29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-міністарка абароны Літвы: Захад павінен перамагчы монстраў-двайнятаў

9
Экс-міністарка абароны Літвы: Захад павінен перамагчы монстраў-двайнятаў
РАСА ЮКНЯВІЧЭНЕ
ФОТА: DELFI

Ці гатовая Вільня адказаць на шантаж Пуціна і Лукашэнкі?

Крэмль і расейская прапаганда прадаўжаюць адкрыта пагражаць Літве. Да шантажу Вільні, якая прытрымліваецца еўрапейскіх санкцый і спыніла транзіт забароненых грузаў у Калінінград, падключыўся і Лукашэнка. Наколькі сур'ёзныя гэтыя пагрозы? Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з дэпутаткай Еўрапарламента, экс-міністаркай абароны Літвы Расай Юкнявічэне.

– Пасля 24 лютага, калі мала хто верыў, што Расея можа пайсці на такую жудасную і шырокамаштабную вайну супраць Украіны ў цэнтры Еўропы, нельга ні на што глядзець скрозь пальцы.

Яшчэ ў 2009 годзе, падчас ваенных вучэнняў "Захад", яны адпрацоўвалі сцэнарый "Прарыў", калі дзве ваенныя групоўкі ў Калінінградскай вобласці і ў Беларусі аб'ядноўваюцца. На наступных вучэннях заўсёды было нешта падобнае.

Я гляджу на гэта ў шырокім кантэксце: на крамлёўскіх каналах цяпер шмат гавораць пра ядзерную зброю, пра тое, што яны патопяць Вялікую Брытанію, што могуць правесці атаку супраць Злучаных Штатаў, нават не разглядаючы Літву.

Яшчэ тады, калі балтыйскія дзяржавы і Польшча ўступалі ў NATO, усім было ясна, што гэты маленькі адрэзак зямлі – геаграфічна і геапалітычна адчувальнае месца. Але тады ўсе думалі, што жыццё ў Расеі неяк пойдзе ў нармальным рэчышчы.

Перадгісторыя такая: у гэтым няма нічога новага. Новае ў тым, што больш людзей цяпер чуе пра гэта, але для вайскоўцаў, для нас, палітыкаў, якія займаліся бяспекай Літвы і працавалі ў NATO, у гэтым няма нічога новага.

Што тычыцца таго, што адбываецца на месцы, у мяне няма выведзвестак (я цяпер не займаю такіх пазіцый), але магу абмяркоўваць інфармацыю з адкрытых крыніцаў. Няма ніякіх новых звестак, што Расея павялічвае сваю прысутнасць у адносінах да ваеннага персаналу вакол балтыйскіх дзяржаваў. Наадварот – і ў Калінінградскай вобласці, і ў іншых месцах яны памяншаюць колькасць ваеннага персаналу, таму што ён ім патрэбен для таго, каб атакаваць Украіну.

Наконт крамлёўскіх намераў у выкарыстанні стратэгічнай зброі, якая ў іх ёсць, – гэтага ніхто не ведае і пытанне застаецца адкрытым. 24 лютага паказала, што ўсё можа быць.

– А з ваеннага гледзішча, ці ёсць у іх сілы, каб прабіваць Сувалкскі калідор?

– У іх няма такіх сілаў, каб яны пайшлі на гэта цяпер, каб акупаваць гэтую тэрыторыю. І NATO бесперапынна сочыць за сітуацыяй 24 гадзіны на дзень, сем дзён на тыдзень.

– Пуцін заявіў, што "цягам найбліжэйшых некалькіх месяцаў" Беларусь атрымае ракетныя комплексы "Іскандэр-М", якія могуць несці ракеты "як у звычайным, так і ў ядзерным выкананні". Гэта запалохванне ці змена сітуацыі?

– Неабходна разумець, што "Іскандэры" ўжо ёсць у рэгіёне: у Калінінградскай вобласці, у Пскове, у іншых месцах па перыметры з NATO, была інфармацыя, што яны былі ў Беларусі і да гэтай заявы. Сітуацыя не так ужо моцна змяняецца – далёкасць "Іскандэраў" 500–600 кіламетраў. Вядома, іх будзе больш, але гэта не новая сітуацыя.

Таму, я думаю, што гэта гаворыцца ў агульным кантэксце пагрозаў: яны пагражаюць Захаду. Чаму гэта робіцца? На маю думку, Крэмль прыйшоў да такой сітуацыі, дзе яны, магчыма, думаюць правесці так званую дээскалацыю праз эскалацыю: калі ты пагражаеш і думаеш, што нехта спалохаецца і пачне менш дапамагаць Украіне, ці зменшыць санкцыйны ціск, ці гэта аслабіць палітыку стрымлівання.

Я гэта бачу як комплекс мерапрыемстваў: бамбардзіроўкі гарадоў у тыле Украіны, трагічны і тэрарыстычны, я б сказала, акт у Крэменчугу, размовы пра Беларусь, дэзынфармацыйная атака супраць Літвы. Літва не спыніла ніякага транзіту, а толькі выконвае санкцыі. Але паўсюль пайшлі паведамленні "Літва нешта спыніла", "Літва нешта робіць".

Такім чынам, мы бачым гэтую эскалацыю. Яны ўжо выкарыстоўвалі такую тактыку на вучэннях "Захад" – гэта таксама не навіна, толькі цяпер мы гэта бачым у рэальнасці, не на вучэннях. Паводле сцэнара вучэнняў, падчас нейкага канфлікту яны пагражаюць ядзернай зброяй і тады іншы бок адыходзіць праз страх. Думаю, што мы прыйшлі цяпер да такой стадыі.

– Часам нават не верыцца, што мы абмяркоўваем такія тэмы: магчымы ўдар з боку Беларусі, пагрозы ядзернай зброяй. Калі ўсё гэта скончыцца?

– Трэба перамагчы. Вядома, усе хочуць, каб вайна скончылася заўтра. Для Пяскова канец вайны – гэта калі Украіна здасца. Заканчэнне вайны для Украіны – гэта калі Украіна вызваліць усю тэрыторыю.

На Захадзе, я думаю, ёсць розныя пункты гледжання: ёсць тыя, хто думае, што трэба ісці да канца, дапамагчы Украіне перамагчы ў гэтай вайне. І ёсць людзі, якія думаюць, што трэба дзейнічаць як мага хутчэй і, магчыма, Украіна зможа неяк вызначыцца на страту сваіх тэрыторый.

– Гледзячы на сітуацыю вачыма міністаркі абароны Літвы, які сцэнар здаецца самым верагодным?

– Не ведаю, што будзе. Магу сказаць, чаго хачу я: нам трэба ўсімі сіламі імкнуцца перамагчы Пуціна. Ён для мяне – Сталін і Гітлер у адным. Гэта вельмі вялікая пагроза, таму што калі будзе толькі паўперамога ці нічыя, калі ва Украіны будуць вялікія тэрытарыяльныя страты, калі з заходняга боку будзе паслабленне санкцый, калі не будзе прадаўжацца стрымліванне такога монстра, то ён прыйдзе зноў праз некалькі гадоў.

Так што ў мяне такое меркаванне: трэба ўсімі сіламі імкнуцца перамагчы гэтага монстра. Ніхто не гаворыць цяпер пра Лукашэнку, але ўсе разумеюць, што Лукашэнка і Пуцін – гэта двайняты.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках