29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Каваленка: Ва Украіне «паркетных генералаў» Лукашэнкі чакае мясарубка

16
Аляксандр Каваленка: Ва Украіне «паркетных генералаў» Лукашэнкі чакае мясарубка
АЛЯКСАНДР КАВАЛЕНКА

Беларускія вайскоўцы гэта разумеюць.

Як Украіна атакуе на інфармацыйным фронце? Чаму ўкраінскія медыі доўгі час стваралі станоўчы вобраз Лукашэнкі? Што чакае лукашэнкаўскае войска, калі яно пяройдзе ўкраінскую мяжу?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім вайсковым экспэртам, спецыялістам у інфармацыйных аперацыях Аляксандрам Каваленкам.

- Якія асноўныя наратывы расейскай прапаганды сёння выкарыстоўваюцца супраць Украіны?

- Расейскія акупанты выкарыстоўваюць наратыў, што ўзброеныя сілы Украіны абстрэльваюць Данецк, жылыя дамы, жылыя раёны. Яны на працягу васьмі гадоў распаўсюджвалі яго. І фраза «восем гадоў бамбілі Данбас» - гэта асноўная калька для іх фэйкаў.

Кожны раз, калі адбываўся абстрэл Данецка і іншых населеных пунктаў, можна было праз геалакацыю вызначыць, што іх абстрэльвалі акупацыйныя расейскія падраздзяленні, падраздзяленні сепаратысцкіх сіл, для таго, каб імітаваць такога кшталту пагрозу з боку УСУ.

Гэта ўсё задакументавана, ёсць вялікая колькасць расследаванняў у гэтым пытанні. Цяпер мы бачым проста маштабныя і хаатычныя абстрэлы жылых раёнаў рэактыўнай артылерыяй расейскіх акупантаў.

Нават самі жыхары Данецка гавораць у сацыяльных сетках, у пабліках, што абстрэл вядзецца з боку акупацыйных падраздзяленняў. Прычым заяўляюць аб гэтым нават адкрытыя “ватнікі”.

УСУ сапраўды вядуць агонь па Данецку, гэта праўда. Але пры гэтым яны выкарыстоўваюць высокадакладную зброю, сярод іншага- боепрыпасы «Excalibur». І вядзенне агню ідзе выключна па складах з боепрыпасамі, гаруча-змазачнымі матэрыяламі, рамонтнай тэхнікай, непасрэдна па базах з тэхнікай, вайсковым часцях асабовага складу.

- Ці ўдаецца Украіне контратакаваць і навязваць свой інфармацыйны парадак дня?

- Калі казаць пра перыяд да 24 лютага 2022 года, то гэта быў вельмі складаны працэс, паколькі практычна з кожным эпізодам, які фабрыкавалі расейскія прапагандысты, даводзілася рабіць асобнае расследаванне, раскладваць літаральна па палічках.

Цяпер усё значна прасцей, бо кожная інфармацыя, якую паведамляюць расейскія СМІ і прапагандысты, аўтаматычна ўспрымаецца як фэйкавая. І гэта аблягчае задачу, паколькі не адцягваешся на нейкія дробныя моманты, якія раней нельга было прапускаць. Цяпер нашы арганізацыі, такія як "StopFake", "InformNapalm" і іншыя, арыентуюцца на нешта больш глабальнае, на нейкія больш маштабныя рэчы.

Расейскія фэйкі ніколі нейкай вынаходлівасцю не вызначаліся, а цяпер яны дэградуюць да неверагоднага ўзроўню, як гісторыя з 2014 года пра «распятага хлопчыка ў мяйтках». Цяпер узровень прыкладна такі ж, абсалютна бяздоказны, часцяком - без якіх-небудзь фактаў.

- Калі мы гаворым пра інфармацыйнае поле Украіны, чаму доўгі час культываваўся вобраз Лукашэнкі «як моцнага гаспадарніка», нейкай самастойнай постаці. У выніку гэта прывяло да таго, што з поўначы на Кіеў пайшлі расейскія танкі.

- Рэч у тым, што ў нас у інфармацыйным полі ёсць некалькі плацдармаў успрымання тых ці іншых лідараў. У нас была, напрыклад, такая партыя (зараз яна ўжо забаронена) "Апазіцыйная платформа - За жыццё". Яна з'яўлялася прарасейскай, адзін з яе лідараў быў Віктар Мядзвядчук, цудоўна ўсім вядомы.

Дзякуючы фінансаванню Расеі, ён кантраляваў вялізную колькасць інфармацыйных пляцовак. У тым ліку - і ў абласцях, раёнах, нават у вёсках, яму належалі рэгіянальныя тэлеканалы і гэтак далей.

Праз іх распаўсюджваліся наратывы аб тым, што Аляксандр Лукашэнка - "дастаткова сур'ёзны гаспадар", што ён "трымае ўсё ў сваіх руках", а ў яго "ўсё як у Савецкім Саюзе".

Першапачатковая тактыка АПЗЖ была такая ж, як у расейскай прапаганды, то бок настальгія па СССР, пра нейкага моцнага гаспадарніка ва ўладзе краіны, а не бізнэсоўца ці, напрыклад, артыста.

Культывацыя такой асобы адбывалася праз гэтыя рэсурсы, а потым распаўсюджвалася праз больш "шэры сегмент", які таксама карміўся з рук гэтай партыі. Таму тут гаворка ідзе ўжо не толькі пра партыю АПЗЖ, аналагічна распаўсюджвалася інфармацыя праз рэсурсы былой камуністычнай партыі і іншых, якія з часам былі забароненыя. Але іх медыі працягвалі дзейнічаць ва Украіне, бо свабоду слова нельга забараніць.

- Беларусь застаецца пляцоўкай для ракетных удараў па Украіне. Як Кіеву можна развязаць гэтую праблему?

- Скажу шчыра, я практычна з першых дзён уварвання ва Украіну быў прыхільнікам таго, каб узброеныя сілы Украіны наносілі ўдары ў адказ па вайсковай інфраструктуры на тых тэрыторыях, з якіх гэтая інфраструктура выкарыстоўваецца супраць Украіны. Я прыхільнік нанясення ўдараў па вайсковай інфраструктуры на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, па вайсковых часцях, вайсковых базах, складах і гэтак далей. Аналагічна я выступаю за нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі, па вайсковай інфраструктуры расейскіх падраздзяленняў, якія размешчаныя менавіта на тэрыторыі краіны.

З першых дзён поўнамаштабнага ўварвання ў нас гэтая магчымасць была, нават без заходняга ўзбраення. Усё залежыць ад палітычнай пастановы.

- Калі «папяровае войска Лукашэнкі», як вы яе апісвалі ў сваіх тэкстах, усё ж надумае зайсці на тэрыторыю Украіны, што яго чакае?

- Ёсць мінімальная імавернасць такога развіцця сітуацыі. Што такое войска Беларусі? На сённяшні дзень умоўна баяздольных падраздзяленняў беларускага войска - не больш за 20 батальённа-тактычных груп. Пры гэтым я не проста так кажу слова "умоўна" - беларускае войска абсалютна не мае ніякага рэальнага вайсковага досведу. Беларускае войска ў нас тут часта называюць “папяровае войска”, гэта паркетныя генералы, паркетныя стратэгі, паркетныя вайсковыя начальнікі без якога-небудзь вайсковага досведу. У іх няма нават нейкага сур'ёзнага досведу міратворчых місій. Ва ўкраінскага войска ён быў.

На сённяшні дзень беларускае войска можа выкарыстоўвацца ў якасці элемента дыверсійных груп.

Я нездарма сказаў пра 20 батальённа-тактычных гуртоў. Гэта фактычны наступальны патэнцыял беларускага войска. І тут трэба нагадаць, што калі расейскія акупанты заходзілі праз тэрыторыю Беларусі на паўночны плацдарм, у Чарнігаўскую, Кіеўскую і Сумскую вобласці, то быў выкарыстаны рэсурс 40 батальённа-тактычных груп, якія былі абсталяваныя найбольш сучаснай тэхнікай. Усе бачылі, як яна цудоўна гарэла. І гэта менавіта сучасная тэхніка, а не тое, што зараз перакідваецца на Данбаскі плацдарм, Запарожжа, альбо на Херсонскі плацдарм.

Параўноўваць гэты патэнцыял з 20 батальённа-тактычнымі групамі беларускага войска я нават не стану, гэта неба і зямля. Калі нешта падобнае і здарыцца, то гэта будзе проста мясарубка для беларускага войска і яго "паркетных генералаў". І гэта цудоўна разумеюць і ў беларускім генералітэце.

- Украінскае войска даволі паспяхова працуе па Чарнаморскім флоце РФ. Ці ёсць магчымасць яшчэ неяк ускладніць жыццё акупантам у акваторыі Чорнага мора?

- Так, безумоўна. Павінна быць паэтапная дэблакада Чорнага мора. Цяпер мы можам назіраць першы этап гэтага працэсу. На сённяшні дзень мы забяспечваем знішчэнне даступных цэляў. Ужо з'явілася інфармацыя аб тым, што была агнявое знішчэнне выспы Змяінай і «вышак Бойка». Можна казаць аб тым, што Украіна пачынае вяртаць кантроль над Чорным морам. Першы этап пачаўся.

На сённяшні дзень расейскія вайсковыя караблі імкнуцца максімальна вытрымліваць дыстанцыю, каб не набліжацца да нашай берагавой лініі, бо разумеюць, што мы выкарыстоўваем супрацькарабельныя ракетныя комплексы, супраць якіх у іх няма панацэі, іх СПА марскога базавання дастаткова слабая. На сённяшні дзень яны могуць рабіць стаўку выключна на падводныя лодкі, а таксама ракетныя абстрэлы.

З іншага боку далейшае прасоўванне ўзброеных сіл Украіны ў Херсонскай і Запарожскай вобласці можа паставіць пытанне аб прысутнасці наогул расейскай Чарнаморскай флатыліі ў часова акупаванай паўвыспе Крым. Бо па меры дэакупацыі Херсонскай вобласці мы будзем скарачаць адлегласць напрыклад з Севастопалем, які з'яўляецца асноўнай базай для размяшчэння расейскіх вайсковых караблёў, у тым ліку - як надводнага флоту, так і падводнага. І менавіта падводны флот, падлодкі тыпу «Варшавянка», змешчаныя ў надводным становішчы ў порце прапіскі, з'яўляюцца найболей уразлівай мэтай. Трэба толькі выйсці на адлегласць, якая дазваляе максімальна эфектыўна задзейнічаць супрацькарабельныя сродкі для знішчэння гэтых аб'ектаў.

- Як вы думаеце, вызваленне Херсона найбліжэйшыя месяцы - гэта рэальна?

- З вызваленнем Херсона не ўсё так проста. Мы можам падысці да межаў горада ў аглядных тэрмінах, гэта сапраўды так. Не выключаю, што нават да пачатку жніўня мы ўжо можам стаяць ля гарадской лініі Херсона. Але галоўная праблема - гэта гарадскія баі. Расейскія акупанты, калі перад імі будзе пастаўленая задача максімальнага ўтрымання горада, будуць яго ўтрымліваць.

Будзе пакутаваць цывільнае насельніцтва, будзе разбурэнне грамадзянскай інфраструктуры, жылых дамоў, раёнаў і гэтак далей. Гэта самы негатыўны сцэнар, на які ўзброеныя сілы Украіны не жадаюць ісці.

Таму найбольш аптымальны - гэта стварэнне ўмоў, якія б з'яўляліся перадумовай да аблогі расейскай акупацыйнай групоўкі ў Херсонскай вобласці. Гэта магчыма, напрыклад, у выпадку поўнай дэакупацыі Запарожскай вобласці, рассячэння паўднёвага плацдарма, рассячэння яго ва ўсходняй і заходняй частцы.

У іх будзе ўсяго два варыянты: альбо яны павінны будуць выводзіць свае войскі з Херсонскай вобласці ў часова акупаваны Крым, альбо заставацца ў Херсонскай вобласці і тады – палон, альбо знішчэнне. Вось менавіта такі сцэнар больш рэалістычны для ашчаджэння найбольшай колькасці жыццяў як цывільнага насельніцтва, так і ўзброеных сіл Украіны, каб пазбегнуць сапраўды сур'ёзных кровапралітных баёў, якія могуць праходзіць у Херсоне.

Хоць я не выключаю і трэці сцэнар, што па меры таго, як узброеныя сілы Украіны ўжо будуць падыходзіць да самога Херсону, акупанты яго пакінуць, яны ўцякуць за Днепр.

Не выключаю нават варыянт падрыву Антонаўскага моста акупантамі пры адступленні.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках