19 красавiка 2024, Пятніца, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Снапкоў: Заходнія санкцыі ўдарылі па ўсёй эканоміцы Беларусі

26
Снапкоў: Заходнія санкцыі ўдарылі па ўсёй эканоміцы Беларусі

Са слоў першага віцэ-прэм'ера, санкцыі маюць характар задушэння.

Санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі, маюць характар задушэння. Аб гэтым заявіў першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, выступаючы на супольным пасяджэнні «палаты прадстаўнікоў» і «савета рэспублікі», піша БелТА.

«Новыя санкцыі, якія ўжытыя да нашай краіны, носяць беспрэцэдэнтны маштаб, фактычна характар задушэння. Канчатковая задума Захаду - нанесці ўдар па ўзроўні жыцця нашых людзей, выклікаць іх незадаволенасць, сацыяльную напружанасць праз паслабленне патэнцыялу ключавых галін і сфэр эканомікі», - сказаў ён.

Ён зазначыў, што ўведзеныя санкцыі супраць беларускіх угнаенняў, нафтапрадуктаў, іншых тыпаў прадукцыі. Сур'ёзны ўдар атрымала авіяцыйная галіна.

«20 адсоткаў беларускай эканомікі наўпрост пацярпелі ад санкцый, ускосна пацярпела астатняя частка эканомікі», - сказаў ён.

Першы віцэ-прэм'ер расказаў аб каналах уплыву санкцый. Размова ідзе аб забароне на экспарт, абмежаваннях на пастаўкі тэхналогій і абсталявання, што ў сярэднетэрміновай перспектыве замарудзіць развіццё. Яшчэ адзін канал - адлучэнне ад SWIFT шэрагу вялікіх банкаў, забарона аперацый з Нацыянальным банкам, абмежаванне доступу на фінансавыя рынкі.

«Праз прамысловасць санкцыі ўплываюць на спадарожныя сэктары, асабліва на гуртовы гандаль і таварныя перавозкі. У будаўніцтве санкцыі паўплывалі ўскосна - праз нястачу фінансавых рэсурсаў за кошт закрыцця замежнага фінансавання і звужэнне ўнутраных крыніц. Акрамя гуртовага гандлю і транспарту ў сфэры паслуг найбольш пацярпелі банкавы сэктар і ўсе сфэры, звязаныя з турызмам», - сказаў ён.

Краіна рызыкуе недаатрымаць 14 млрд даляраў экспартнага даходу праз санкцыі ды вайну ва Украіне. Экспарт можа зменшыцца на 30%.

«Толькі праз дырэктыўнае санкцыйнае ўздзеяння за чатыры месяцы мы недаатрымалі 2,3% УБП. Негатыўны ўплыў непрыязных дзеянняў нарастае… З чэрвеня прэміяльны еўрапейскі рынак будзе замкнёны для драўніны, чорных металаў і вырабаў з іх, цэменту, шын, а гэта блізу 1,8 млрд даляраў экспартнага даходу. У цэлым санкцыйныя абмежаванні і страта ўкраінскага рынку ацэньваюцца на 14 млрд даляраў страт экспартнага даходу да канца года і блізу 30% зніжэння экспарту», - дадаў віцэ-прэм'ер.

Адзначым, што Мікалай Снапкоў аперуе звесткамі першага квартала, у той час як шэраг санкцый былі ўведзены толькі ў другой палове месяца, а дзейнічаць пачнуць толькі ў чэрвені.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках