29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі палітолаг: Мы разглядаем магчымасць прарыву расейцаў праз Сувалскі калідор з Беларусі

13
Літоўскі палітолаг: Мы разглядаем магчымасць прарыву расейцаў праз Сувалскі калідор з Беларусі

Няма ніякай розніцы паміж рэжымамі Пуціна і Лукашэнкам.

Літва афіцыйна аб'явіла пра спыненне транзіту санкцыйных грузаў у Калінінградскую вобласць. Крэмль перайшоў да адкрытых пагроз у бок Вільні.

Наколькі сёння магчымы напад Расеі на Літву? Сайт Charter97.org папрасіў старэйшага аналітыка Віленскага інстытута палітычнага аналізу Маруса Лаурынавічуса даць сваю ацэнку.

- У гэтай сітуацыі наша сістэма бяспекі ніяк не змянілася. Пагрозы, якія зыходзяць ад Расеі, мы расцэньваем сур'ёзна, да іх трэба рыхтавацца. Канешне, яшчэ не ўсё зроблена. Але праз тое, што там у Маскве нехта нешта вякнуў, наша сістэма бяспекі ніяк не змянілася. Яна была такая ж тыдзень таму, такая ж і зараз. Такой жа яна будзе праз тыдзень ці два тыдні, калі ўся гэтая істэрыя ў Маскве скончыцца.

Рэальных рычагоў яны амаль не маюць. Могуць быць з іх боку нейкія эканамічныя рашэнні, якія могуць паспрабаваць на транспартны сектар паўплываць. Напрыклад - спыніць транзіт з Казахстана ў Клайпедскі порт. Аднак гэта істотна ніяк не паўплывае сітуацыю.

- Ці разглядаеце вы варыянт прарыву расейскіх войскаў праз Сувалскі калідор у бок Калінінграда з тэрыторыі Беларусі?

- Разглядаем, даўно разглядаем. Расея шмат разоў трэніравала гэты варыянт, тут нічога новага для нас няма. Мы гатовы да ўсіх выклікаў.

- Як Захаду дзейнічаць у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, які дазволіў Крамлю ператварыць Беларусь у ваенны плацдарм для сваёй агрэсіі?

- Захад павінен прымяняць да рэжыму Лукашэнкі тыя метады, якія выкарыстоўвае супраць Расеі. Гэтыя стратэгіі павінны ісці разам, каб перамагчы гэты, я б сказаў, адзіны рэжым. Няма ніякай розніцы паміж рэжымамі Пуціна і Лукашэнкам.

Больш за тое, я не думаю, на жаль, што Беларусь зараз з'яўляецца незалежнай дзяржавай. Рэжым Лукашэнкі цалкам залежым ад Масквы, на ўсе 100%. Няма там ніякай незалежнасці. Таму трэба сумесна працаваць па гэтых двух рэжымах, каб яны абрынуліся. І тады, ведама, усё можа змяніцца.

- Каму будзе лягчэй пазбавіцца ад дыктатуры - беларусам ці расейцам?

- Беларусі было б лягчэй. Для таго, каб змяніць Расею як дзяржаву, грамадству, як я гэта бачу, патрэбны другі працэс Нюрнберга і рэальная дэнацыфікацыя. Гэта гучыць, вядома, дзіўна, калі Пуцін выкарыстоўвае гэты тэрмін у дачыненні да Украіны. Але неабходна правесці рэальную дэнацыфікацыю ці дэпутынізацыю па прыкладзе Нямеччыны.

Калі гэтага дасягнуць, дык Расею як дзяржаву і як грамадства, можна вылечыць. Без гэтага існуе вялікая магчымасць, як гэта здарылася пасля развалу Савецкага Саюза, прыходу да ўлады пэўных сіл, якія зараз дзейнічаюць у цені. Мала што зменіцца, пакуль не зменіцца грамадства.

У Беларусі працэсы будуць праходзіць нашмат лягчэй, калі гэты рэжым абрынецца. Шлях Беларусі будзе, вядома, складаным, але лягчэйшым за той, які чакае Расею. Я бачу магчымасць, каб Беларусь змянілася і без дэнацыфікацыі, і без Нюрнбергскага працэсу.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках