У розных гарадах Беларусі закрываюцца «цюбецейкі»
13- 25.05.2022, 14:33
- 13,674
Там можна было набыць таннае адзенне і абутак.
У Слуцку і Ганцавічах закрыліся некаторыя «азіяцкія» крамы з танным адзеннем і абуткам, паведамляе nashaniva.com. Магчыма, аб закрыцці гэтай сеткі з 240 крамаў расказваў учора дзяржкантроль.
Як піша Kurjer.info, у Слуцку на вуліцы Леніна закрылася крама «Смешныя цэны», на Максіма Багдановіча - «Свет адзення і абутку», на 14 Партызан - новая крама насупраць «Санты».
Усе гэтыя крамы (у народзе іх называюць «цюбецейкі») прадавалі таннае адзенне і абутак.
Як удалося высветліць «Кур'еру», падатковая працуе з названымі крамамі, праводзіць адміністрацыйныя працэдуры.
Прадаўцы слуцкіх «цюбецеек», з якімі ўдалося перагаварыць, сказалі, што іх не звольнілі, а проста сказалі пакуль пачакаць.
Ёсць праблемы ў крамах танных тавараў і ў іншых гарадах Беларусі. Напрыклад, у Ганцавічах таксама закрыліся некалькі павільёнаў. Мясцовыя журналісты пішуць, што працаўнікоў гэтых крамаў, гэтак жа, як і случчакоў, пакуль не звольнілі.
«Ганцавіцкі час» расказвае, што першая «цюбецейка» з'явілася ў Ганцавічах у 2017 годзе. Прыкладна з 2016 года крамы нізкіх коштаў сталі з'яўляцца па ўсёй краіне.
Перш за ўсё яны сталі канкурэнтамі для прадпрымальнікаў з рынкаў, якія неаднаразова ставілі перад МАРГ пытанне аб нядобрасумленнай канкурэнцыі.
Яшчэ ў студзені 2018 года ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю прайшла сустрэча, на якой прадпрымальнікі з удзелам міністра Уладзіміра Калтовіча абмеркавалі праблемы крамаў, адкрытых у Беларусі гандлярамі з краін Цэнтральнай Азіі.
Прадпрымальнікі казалі, што без парушэння закону гандляваць такімі нізкімі коштамі немагчыма. Са слоў удзельніка сустрэчы з міністрам, лідара прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі, «занепакоіліся нарэшце і дзяржаўныя чыноўнікі».
Але крамы прадаўжалі працаваць.