25 красавiка 2024, Чацвер, 10:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску ўсталявалі дошку памяці ў гонар сярэдняга сына Якуба Коласа

5
У Менску ўсталявалі дошку памяці ў гонар сярэдняга сына Якуба Коласа

Фотафакт.

У Менску на Вайсковых могілках адбылося адкрыццё дошкі ў гонар Георгія Канстанцінавіча Міцкевіча, сярэдняга сына Якуба Коласа, піша «Звязда». Юрка, як яго звалі ў сям'і, у 1940 годзе пасля заканчэння БДУ быў прызваны на службу ў Чырвоную армію, а неўзабаве пасля пачатку вайны з немцамі прапаў на фронце без вестак. Яму было 24 гады.

Дачка малодшага сына Якуба Коласа Міхася Марыя Міцкевіч падзялілася ўспамінамі бацькі пра перадваенныя дні, калі сям'я бачыла Юрку апошні раз:

«Мой бацька Міхась вельмі любіў брата Юрку – заўсёды раўняўся і хацеў быць падобным на яго. Ён расказваў пра іх апошнюю сустрэчу. Юра прыехаў у Менск, і яны разам пайшлі на спаборніцтвы ў стэндавай стральбе. Бацька з захапленнем успамінаў, як ён радаваўся, гледзячы на кавалачкі талерак, што разбіваліся пры трапных стрэлах Юркі.

Іх апошняя сустрэча адбылася 24 чэрвеня – Юра збіраўся ў ваенкамат. Ён папрасіў майго бацьку зберагчы ягоныя стрэльбы. Яны развіталіся, не ведаючы ў той момант, што гэта ўжо назаўжды.

Неўзабаве пачалася бамбёжка Менска. Сям'я пастанавіла пакінуць горад. Яны збіраліся вельмі хутка, беручы з сабой толькі неабходныя рэчы. Але бацька забраў стрэльбы і фотаапарат Юры.

Таварныя вагоны, Ляўкі, Падмаскоўе, Ташкент – бацька збярог гэтыя стрэльбы і быў вельмі ўзрадаваны, калі прыйшоў ліст ад Юры. У ім сярэдні сын Коласа напісаў: «Міхаська, дзякуй, што ты захаваў мае стрэльбы. Мы паб'ём гэтых фашыстаў. Я вярнуся дадому, і будзем разам хадзіць на паляванне, страляць качак». Але Юрка не вярнуўся».

Адкрыццё дошкі ў гонар Георгія Міцкевіча было праведзенае дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Куратаркай праекта стала праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч. Яна мяркуе, што ў час 140-годдзя з дня нараджэння класіка адкрыццё дошкі ў гонар ягонага сярэдняга сына на Вайсковых могілках – вельмі сімвалічная падзея.

Аўтарам мемарыяльнай дошкі стаў скульптар Максім Пятруль. На дошцы почыркам Якуба Коласа напісаныя драматычныя радкі: «Яфрэйтар Міцкевіч Георгій (Юрый) Канстанцінавіч // I.V.1917 – у верасні 1941 года прапаў без вестак пад Вязьмай».

Гэтыя словы цяпер будуць побач з мемарыялам усёй коласаўскай сям'і.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках