіцца, і не толькі мне.

- Але гэта вайна, там могуць забіць.

- У Кіеве мы бачылі ракеты, яны лёталі проста ў нас над галовамі. Але я сябе там адчуваю значна лепш, чым сядзець дома і чакаць, пакуль па цябе прыйдзе ГУБАЗіК і тваёй галавой пералічыць усе прыступкі. Тут могуць забіць. Але цяпер і мы можам адказаць. Я тут не адзін. У мяне паплечнікі. Гэта моцна ўплывае на псіхіку. Пакуль я толькі рыхтуюся, яшчэ не быў на перадавой. Але нашы хлопцы многія там, іншыя ірвуцца туды. Здаецца - дай ім аўтамат, яны пешшу пойдуць туды, дзе цяпер горача. Скажу так, што на мяне выстарчыць вайны. У тым сэнсе, я бачу, што заўтра яна не скончыцца.

Загінулы «Волат» казаў нам, што вайна - гэта проста выпадак, памрэш не памрэш, але ты не ўбачыш, як смерць прыйдзе па цябе. Прыляціць набой ці станеш на расцяжку. Так, у мірным жыцці цэгла можа на галаву зваліцца. Праўда, тут адсотак імавернасці загінуць больш. Але мы ставімся па-філасофску да гэтай тэмы. Большасць ведала, куды ідзе. Мы плацім за нашу волю і волю ўкраінскаму народу.

- Якая ваша спецыяльнасць, якое ў палку забеспячэнне, хто дапамагае вам?

- Я пастанавіў быць парамедыкам, адпаведна - узмоцнена рыхтуюся надаваць першую дапамогу . Вучаць жа не толькі мяне. Байцы павінны ўмець і сабе дапамагчы, і пабраціму. Для медыцынскай дапамогі мы маем усё, прычым добрыя, сучасныя сродкі і абсталяванне. Гэта дзякуючы валанцёрам, тым, хто спрыяе нам, беларускім дыяспарам. Нашы тактычныя аптэчкі - найвышэйшы ўзровень. І зброю хлопцы маюць добрую, сучасную.

- Ці маеце мары і планы на «пасля вайны»?

- Для большасці беларускіх добраахвотнікаў вайна не скончыцца, пакуль не абрынецца аўтарытарны рэжым у Беларусі. Мы будзем удзельнічаць у будучым супрацьстаянні. Хочацца ўсё гэта перажыць і паглядзець на нармальную Беларусь, з нармальнымі законамі.

У будучыні я хацеў бы мець свой хутарок у Беларусі, недзе каля ракі. І займацца тымі праектамі, якія «скасаваў» 2020 год, калі распляжылі грамадзянскую супольнасць. Ва Украіне я ўсё ж госць, я тут на пэўны час. Мне хочацца жыць у Беларусі.

Наконт таго, калі скончыцца вайна, я не аптыміст. Гэта можа быць і некалькі год. Прэс за два дні натрэніраваць немагчыма, як ні старайся. Людзі некаторыя думаюць, што прывязуць новае, «чароўнае» ўзбраенне ва Украіну ці яшчэ некалькі «Байрактараў» - і «чарадзейнае» ўзбраенне разаб'е ўсіх ворагаў. Але гэта не так.

- Якое ваша стаўленне да расейцаў, якія ваююць супраць украінцаў?

- Я назіраў за імі даўно. Іх напампоўвалі прапагандай 24/7. Яны былі крыважэрнымі і 5, і 10 гадоў таму. 24 лютага яны адкрылі свой твар - і там проста жах, проста такое расчалавечванне!

Марадзёрства, забойствы, згвалтаванні - гэта так праяўляецца вайна, твар вайны. Для іх гэта нармальна, у іх галовах. Расея - краіна XIX стагоддзя. Яна ўсё робіць праз зброю. Яна адстае ад свету на 200 год. Там не працуюць інстытуцыі, там ёсць карупцыя, нафта, рэсурсы, грошы і зброя.

Нармальнага чалавека стрымлівае грамадства, законы, інстытуты. Тут жа іх «выпусцілі на волю» і яны паводзяць сябе, як звяры. З іх злез гэты «налёт цывілізацыі», адкрылася іх сапраўднае аблічча.

Я ня ведаю, што будзе далей. Але ўкраінцы распаленыя нянавісцю да расейцаў. І гэта надоўга. Ім ніхто не даруе. Расейцы раней скардзіліся на «русафобію». Але яна пачалася, сапраўдная русафобія, толькі цяпер - пасля таго, што яны зрабілі ва Украіне.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках