25 красавiка 2024, Чацвер, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пара, пара!»: Як Магілёў паўстаў супраць Масквы

3
«Пара, пара!»: Як Магілёў паўстаў супраць Масквы

У 17-м стагоддзі горад быў другім па велічыні ў ВКЛ пасля сталічнай Вільні.

Вялікім і слынным горадам Магілёў стаў у эпоху Вялікага княства Літоўскага. У пачатку Новага часу ён быў другім па велічыні ў краіне пасля сталічнай Вільні.

І хоць Магілёў не меў такой слыннай сярэднявечнай гісторыі, як Полацк, Смаленск ці Віцебск, яго жыхары спаўна скарысталіся сваім геаграфічным становішчам на буйной гандлёвай рацэ і спрыяльнымі гістарычнымі абставінамі, паведамляе belsat.eu.

Магілёў заснаваны на беразе Дняпра ў сярэднявеччы, магчыма, у канцы Х або ў XI ст. Высокія берагі з пагоркамі і ярамі спрыялі абароне паселішча. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Магілёў згадваецца ў канцы XIV ст. у знакамітым «Спісе гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх».

Адносна недалёкая Масковія стала для Магілёва залатой жылай. Гэта быў рынак збыту для кваліфікаваных рамеснікаў і сапраўдная крыніца багацця для гарадскога патрыцыяту - буйных купцоў. Магілёў пачаў выконваць ролю перавалачнага пункта тавараў і сыравіны паміж Цэнтральнай і Заходняй Еўропай і Масковіяй.

У пачатку XVII ст. гэта быў багаты і вялікі горад з насельніцтвам блізу 15 тысяч - гарадскі цэнтр, значны нават па еўрапейскіх мерках. У Магілёве жылі і працавалі ювеліры, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы, кавалі і іншыя рамеснікі. У найлепшыя часы ў Магілёве было некалькі дзясяткаў рамесных цэхаў. Задавалі тон багатыя купцы з патрыцыяту, якія трымалі ў горадзе ўладу і часам ёю злоўжывалі, што выклікала не толькі пратэсты, але і бунты гарадскога насельніцтва.

Горад Магілёў у часы Вялікага княства Літоўскага не толькі стаў другім па велічыні пасля Вільні, але стварыў унікальную культурную і мастацкае асяроддзе. У XVII ст. у Магілёве сфармаваліся некалькі мастацкіх школ - архітэктуры, кніжнай графікі і кнігадрукавання, высокамастацкага рамёства, вялося ўласнае летапісанне. 150 гадоў дзейнічала Магілёўская брацкая друкарня, пры якой працавалі выбітныя мастакі-гравёры.

Калі ў Рэчы Паспалітай пачалася контррэфармацыя і ўціск праваслаўных, магілёўцы паспадзяваліся на аднавернага маскоўскага цара, у чым неўзабаве горка расчараваліся. У 1661 годзе тут пачалося знакамітае антымаскоўскае паўстанне. Раней, у 1654 годзе, калі Маскоўская дзяржава напала на Рэч Паспалітую, часткай якой тады было ВКЛ, Магілёў паддаўся цару. Але амаль адразу пачаліся канфлікты праз розніцу дзяржаўнага ўладкавання: магілёўцы былі прывучаныя да самакіравання і не прымалі сяброў гарадской адміністрацыі, навязаных царом. Да таго ж, маскоўскае войска не грэбавала рабаваннямі.

Чым скончылася антымаскоўскае паўстанне? Чаму ў свой час Магілёў апярэдзіў такія старажытныя і буйныя цэнтры як Полацк, Віцебск, Смаленск? І адкуль у Магілёве праваслаўныя храмы ў стылі барока? Пра гэта глядзіце ў відэа.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках