24 красавiка 2024, Серада, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Бутусаў: Цяжкія баі ідуць за кожны кіламетр

15
Юрый Бутусаў: Цяжкія баі ідуць за кожны кіламетр
Юрый Бутусаў

Увесь свет бачыць, што ўкраінскае войска здольнае біць ворага.

Украінскі журналіст, галоўны рэдактар сайта "Цензор.нет" Юрый Бутусаў, які доўгі час знаходзіўся на перадавой, расказаў сайту Charter97.org пра сітуацыю на франтах вайны:

- Сітуацыя стратэгічна не мяняецца. Украіна вядзе дастаткова моцны супраціў і барацьбу. Расея не можа нідзе здзейсніць прарыў. Захоўваецца арганізацыя, кіраванне, забеспячэнне, баяздольнасць нашых войскаў. Таму такіх радыкальных змен сітуацыі няма.

Працягваецца ўжо больш за тры месяцы расейскі наступ на Данбасе. Яны за гэты час рушылі наперад, вядома, але іх дасягненні не ўражваюць, мякка кажучы. Расея праціскае нашу абарону, ідуць цяжкія баі за кожны кіламетр і расейскія войскі нясуць вялікія страты.

Сітуацыя вельмі складаная і цяжкая, але паколькі сучасная барацьба ідзе не за тэрыторыю, а за нанясенне паразы, то ключавы фактар - баяздольнасць войскаў супраціўніка. Безумоўна, у гэтай барацьбе ў нас ёсць вялізныя дасягненні, поспехі. На жаль, усё гэта - коштам вельмі вялікіх ахвяр. Гэта нам не дазваляе казаць, што ўсё кантралюецца, усё стабілізавана. Мы робім усё магчымае, супраціў працягваецца. Але, на жаль, пакуль Расея наступае за кошт тэхнічнай перавагі.

- Чаго не стае УСУ для таго, каб пераламаць наступ войска РФ?

- Рэч у тым, што заўсёды патрэбная падрыхтоўка да вайны. Перш за ўсё, неабходны запасы ўзбраення: баявой тэхнікі, боепрыпасаў. Мы іх практычна не рыхтавалі, запасы былі мінімальныя. У некаторых паказчыках увогуле адсутнічалі нейкія запасы. Гэта значыць, не было падрыхтоўкі да вайны, а Расея да яе рыхтавалася мэтанакіравана. У іх ёсць перавага ў боепрыпасах, ва ўсіх відах баявой тэхнікі, ракетах, многіх тыпах сродкаў паразы. Таму нам складана з гэтым змагацца. Але зараз будуць пастаўкі новай баявой тэхнікі, заходняй баявой тэхнікі, пастаўкі ад краін NATO. Яны паступова выраўноўваюць гэтую няроўнасць і Расеі ўсё цяжэй і цяжэй працягваць баявыя дзеянні.

- Вы на свае вочы бачылі гераізм украінскіх ваяроў на перадавой. Маглі б расказаць нам нейкія прыклады, якія вам запомніліся.

- Гераізм носіць масавы характар. Безумоўна, ёсць людзі якім цяжка, якія слабыя духам, не падрыхтаваныя. Такое бывае. Да вайны быць гатовым заўсёды, на жаль, нельга. Але ўся гэта лінія фронту, якую вы бачыце, гэта дзякуючы таму, што хтосьці дзесьці прымае пастанову закапацца, закапацца, арганізаваць назіранне, арганізаваць сістэму агню, узаемадзеянне, сувязь, кіраванне, забеспячэнне. Усё гэта - велізарная праца сотняў тысяч людзей, гэтая лінія фронту на мапе. Яна абсалютна не выпадковая. І за кожнай з гэтых мясцін стаяць валявыя, смелыя людзі з нейкімі навыкамі, якія вучацца, якія імкнуцца як мага лепш бараніць сваю радзіму. Таму гераічнасць носіць масавы характар.

Увесь час бачу людзей, якія не адыходзяць, не здаюцца, не адыходзяць і выяўляюць гераізм, часам зусім надзвычайны, уступаючы ў бой з ворагам, які пераўзыходзіць у шмат разоў. Такіх выпадкаў - сотні за час вайны, паколькі практычна ўсюды перавага расейскага войска ў баявой тэхніцы носіць пераважны характар. І ўсюды, каб іх здушыць або знішчыць, паказваюцца валявыя якасці невялікай колькасці людзей.

- У апошні час ўкраінскія салдаты даволі паспяхова контратакуюць на паўднёвым і харкаўскім кірунках. Як гэта мяняе аператыўную сітуацыю?

- Безумоўна, яна мяняецца. Перш за ўсё, уся краіна і ўвесь свет бачаць, што ўкраінскае войска здольнае біць ворага.

Чаму для нас так важна паказваць поспехі? Таму што ўвесь свет, які нас падтрымлівае, разумее, што Украіна - гэта не Афганістан, гэта краіна, якая можа сябе абараніць. І падтрымка Украіны - гэта падтрымка поспехаў. Гэта поспех, які абавязкова будзе. Украіна абавязкова будзе моцнай і зможа сябе абараніць. І потым, я ўпэўнены, будзе мець такую ж сілу для пабудовы сучаснай і эфектыўнай дзяржавы.

- Калі, на вашую думку, Украіна зможа пачаць поўнамаштабны контрнаступ, які зможа вызваліць захопленыя тэрыторыі.

- Пакуль нават сама пастаноўка такога пытання нелагічная. Мы ваюем супраць адной з найбольш узброеных краін свету. Не хачу сказаць, што яна наймацнейшая, бо мы ўсе разумеем, што баяздольнасць расейскага войска значна ніжэйшая за ўкраінскую. Відавочна, што гэта ўжо далёка не наймацнейшае войска свету.

Тым не менш, запасы ўзбраення ў іх каласальныя. Мы павінны знішчыць з дапамогай сучаснай зброі і нашых прафесійных вайскоўцаў ударныя групоўкі расейскага войска. Як толькі яны будуць знішчаныя, тады лагічна будзе задаваць пытанне наступу.

Цяпер трэба разумець, што перавага расейскага войска ва ўзбраенні і боепрыпасах як была, так і захоўваецца. І гэты разрыў - у шмат разоў.

Для таго, каб знішчыць расейскае войска, ім трэба нанесці значна больш страт. Пасля гэтага пытанне наступальных аперацый будзе лагічна абмяркоўваць. Пакуль мы бачым, што недзе наступальныя аперацыі праводзяцца, але гэта не мае масавага характару.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках