25 красавiка 2024, Чацвер, 8:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Забіраем пашпарты і едзем дадому - цярпення не стае»

47
«Забіраем пашпарты і едзем дадому - цярпення не стае»

Сям'я ўцекачоў з Марыюпаля расказала пра тры месяцы ў Беларусі.

Муж і жонка з украінскага Марыюпаля, якія прыехалі ў Гомель пасля нападу Расеі і атакі на іх родны горад, сабраліся вяртацца дадому. Пра прычыны і тое, як цягам трох месяцаў сям'я спрабавала ўладкавацца ў Беларусі, уцякачка напісала ў адным з гомельскіх чатаў, піша «Флагшток».

«Мы ў Гомелі амаль тры месяцы. Дзякуй зяцю, што даў нам кватэру. Прыехалі з нуль рублямі, пры гэтым нас прымусілі заплаціць па 32 рублі за чалавека для рэгістрацыі на 3 месяцы. Нас двое - я і муж... Нам вярнулі гэтыя грошы праз два месяцы. Так, нас ніхто не прымушаў сюды ехаць, але… Так, у нас няма немаўлят і малалетніх дзяцей, нам за 50, таму мы не прыдатныя тут. На працу муж уладкоўваецца два месяцы, абышоў усё, што можна, аналізы здалі ўсе, медагляд прайшлі, мне паабяцалі аплаціць курсы кухаркі. Але гэта ўсё цягнецца, правяраецца, а мы тут тры месяцы жывём, хочам працаваць, зарабляць на жыццё, але ўвесь час чуем: «Заўтра…», «Вышліце працоўную…» Дзякуй за ўсё вам, не ў дакор, але сіл больш няма. Забіраем пашпарты і едзем дадому, усім здароўя і цярпенні! У нас яго не выстарчыла», - цытуем «крык душы» Наталлі (імя змененае).

Яна таксама расказала, што звярталася па дапамогу ў прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі міграцыі — нагадаем, каардынатарам МАМ ад Гомельскай вобласці для дапамогі ўкраінскім уцекачам выбралі кіраўніка рэгіянальнай праўладнай арганізацыі Чырвонага Крыжа Алу Смаляк:

«Мы звярнуліся па дапамогу ў МАМ, дагэтуль чакаем. Ужо паўтара месяца - дзякуй, што не адмовілі».

Звярталася Наталля па дапамогу і непасрэдна ў Чырвоны крыж - яна апублікавала фота «прадуктовага набору», які ёй выдалі:

«Гэтую дапамогу нам далі ў Чырвоным Крыжы. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але пасля паўтара месяца ў склепе няма сіл ёсці сушкі і галетнае печыва… Дзякуй, але коўдры ўжываныя, я папрасіла падушкі, не буду фота выкладваць, мне сорамна».

У каментарах уцекачы адказалі:

«Затое на беларускай дзяржаўнай ТВ ганарацца, як уцекачы з Украіны едуць… Вядома едуць, а што яшчэ рабіць застаецца. Не крыўдуйце, дарагія мірныя ўкраінцы, на Беларусь. Людзі з большага адэкватныя ў краіне, але як звычайна жыццё ў падмане не толькі ў вас… Няма ўмоў у РБ для афармлення больш-менш нармальнага жыцця ўцекачам. Толькі словы».

Наталлі адказала і іншая ўцякачка з Украіны, якую пасялілі ў Веткаўскім раёне - у доме без умоў для жыцця. Аднак яна настроеная больш аптымістычна і раіць мужу і жонцы таксама ехаць у вёску:

«Я падкажу і скіну нумар, куды я звярталася. І ў Чырвоны Крыж у Гомелі - там пытаюцца, ці маеце патрэбу ў працы і жыллё. Я сама тэлефанавала па саўгасам, скіну нумары дырэктараў - трэба стукаць і вам адкрыюць».

Адзначым, што сям'і гэтай жанчыны дапамаглі гомельскія валанцёры, якія за свой кошт сабралі і даставілі прадметы першай неабходнасці. Валанцёры працягваюць клапаціцца і пра многія іншыя сем'і, якія апынуліся ў Беларусі сам-насам са сваімі цяжкасцямі.

«Давайце дапаможам добраму чалавеку - Людміле Аляксееўне з цэнтра кругласутачнага знаходжання ў Прысна тэрмінова трэба аплаціць 3 базавыя адзінкі, каб аформіць знаходжанне і рэгістрацыю. У Людмілы Аляксееўны няма сваякоў, яна пенсіянерка, ёй 82 гады, і дапамагчы ёй, на жаль, няма каму», - патлумачылі ў чаце.

Расказалі валанцёры і пра сям'ю ромаў, якая прыбыла ў Гомельскую вобласць з Украіны:

«Ружа, ейны муж і шасцёра дзяцей. Іх дом разбурылі. І зараз яны жывуць у Дубовым Логу (Добрушскі раён). Муж ужо два месяцы працуе ў калгасе. Сям'і далі хату без святла і газу. Але яны папрасілі аб дапамозе, і ім не адмовілі. Суседзі дапамаглі ўладкаваць побыт, валанцёры дапамаглі матэрыяльна. Мы не падзяляем тых, хто мае патрэбу ні паводле нацыянальнасці, ні паводле веравызнання».

У той жа час многія іншыя ўцекачы з'язджаюць з Беларусі. Напрыклад, вядома аб сям'і з Краматорска, якая пасля знаходжання ў Гомелі з'ехала ў Нямеччыну. Ёсць і такія сем'і, якія накіроўваюцца ў Расею. А для тых, хто застаецца, гомельскія валанцёры працягваюць збіраць прадукты, мэблю, адзенне і ўсё неабходнае.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках