24 красавiка 2024, Серада, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рынат Ахметаў падасць пазоў супраць Расеі за захоп заводаў у Марыюпалі

7
Рынат Ахметаў падасць пазоў супраць Расеі за захоп заводаў у Марыюпалі

Сума пазову складзе блізу $20 млрд.

Украінскі мільярдэр Рынат Ахметаў мерыцца падаць пазоў супраць Расеі як мінімум на $ 17-20 млрд праз разбурэнне прамысловых аб'ектаў на тэрыторыі Марыюпальскага металургічнага камбіната імя Ільіча і "Азоўсталі". Аб гэтым ён паведаміў у інтэрв'ю НВ.

"Паводле ўзнаўленчай вартасці страты ММК імя Ільіча і "Азоўсталі" праз расейскую агрэсію складаюць ад $17 млрд да $20 млрд. Канчатковая сума будзе вызначаная ў пазоўнай заяве ў Расею", - сказаў ён.

Страты бізнэс-імпэрыі Ахметава не абмяжоўваюцца гэтымі двума заводамі. Пасля пачатку вайны ва Украіне Аўдзееўскі коксахімічны завод, Луганская ЦЭС і дзясяткі іншых аб'ектаў прамысловай інфраструктуры і зялёнай энэргетыкі былі часткова або цалкам знішчаныя, альбо былі вымушаныя спыніць дзейнасць.

«Капіталізацыя гэтых аб'ектаў да пачатку вайны складала дзясяткі мільярдаў даляраў. Адназначна мы выставім пазовы да Расеі і будзем патрабаваць належную кампенсацыю ўсіх страт і страчанага бізнэсу. Ужо цяпер актыўна вядзецца карпатлівая юрыдычная работа ў гэтых пытаннях», - сказаў Ахметаў.

Паводле ягоных слоў, прыярытэтамі кампаніі SCM, якая з'яўляецца самай вялікай інвестыцыйнай групай Украіны і кіруе актывамі Ахметава, з'яўляецца аднаўленне прамысловага патэнцыялу і забеспячэнне энэргетычнай незалежнасці.

Прадпрыемствы групы "Метінвест" Рыната Ахметава будуць павялічваць выраб металургічнай прадукцыі, каб кампенсаваць страту "Азоўсталі" і ММК, а энэргетычны холдынг ДПЭК - развіваць зялёную энэргетыку і нарошчваць здабычу газу і вугалю.

Са слоў Ахметава, ягоныя структуры выдалі на гуманітарную дапамогу Украіне 100 млн еўраў. 70% гэтых сродкаў ужо выдаткавана. Мільярдэр адзначыў, што ягоныя металургічныя камбінаты дапамагаюць украінскай арміі, вырабляючы супрацьтанкавыя вожыкі ды сталь для бронекамізэлек.

Рынат Ахметаў даўно безвынікова судзіцца з Расеяй праз адабраныя актывы. У Крыме ва ўкраінскага алігарха былі нацыяналізаваныя дзве рэзідэнцыі на паўднёвым беразе, пазней іх у крымскіх уладаў выкупіў за стартавую цану 2 млрд рублёў "Газпром", пісала "Новая газета". У холдынгу Ахметава System Capital Management заяўляюць, што нацыяналізацыя маёмасці была праведзеная незаконна. Паводле звестак SCM, ніякай кампенсацыі за захоп выплачана не было.

“SCM не вядзе і не плануе весці ніякіх перамоў з мясцовымі ўладамі. Усе маёмасныя дзеянні з актывамі SCM у Крыме мы ўважаем за незаконныя і неадпаведныя міжнароднаму праву», - падкрэслілі ў холдынгу.

У снежні 2019 года сайт "Настоящее время" паведаміў са спасылкай на прэсавую службу SCM, што ў сувязі з адчужэннем рэзідэнцыі "Новы Кучук-Кой" у Крыме кампанія Ахметава ініцыявала інвестыцыйны арбітраж супраць Расейскай Федэрацыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках