16 красавiка 2024, aўторак, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Масква рабіла савецкай Чачню, дзе не было аніводнага бальшавіка

4
Як Масква рабіла савецкай Чачню, дзе не было аніводнага бальшавіка

Гэты народ царская Расея не магла захапіць больш за паўстагодзьдзя.

Бальшавікі, каб скарыць чачэнцаў, дэпартавалі іх з уласнай зямлі. Але і пасьля распаду СССР Расея ваявала з чачэнцамі да пачатку 2000-х.

У спэцыяльным праекце Свабоды «Самы адважны народ імпэрыі» мы раскажам пра стагодзьдзі барацьбы чачэнскага народу супраць расейскага панаваньня ў пэрыяд Расейскай імпэрыі, СССР і Расейскай Фэдэрацыі.

У першай частцы мы расказвалі пра тое, як Расейская імпэрыя пачала наступаць на Чачэнію ў XVII ст. і больш за паўстагодзьдзя не магла захапіць гэты народ.

Сёньня мы раскажам пра тое, як камуністы ўсталёўвалі ў Чачэніі савецкую ўладу, як чачэнцы не скарыліся ёй і былі за гэта выгнаныя з уласнай зямлі і чаму нават у 1980-я гады расейскія чыноўнікі канстатавалі, што за межамі горада Грозны няма савецкай улады. Разабрацца ў гэтым нам дапаможа Майрбэк Вачагаеў.

Хто такі Вачагаеў:

нарадзіўся ў 1965 годзе ў Чачні;

чачэнскі гісторык, кандыдат гістарычных навук, аўтар васьмі кніг;

былы генэральны прадстаўнік Ічкерыі ў Расеі, былы палітвязень;

былы прэс-сакратар і дарадца прэзыдэнта Ічкерыі Аслана Масхадава;

жыве ў Парыжы.

Калі Чачэнія стала часткай СССР?

«У 1920 годзе, калі Горская рэспубліка спыніла сваё існаваньне. Менавіта тады савецкая ўлада захапіла ўладу ў Чачні. Але важна разумець, і пра гэта пішуць самі расейскія гісторыкі, што ў Чачні на момант захопу ўлады не было аніводнага бальшавіка. Значыць, не чачэнцы гэта прыдумалі, гэта расейцы канстатавалі, што ў Чачні не было аніводнага бальшавіка.

На абломках Горскай рэспублікі яны ствараюць Горскую савецкую рэспубліку. Але гэта была толькі назва. Бальшавікі абяцалі горцам усё, але ў выніку, як і паўсюль, падманулі іх. Яны абяцалі, што чачэнцы будуць мець права на рэлігію, што законы будуць шарыяцкімі, што захаваюць мову і г. д. Але, пачынаючы ад 1925 году, усё гэта было прыпынена. У 1927 годзе арабскую графіку замянялі на лацінку, а ў 1934 годзе было вырашана, што лацінка не адпавядае народам СССР. І так увялі кірыліцу. І мы адтуль пакутуем з гэтай кірыліцай, у якой у нас 49 літар. Для нас гэта вельмі праблематычная графіка. Лацінка была найлепшая.

Горская савецкая рэспубліка праіснавала некалькі гадоў. Пасьля, да 1930-х, былі асобныя аўтаномныя вобласьці. У 1932 годзе было вырашана, што чачэнцы і інгушы хочуць аб’яднацца, хаця ў іх ніхто і не пытаўся. Інгушы былі больш зьвязаныя з Уладзікаўказам, таму для іх ня было ніякага інтарэсу аб’ядноўвацца з чачэнцамі, бо яны страчвалі Ўладзікаўказ, сваю сталіцу, якая цяпер цалкам даставалася асэтынам, хаця раней ім належаў толькі адзін бераг гораду. Сталіцай Чачэна-Інгускай АССР стаў Грозны».

Хто кіраваў Чачнёй у савецкі час

«Да распаду СССР у кіраўніцтве краіны не было аніводнага чачэнца. На пасадзе першага сакратара абкаму былі толькі расейцы і габрэі. Існавалі квоты. Першы сакратар — абавязкова расеец. Другі — абавязкова чачэнец, трэці — інгуш, чацьвёрты — армянін ці нехта іншы. Або кіраўнік Савету міністраў — чачэнец, але кіраўнік парлямэнту Чачэна-Інгускай рэспублікі — абавязкова інгуш. То бок існавалі квоты на тры народы, але яны былі ня роўныя. Чачэнцы складалі 2/3 ад усяго насельніцтва, але пры гэтым чачэнцаў заўсёды павінна было быць менш на розных пасадаў, чым расейцаў. Так было да распаду. Толькі апошні кіраўнік рэспублікі Доку Заўгаеў быў чачэнцам, яго прызначылі ў пэрыяд перабудовы. І тое толькі таму, што ён быў жанаты з расейкай».

Якія школы былі ў Чачні за савецкім часам?

«Спачатку гэта былі чачэнскія школы. Але потым іх пераводзілі на расейскую.

Пасьля дэпартацыі ў 1944 годзе ў Чачэна-Інгускай ССР не было ніводнай чачэнскай школы. Напрыклад, я з нулявой клясы вучыўся выключна на расейскай мове. Пры гэтым дзеці ня ведалі расейскай мовы, яны пачыналі яе вывучаць толькі ў школе. У нашай 2-й школе гораду Аргун не было вывучэньня чачэнскай нават як факультатыўнага прадмета. То бок некалькі пакаленьняў дзеці не вывучалі чачэнскай мовы».

Ці дала русіфікацыя плён?

«Чачэнцаў спрабавалі русыфікаваць, але гэта не ўдалося, бо мовы ўсё ж абсалютна розныя. Найлепш мова захавалася ў вёсках. Але ў чачэнцаў, інгушаў і калмыкаў была адна асаблівасьць. У СССР лічылася, што гэтыя тры народы ня маюць акцэнту. Гэта даказвае, наколькі моцна нас білі па галаве. Потым, у пэрыяд незалежнасьці, акцэнт зьявіўся, бо ўсе школы ў Ічкерыі перайшлі на чачэнскую мову. І ўсе, хто тады нарадзіўся і пайшоў у школу, сёньня кепска размаўляюць на расейскай мове, з жахлівым акцэнтам».

Ці перамаглі камуністы рэлігію?

«Мячэці ў нас зьнішчалі, як і цэрквы ў Беларусі. Калі савецкія ўлады захапілі Чачню, мячэцяў было 1137. Усе яны былі зьнішчаныя, акрамя адной. На ўсю рэспубліку ў нас была адна мячэць у вёсцы Малыя Атагі.

Чачэнцы, вядома ж, пайшлі ў апазыцыю. Гісторык з Францыі Аляксандар Бэніксан прыдумаў тэрмін, які вельмі добра адлюстроўвае сутнасьць таго, што адбывалася — паралельны іслам. Бо быў адзін іслам, які казаў, што СССР і партыя добрыя, так званы афіцыйны іслам. Асобна існаваў іншы, падпольны іслам, якія працягваў сваю дзейнасьць такім чынам, нібыта савецкай улады не было.

Для чачэнцаў, напрыклад, было ганьбай зьвяртацца ў міліцыю; чачэнец ніколі не павінен быў даходзіць да суду. Гэта было забаронена, сорамна і ганебна. Калі два чачэнцы пабіліся і адзін нейкім чынам трапіў у турму і яго судзяць, гэта найперш было ганьбай для таго, хто быў пабіты. Маўляў, як так, ты ня змог яму адпомсьціць і здаў яго ўладам. Усе канфлікты на ўзроўні забойства, бойкі, разводаў, падзелу маёмасьці — усё вырашалася на ўзроўні імамаў, кадзіяў, якія таксама былі неафіцыйныя. Савецкая ўлада іх арыштоўвала, затрымлівала. А ў 1930-я гады каля 10 тысяч чалавек, якія валодалі Каранам, зьнішчылі. Пасьля гэтага чачэнцы не прызнаваліся, што ведаюць Каран».

Ці быў у чачэнцаў Вялікі тэрор?

«З 1933-га па 1934 год. Практычна цяжка знайсьці сям’ю, якая б не пацярпела. Прычынай для рэпрэсіяў магла быць прыналежнасьць да рэлігіі і тое, што ты адмаўляўся падпарадкоўвацца савецкай уладзе. У 1982 годзе, праз 60 гадоў пасьля заснаваньня Чачэна-Інгускай ССР, першы сакратар абкома Ўласаў, які пасьля стаў у 1990 годзе прэм’ерам Расеі, заявіў афіцыйна, што за тэрыторыяй Грознага няма савецкай улады. Для ўлады гэта быў шок. Ён атрымаў па пысе і яго імгненна зьмянілі. Нават партыйны лідэр цудоўна разумеў, што за тэрыторыяй Грознага чачэнцы не прымаюць савецкую ўладу. Яны жывуць сваім жыцьцём».

Чаму адбылася дэпартыцыя ў 1944 годзе?

«Заходнія гісторыкі мяркуюць, што галоўнай прычынай дэпартыцыі было тое, што чачэнцы не прынялі савецкай улады. Пасьля ўсталяваньня савецкай улады адбываліся выступы супраць яе. Таму бальшавікі вырашылі іх проста выселіць.

Аляксандар Салжаніцын пісаў у сваёй кнізе „Архіпэляг ГУЛАГ“, што ўсе народы, якія высылалі ў Казахстан, прыбывалі для перавыхаваньня. І адзіная нацыя, якая адмовілася скарыцца савецкай уладзе, як ён піша, былі чачэнцы, і яны, маўляў, паказалі нам, што можна не паміраць, а змагацца супраць гэтай улады і дамагчыся перамогі над ёю. І гэта былі менавіта чачэнцы. Пры гэтым сам Салжаніцын ненавідзеў чачэнцаў.

Афіцыйна савецкія ўлады патлумачылі гэта тым, што чачэнцы калябаравалі з нацыстамі. Але, каб быў калябарацыянізм, трэба, каб немцы прыйшлі ў Чачню. Але ніводзін немец да нас не прыйшоў. Немцы спыніліся да Чачэна-Інгушэтыі, у Паўночнай Асэтыі. То бок чачэнцы нават ня бачылі немцаў і ім ня было з кім калябараваць. На нашай тэрыторыі ўвогуле не было вайны. Але камуністам ня трэба былі ніякіх доказаў. Яны проста спасылаюцца на ўказ СССР аб тым, што гэта быў калябарыцянізм. Што нібыта былі закінутыя нямецкія парашутысты. Усяго іх было 78 чалавек, зь іх 2/3 былі выхадцамі з Паўночнага Каўказу: асэтыны, дагестанцы, чачэнцы, інгушы. Сярод іх чачэнцаў было 11 чалавек. Фактычна праз гэтых 11 чалавек са сваёй зямлі выселілі ўсіх чачэнцаў — больш за 400 тысяч.

Сёньня пішуцца дзясяткі дысэртацый і навукоўцы задаюць пытаньні, чаму выселілі чачэнцаў. У крымскіх татар усё ж была акупацыя, у карачаева-балкарцаў была акупацыя, яны супрацоўнічалі. За калябарацыю трэба было тады высылаць увесь Стаўрапальскі край, бо казакі масава супрацоўнічалі зь немцамі. У гэтым усім няма лёгікі, апрача той, што ўлады вырашылі расправіцца з чачэнцамі раз і назаўсёды. Усіх зьнішчыць немагчыма, але яны могуць паехаць у Казахстан і там папрацаваць бясплатна. Бо першыя гады, да 1949 году, афіцыйна было, што чачэнец не павінен атрымліваць ні капейкі. Гэта была рабская сіла».

Як зьнішчаліся чачэнскія кнігі

«Калі цябе высяляюць, то першай справай ты бярэш ежу і вопратку. Ты не бярэш бібліятэку, усё гэта заставалася ў дамах і потым звозілася ў Грозны і зьнішчалася. Гэта акт вандалізму, ад якога чачэнцы прайгралі вельмі шмат. Чачэнцы пасьля дэпартацыі пачыналі практычна з нуля. У іх не было нічога, толькі тое, што выпадкова апынулася ў дагестанцаў, у асэтынаў. Мы ведаем толькі назвы, ведаем імёны аўтараў, але саміх кніг няма».

Хайбах — чачэнская Хатынь

Сымбалем трагедыі дэпартацыі застаецца злачынства, учыненае войскамі НКУС у чачэнскім горным сяле Хайбах. 23 лютага на галоўнай плошчы былі сабраны жыхары вёскі і найбліжэйшых хутароў. Сьнег, які выпаў напярэдадні, зрываў пляны па дастаўцы людзей на раўнінную частку рэспублікі да чыгункі. 27 лютага камандуючы апэрацыяй прыняў рашэньне пазбавіцца жыхароў шляхам фізычнага знішчэньня. У вёсцы Хайбах сабралі людзей з усіх хутароў Нашхоеўскага сельскага савета і іншых населеных пунктаў, якія не маглі самастойна спусьціцца з гор: у асноўным хворыя, дзеці, старыя і жанчыны. Некалькі соцень чалавек зачынілі ў стайні і падпалілі. Тых, хто спрабаваў вырвацца з агню, расстрэльвалі. Упершыню расьсьледаваць масавае злачынства было вырашана пры Хрушчове. Усе факты пацьвердзіліся, але крымінальную справу так і не завялі.

Што было пасьля вяртаньня з дэпартацыі

«У дэпартацыі чачэнцы жылі 13 гадоў. У гэты час іхную маёмасьць перадалі перасяленцам, пераважна перасяленцам з Украіны.

У 1957 годзе чачэнцам дазволілі вярнуцца з дэпартацыі. Мой бацька расказваў, як яны чатыры месяцы жылі каля свайго плоту. Нават не ў двары, а на вуліцы. Іх не пускалі ў свой жа дом. І ён чакаў, пакуль тыя новыя жыхары адмовяцца лічыць гэты дом сваім. Некаторыя маглі купляць свае дамы. Гаспадары так і казалі, маўляў, дайце нам грошы і мы сыдзем. А тое, што яны выкарысталі нашую маёмасьць, яны лічылі гэта як належнае. І яшчэ хацелі грошай. І тады ў хаду пайшлі пагрозы. У архівах захавалася шмат лістоў, дзе людзі пішуць, што такі і такі чачэнец пагражаў мяне забіць, і я хачу зьехаць. Улады адказвалі, што ні ў якім разе аніводзін чалавек не павінен пакідаць дом. Але, крок за крокам, пасяленцы пачыналі сыходзіць і чачэнцы вярталіся ў свае дамы. Ужо праз два гады ў горнай частцы Чачэніі не было аніводнага перасяленца. Але ў Грозным засталіся так, як і жылі, расейцы, чачэнцаў туды яшчэ доўга не хацелі запускаць. Там быў нават вялікі бунт расейцаў, якія захапілі абкам партыі, вакзал, але ў выніку савецкае войска зь імі разабралася, каб не было прыкладу для іншых».

Як чачэнцы жылі ў савецкі час

«У вёсках мы адчувалі сябе дома. Але ў 1982 годзе я паступіў у Чачэна-Інгускі ўнівэрсытэт у Грозным і зь сябрамі радасна і гучна абмяркоўваў гэта ў трамваі на чачэнскай мове. Я ня ведаў, што гэта забаронена. У Грозным нельга было размаўляць у грамадзкім транспарце на чачэнскай мове. Машыніст спыніўся і запатрабаваў, каб мы выйшлі. Мы хутка сышлі, каб ня мець справы зь міліцыяй. Нават ва ўнівэрсытэце, калі мы выходзілі ў калідор, то дэкан-чачэнец казаў, каб мы перасталі гаварыць на чачэнскай мове. Размаўляць можна было толькі па-расейску.

Займацца чачэнскай гісторыяй XVIII-XIX стст. было забаронена. Нельга было гаварыць пра нацыянальна-вызвольны рух, пра пэрыяд Шаміля, пра Каўкаскую вайну, пра чачэнскіх герояў. Мы павінны былі пісаць пра паўстаньні ў Японіі, Інданэзіі і Мэксыцы. Нас прымушалі вучыць усё, акрамя нашай уласнай гісторыі. Самым забароненым словам была дэпартацыя. Як толькі ты гэта казаў, то быў ворагам СССР. Мы ня мелі права на сваёй зямлі гаварыць на ўласнай мове, нам увесь час казалі, што мы здраднікі, хаця я нарадзіўся ў 1960-я. На лекцыях навуковага камунізму гэта гучала прама, што „вы здраднікі“. Але ў 1986 годзе, калі ўжо ішла перабудова, я дамогся, каб гэты выкладчык пакінуў гістарычны факультэт. Я абвясьціў байкот, і мяне падтрымаў увесь факультэт, быў бунт. Гэта быў першы раз, калі ўнівэрсытэт выбачаўся за тое, што чачэнцаў назвалі здраднікамі і бандытамі.

Да развалу СССР ніякай русафобіі ў Чачэніі фактычна не было. Былі звычайныя адносіны. Наадварот, гэта чачэнцы на працы адчувалі, што іх увесь час хочуць прынізіць. Але нейкага нэгатыўнага стаўленьня да расейцаў ня было. Расейскія настаўнікі ў вёсках успрымаліся вельмі добра. Ім кожны стараўся дагадзіць. Цяжка ўявіць, каб іх хтосьці абразіў ці пакрыўдзіў. І яны самі вучылі чачэнскую мову. Але так было ў вёсках. У Грозным ніхто не вучыў чачэнскай мовы і не размаўляў на ёй».

Што даў Чачні савецкі пэрыяд

«Ён высмактаў усю чачэнскую нафту. У 1972-1974 гадах у нас быў пік здабычы нафты — 20 мільёнаў тонаў. Гэта была калясальная шкода, бо, выпампоўваючы нафту, нафтавікі часта забываліся запампаваць у сьвідравіны ваду. У выніку цяпер у нас вельмі сумнеўная глеба, якая пры добрым землятрусе можа заваліцца. Падчас першай і другой вайны ў 1990-я ўсе дзівіліся, адкуль у чачэнцаў нафта, калі ўсе НПЗ зьнішчаныя. Справа ў тым, што ў межах Грознага і ва ўсёй раўніннай частцы можна было пракапаць некалькі мэтраў зямлі — і вы натыкаліся на нафту, нават бэнзін, які выцякаў увесь савецкі час. Нават у шматпавярховіках Грознага ў падвале нехта капаў яму, браў нафту і прадаваў. Аднак усё гэта катастрафічна зьнішчыла экалёгію.

Але ўвесь час пасьля ІІ сусьветнай вайны да развалу СССР чачэнцы займаліся пераважна выжываньнем. У сельскай гаспадарцы нічога не выраблялася, людзі займаліся толькі ўласнымі надзеламі. Калгасы і саўгасы забралі найлепшыя землі, і людзі былі вымушаныя працаваць на дзяржаву. Выжывалі пераважна дзякуючы ўласнай гаспадарцы. Атрымаць працу ў горадзе на нафтаперапрацоўцы для чачэнца было вялікай праблемай. Існавала негалосная забарона прымаць нас на працу. Калі чачэнец Гаджыеў стаў мінстрам прамысловасьці СССР, для нас гэта было, як палёт чачэнца ў космас. Гэта было неверагодна, што чачэнца дапусьцілі да такой пасады. Сэгрэгацыя на ўсе пасады была магутнай. У горадзе Аргун быў нейкі завод, дзе рабілі вядзерцы. Але іх чамусьці адпраўлялі ў Сібір. Менавіта там трэба было вядро, вырабленае ў Аргуне. Усё было на прымітыўным узроўні».

Як у Чачні пачаліся перамены

«У нас усё пачыналася ад мусульманскіх арганізацый „Суфійскія брацтвы“, якія знутры, з падпольля, намагаліся каардынаваць дзеяньні. Публічна першымі выступілі эколягі. Улады хацелі пабудаваць нейкі біяхімічны завод, але людзі выступілі супраць і ў выніку яго не збудавалі. Тады ўсе людзі зразумелі, што калі грамада выступае супраць чагосьці, савецкая ўлада можа даць задні ход. Пасьля зьявіліся нацыяналісты, якія выкарыстоўвалі тэму эколягаў, каб на іхнай хвалі пераключыцца на патрабаваньне сваёй рэспублікі.

Ужо ў 1980-я, калі я быў студэнтам, мы абмяркоўвалі зь сябрамі, чаму ў сваёй рэспубліцы ў нас няма першага сакратара чачэнца і чаму мы павінны ўсё выпрошваць. Студэнцтва нават у 1982 годзе ўжо бурліла. Ужо пры Андропаву пайшла магутная хваля супраць савецкай улады. Ствараліся суполкі „Прамэтэеўскага руху“, гэта літаратурная арганізацыя, у якой бралі ўдзел чачэнскія пісьменьнікі. Бо ўсе вершы па-за гэтым рухам былі зьвязаныя з партыяй.

У выніку ў другой палове 1980-х зьявіўся свой „народны фронт“. І інгушы пачалі агучваць свае патрабаваньні: яны жадалі, каб ім дазволілі вярнуцца ва Ўладзікаўказ. Пачаліся мітынгі».

Наколькі чачэнцы прáгнулі незалежнасьці

«Абсалютная большасьць была за, але было шмат тых, хто сумняваўся. Людзі проста ня верылі, што такое дазволяць, і былі перакананыя, што Масква ўсё задушыць. Але жаданьне мець незалежнасьць было нават у прарасейскай апазыцыі. Яны прыдумлялі нейкія ўласныя канфігурацыі асацыяцыі з Расеяй, але нават на гэта Расея ніколі не пагадзілася б.

Напрыклад, інгушы, дагестанцы ці кабардзінцы не захацелі незалежнасьці, а ў чачэнцаў жаданьне было відавочным. Аднак Канстытуцыя РСФСР не прадугледжвала выхаду зь яе складу. І вось за 1,5 года да распаду СССР Міхаіл Гарбачоў прымае закон, якія зацьвярджае Вярхоўны Савет СССР. Гэты закон ураўноўвае 20 аўтаномных рэспублік у складзе РСФСР, такія як Чачня, да саюзных рэспублік, такіх як Беларусь. Гарбачоў зрабіў гэта для таго, каб атрымаць падтрымку эліт гэтых аўтаномных рэспублік. Яму гэта было неабходна для перамогі ў супрацьстаяньні зь Ельцыным. І чачэнцы вырашылі, што на падставе гэтага закону яны маюць права абвясьціць пра незалежнасьць сваёй рэспублікі, як Украіна ці Беларусь. У той дзень, калі Чачня абвясьціла пра незалежнасьць, я акурат быў у Маскве».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках