19 красавiка 2024, Пятніца, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як узвысіўся старажытны Полацак

6
Як узвысіўся старажытны Полацак

Нават перастаўшы быць сталіцай, горад заставаўся важным фарпостам беларускай дзяржавы.

Наколькі старажытны горад, які стаў сталіцай першай дзяржавы на беларускай зямлі? Пра ўзрост Полацка можна спрачацца, аднак нельга скідаць з рахункаў аб'ектыўныя звесткі археалогіі. Гістарычная навука дае ў 21-м стагоддзі выразныя адказы на пытанні, якія раней здаваліся цьмянымі, паведамляе “Літвін”.

Акрэсленне 862 года ў якасці адпраўнога пункта існавання старажытнага Полацка сёння здаецца ўсяго толькі данінай традыцыі. Калі больш ранніх згадак у пісьмовых крыніцах пра Полацак няма, то трэба звярнуцца да вынікаў археалагічных раскопак.

Даследаванні беларускіх гісторыкаў паказваюць, што ўжо ў пачатку першага тысячагоддзя нашай эры месца, дзе вырас горад, было заселенае. Ужо да 4 стагоддзя нашай эры сюды прыйшлі сяляне, якія размаўлялі на гаворках балцкай моўнай групы. Яны сталі будаваць жыллё на берагах ракі Палата, адкуль і пайшла назва будучага горада.

Прыкладна ў пятым стагоддзі паселішча прадстаўнікоў балцкай культуры тыпу Банцэраўшчыны-Тушэмлі размяшчалася з левага берагу Палаты, там сёння размяшчаецца полацкі стадыён «Спартак». Праз сто гадоў даславянскі Полацак распасціраецца на плошчы 8 гектараў.

Потым на берагі Палаты прыходзяць славяне (8-е стагоддзе). Мяркуючы з знаходак археолагаў, першае славянскае паселішча з'явілася не пазней за 780 год (дата вызначаная паводле радыевуглероднага аналізу абгарэлай драўніны). Плямёны крывічоў запазычылі ў балтаў назву Полацак, пабудаваўшы свае дамы на плошчах старажытнага гарадзішча.

Прычым балты нікуды не зніклі. Працэс змешвання крывічоў і балтаў праходзіў мірным шляхам. Дзве культуры ўжываліся побач, пераймаючы звычаі. Пра прыход крывічоў сведчаць курганы, якіх было шмат у наваколлях Полацка яшчэ напрыканцы 19 стагоддзя.

У 9-м стагоддзі Полацак актыўна гандляваў і быў ужо вядомы ў свеце. Пра ягоныя сувязі сведчаць арабскія дырхемы, зробленыя ў Арабскім Халіфаце ніяк не пазней за 818 год.

З прыходам да ўлады першага вядомага нам з летапісаў мясцовага князя – Рагвалода Полацак усё большую ролю мае ў палітычным жыцці Усходняй Еўропы. Атрымліваючы прыбытак ад падаткаў, якія плацілі купцы, Рагвалод пачаў будаўніцтва цэлага комплексу абарончых умацаванняў вакол горада.

Да канца 10-га стагоддзя Полацак мае свой замак, акружаны валам. Ягоная фартыфікацыя не саступала ў моцы ўмацаванням Кіева і Ноўгарада. Гэтага патрабавала лютая барацьба за гандлёвыя шляхі, у якой удзельнічала Полацкае княства. Полацкія дружыны ваявалі з Ноўгарадам і Псковам. Спаборніцтва з гандлёвымі канкурэнтамі пераходзіла ў лакальныя крывавыя войны, перамогі ў якіх прыносілі Полацку немалы прыбытак.

У 980 годзе ваеннае шчасце адвярнулася ад Рагвалода. Ён быў скінуты і жорстка забіты кіеўскім князем Уладзімірам Святаславічам. Разгром Полацка кіяўлянамі не спыніў будаўніцтва горада. Пры князю Усяславу Чарадзею Полацак уступае ў паласу росквіту, калі горад упрыгожваецца мураванымі будынкамі храмаў. Галоўным з іх стаў сабор Святой Сафіі, пабудаваны паводле візантыйскіх канонаў, ён сімвалізаваў незалежнасць і моц княства.

У складзе Вялікага Княства Літоўскага Полацак страчвае сваю ролю стольнага горада, але не страчвае значэння як фарпост дзяржавы на яе ўсходніх рубяжах. Гандлёвае значэнне горада шанавалі не толькі вялікія князі Літвы, але і ворагі. У 1563 годзе цар Іван Жахлівы разбурае сваёй магутнай артылерыяй драўляныя сцены полацкіх замкаў, каб пазней ператварыць Полацак у крэпасць. За новымі валамі ваяводы Жахлівага размясцілі стралецкую слабаду, а сцены горада атрымалі новыя вежы, складзеныя з бярвення.

Кароль Стэфан Баторый, вяртаючы Полацак у склад ВКЛ, вымушаны быў штурмаваць полацкія валы падчас аблогі 1579 года. Пасля 17 стагоддзя Полацкая цытадэль усё больш страчвае абароннае значэнне. Горад бяднее яшчэ больш пасля ўваходжання яго ў склад Расейскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.

Пры расейскіх царах ад былой славы некалі прывілеяванага магдэбургскім правам гандлёвага горада не застаецца і следу. Полацак у 18 і 19 стагоддзях забудоўваецца тыпавымі будынкамі, характэрнымі для правінцыйных расейскіх павятовых мястэчкаў. Комплекс будынкаў знакамітага іезуіцкага калегіюма перадаюць пад ваенную вучэльню. А сам горад паўстае ў канцы 19 стагоддзі перад яго гасцямі глухім мядзведжым кутом, тыповым глухменню імперскага Паўночна-Заходняга краю.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках