24 красавiка 2024, Серада, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайна асобаў: Стэфан Баторый супраць Івана Жахлівага

1
Вайна асобаў: Стэфан Баторый супраць Івана Жахлівага

Наш кароль нават выклікаў расейскага цара на дуэль.

Нарадзіўся Стэфан Баторый 27 верасня 1533 года ў мястэчку Жыладзішомльё ў Трансільваніі (сёння гэта горад Шымлеу-Сілваніей, Румынія). Ягоным бацькам быў вугорскі ваявода Трансільваніі Іштван IV, а маці – Кацярына Тэлегдзі, дачка вугорскага кароннага падскарбія Стэфана Тэлегдзі. Бацькі далі хлопчыку імя Іштван, аднак у гісторыю ён увайшоў пад імем Стэфан у польскай транскрыпцыі. Родавым гербам у Баторыяў была выява трох кіпцюроў/зубоў цмока, у чырванёным полі – тры срэбныя правыя кліны. Легенда расказвае, што продак роду падахвоціўся забіць цмока, які пасяліўся на мясцовых балотах, і атрымаў за гэта замак і герб, піша vklby.com.

Бацькі Стэфана Баторыя, як прадстаўнікі вугорскага шляхецтва, пастараліся даць сыну добрую адукацыю. Першыя азы ваеннай навукі юнак спасцігаў пры двары чэшскага і вугорскага караля Фердынанда I. Потым разам з ім выправіўся ў Італію, дзе скончыў Падуанскі ўніверсітэт. Падчас навучання Стэфан цудоўна вывучыў лаціну і пазней менавіта на гэтай мове меў зносіны са шляхтай ВКЛ.

Ваюючы на баку Фердынанда I супраць турак, Баторый патрапіў у палон, з якога Фердынанд I адмовіўся яго выкупляць. Правёўшы некаторы час у палоне ў туркаў, атрымаў вызваленне і вярнуўся на радзіму, дзе пайшоў на службу да князя Трансільваніі Іяана Жыгімонта Запольскага. Потым яго на службе адправілі паслом да немцаў, дзе падчас пагаршэння стаункаў з Трансільваніяй ён быў арыштаваны і правёў тры гады ў турме, чытаючы і вывучаючы там розныя кнігі з гісторыі і ваеннай справы.

Пасля вызвалення Стэфан вярнуўся на радзіму. У 1571 годзе ён стаў князем Трансільваніі. У 1576 годзе ў няпростай палітычнай сітуацыі, калі Рэч Паспалітая з прычыны ўцёкаў Генрыха Валуа (каб паспець сесці на французскі пасад) засталася фактычна без караля, Стэфан Баторый вылучыў сваю кандыдатуру. І пры падтрымцы сярэдняй і дробнай польскай шляхты ён стаў вялікім князем літоўскім і каралём польскім. Пры гэтым яму давялося пагадзіцца з катэгарычнай умовай ягонага абрання на пасад, Стэфан абавязаны быў ажаніцца з Ганнай Ягелонкай, сястрой Жыгімонта II Аўгуста. Нявеста была старэйшая за жаніха на 10 гадоў і на той момант ёй было 50 гадоў.

Далейшыя падзеі развіваліся на фоне Лівонскай вайны, якая ішла ў той час, прычым поспех на тым этапе спадарожнічаў Масковіі. Аднак з прыходам Баторыя сітуацыя памянялася. Стэфану патрэбнае было моцнае войска, і ён пачаў трансфармацыю, запрашаючы ў войска прафесійных вугорскіх, нямецкіх, швэйцарскіх і іншых наймітаў. Ён заклікаў таксама вугорскіх і югаслаўскіх коннікаў, званых рацамі, з якіх пасля і ўтварылася элітная кавалерыя Царства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, знакамітыя крылатыя гусары. Стэфан пераламаў зыход вайны на карысць ВКЛ. Ён здолеў вызваліць захопленыя Масквой усходнія землі Вялікага Княства Літоўскага, а 30 жніўня 1579 года быў вызвалены ключавы горад усходніх межаў ВКЛ Полацак. Пасля Полацка вайна перайшла ўжо на тэрыторыю Маскоўскага княства.

Для Стэфана Баторыя гэта была яшчэ і асабістая вайна з Іванам Жахлівым. Ён слаў яму лісты, у якіх выкрываў расейскага цара ў крыважэрнасці, у тым, што той усіх сваіх падданых знішчае і кіруе імі не як роўнымі сабе, а як быдлам. Да лістоў ён прыкладваў кнігі, якія выдаваліся ў Еўропе пра Івана Жахлівага, і ў адным з лістоў нават выклікаў цара на дуэль. Зразумела, Іван Жахлівы нічога не адказаў Баторыю. У адрозненне ад расейскага цара Баторый асабіста ўдзельнічаў у ваенных паходах і аблогах гарадоў, і паводзіў сябе не як кароль, а як звычайны салдат, засынаючы ў паходнай пасцелі і выкарыстоўваючы замест каралеўскага крэсла простую паходную бочачку.

Пасля перамогі замест Вавельскага замка ў Кракаве Стэфан Баторый зноў вярнуўся ў Гародню, дзе перарабіў гарадскі замак пад рэзідэнцыю караля Рэчы Паспалітай. Адпаведна ўвесь час, пакуль ён жыў там, фактычнай сталіцай Рэчы Паспалітай была Гародня.

Кароль апекаваўся каталіцызмам і ўсяляк падтрымліваў каталіцкае духавенства. Таму нядзіўна, што пры ім з'явілася шмат езуіцкіх школаў, дзе рыхтавалі пісьменных выканаўцаў для шматлікіх рэформаў. 1 красавіка 1579 года кароль выдаў прывілей, паводле якога езуіцкая калегія ў Вільні пераўтваралася ў Акадэмію і Віленскі ўніверсітэт. За пяць гадоў былі пабудаваныя езуіцкія калегіумы ў Полацку, Нясвіжы, Любліне, Рызе, Калішы, Львове і Дэрпе. Яны былі б пабудаваныя ў Гародні і Берасці, але ў ордэна проста не хапіла рэсурсаў.

У 1582 годзе Стэфан Баторый увёў выкарыстанне грыгарыянскага календара, якім мы карыстаемся да гэтага часу (у Расеі ён быў уведзены толькі ў 1918 годзе).

Нягледзячы на сваё жаданне ўзмацніць каралеўскую ўладу, Баторый усё ж прытрымліваўся сваіх абяцанняў і правілаў. Так, ён прызнаваў, што ВКЛ – гэта самастойная дзяржава ў складзе канфедэрацыі, а яшчэ ён не прызначаў палякаў ваяводамі і галоўнымі камандзірамі ў войска ВКЛ.

Хутчэй за ўсё, Баторый рыхтаваўся да новай вайны з Маскоўскім княствам, паколькі хацеў вярнуць страчаныя раней межы ВКЛ. Нечаканая смерць перашкодзіла планам. 12 снежня 1586 г. ён памёр у сваім каралеўскім замку ў Гародні. Каб высветліць прычыну смерці караля, лекары правялі першае ва Усходняй Еўропе анатамічнае ўскрыццё. Прычыны так і не былі вызначаныя, але хутчэй за ўсё памёр кароль ад цырозу печані, паколькі ўжываў занадта шмат віна. Стэфана Баторыя пахавалі ў Гародні, але потым яго рэшткі перапахавалі ў Кракаўскім Вавельскім замку. Імя Стэфана Баторыя адзін час насіў універсітэт у Вільні, а вось цэнтральныя вуліцы ў Вільні і Гародні да гэтага часу называюцца ў ягоны гонар.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках