29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Будаўніцтва стала слабым звяном беларускай эканомікі

1
Будаўніцтва стала слабым звяном беларускай эканомікі

Дынаміка ў будаўніцтве паскарае яе спад.

У 2021 годзе пачалося падзенне валавой даданай вартасці ў будаўнічым сектары. У 2022-м, нягледзячы на нізкую базу, зніжэнне прадоўжылася. Паводле вынікаў траціны года ні ў адным з чатырох месяцаў не было зафіксавана росту даданай вартасці, піша сайт banki24.by.

За студзень – красавік даданая вартасць у цэлым у эканоміцы скарацілася на 2%, а асобна ў будаўніцтве ўпала на 9,4% да ўзроўню 2021 года і гэта стала найгоршым вынікам сярод публікаваных пазіцый.

Унёсак будаўніцтва ў дынаміку ВУП за 4 месяцы склаў блізу -0,4 п.п. Іншымі словамі, пры нулявой дынаміцы ў будаўніцтве падзенне ВУП у студзені – красавіку магло скласці не 2,1% (як у Белстата), а 1,7%.

У красавіку даданая вартасць у будаўніцтве зменшылася прыкладна на 16% да красавіка-2021. Унёсак секцыі ў дынаміку ВУП склаў -0,8 п.п. (найгоршы вынік за 4 месяцы).

Інвестыцыйная актыўнасць

За 4 месяцы 2022 года рэальныя інвестыцыі ў асноўны капітал у Беларусі знізіліся на 10,2% да ўзроўню мінулага года. У студзені – красавіку 2021 года таксама было падзенне да супастаўнага перыяду – на 10,9%.

У красавіку-2022 інвестыцыі ў асноўны капітал знізіліся на 20,9% да красавіка-2021. Скарачэнне адбылося да нізкай базы мінулага года: у красавіку-2021 была прасадка да красавіка-2020 на 5,9%.

Паводле вынікаў 4 месяцаў скараціліся абодва асноўныя кампаненты рэальных інвестыцый: будаўніча-мантажныя працы сціснуліся на 11,6% да 2021 года, затраты на набыццё машынаў, транспарту і абсталявання – на 10,5%. Гэтыя кампаненты інвестыцый таксама падалі ў студзені – красавіку 2021-га да 2020-га – на 11,5% і 11,1% адпаведна.

Рух кадраў і заробкі

Паводле вынікаў 1 квартала сярэднеспісачная колькасць супрацоўнікаў у флагманаў галіны ўпала на 8,2% да ўзроўню 2021-га. Параўнайце: сярэдняе скарачэнне спісаў флагманаў у краіне склала 2, 9%.

У студзені – сакавіку буйныя і сярэднія кампаніі галіны звольнілі 11,5 тыс. чалавек, а прынялі на працу 7,8 тыс. Такім чынам, чысты адток кадраў з флагманаў галіны дасягнуў 3,7 тыс. чалавек.

За 3 месяцы каэфіцыент замяшчэння звольненых супрацоўнікаў прынятымі склаў у будаўніцтве 67,7%. У сярэднім у эканоміцы каэфіцыент быў істотна вышэйшы – 91,7% (917 прынятых на 1000 звольненых).

Сярэдні налічаны заробак у будаўніцтве за 4 месяцы 2022 года склаў 1502 BYN (да выліку падаходнага падатку і ўнёску ў ФСАН 1%). У параўнанні з 2021 годам рэальны заробак вырас на 0,2% (пры +2% у эканоміцы).

У красавіку рэальны заробак у галіне знізіўся на 7,7% да 2021 года (пры -4,5% у эканоміцы). Росту рэальнага заробку перашкаджала паскарэнне інфляцыі ў РБ. Скарачэнне рэальнага заробку адбылося да нізкай базы мінулага года: у красавіку-2021 назіралася падзенне на 0,3% да красавіка-2020.

Стан фінансаў і разлікаў

Прыбытак у флагманаў галіны за 1 квартал вырас у намінале на 11,7%. Але за той самы перыяд кошты ў будаўніцтве павялічыліся на 16,8%. Таму ў рэальным выразе прыбытак будсектара скараціўся да 2021 года.

Прыбытак флагманаў ад рэалізацыі прадукцыі знізіўся нават у намінале – на 46,7%. З улікам росту коштаў у будаўніцтве рэальны прыбытак упаў да мінулага года больш як у 2 разы.

Сярэдняя рэнтабельнасць продажаў у флагманаў будсектара знізілася з 9% у 2021-м да 4,3% у 2022-м. Паводле ацэнак, сярэдні паказнік за сакавік-2022 склаў усяго 0,1%.

Паводле вынікаў 1 квартала 34,8% флагманаў галіны былі нерэнтабельныя (панеслі страты з продажаў), а 36,5% паказалі рэнтабельнасць продажаў у межах 0-5%.

Блізу 10,7% флагманаў галіны мелі рэнтабельнасць продажаў 10+%, блізу 3,3% флагманаў – рэнтабельнасць 20+% і толькі 1,9% – рэнтабельнасць 30+%. Паказнікі ў эканоміцы ў цэлым былі лепшыя – 27,5%, 9,3% і 4,1% адпаведна.

На 1 красавіка сумарныя запазычанасці флагманскіх кампаній склалі 7,469 млрд BYN, з якіх пратэрмінаваныя былі 995,5 млн BYN. За 3 месяцы флагманы галіны накіравалі на выплату крэдытаў і пазык 526,1 млн BYN, што на 21,4% больш, чым у 2021-м (рост у эканоміцы – 0,4%).

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках