29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Амерыканскія горкі»: Што адбываецца з беларускім і расейскім рублём?

30
«Амерыканскія горкі»: Што адбываецца з беларускім і расейскім рублём?

Нервовы смех Лукашэнкі на сустрэчы з Пуціным быў нездарма.

"Рубель умацоўваецца шалёнымі тэмпамі" – з гэтымі словамі Аляксандра Лукашэнкі, сказанымі на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, цяпер складана спрачацца. Скачок курса тым больш дзіўны, калі ўзяць да ўвагі маштабныя міжнародныя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расеі. Але ў гэтага "цуду" ёсць адваротны бок, піша "Салідарнасць".

23 лютага за 1 амерыканскі даляр давалі 80 рублёў. Адразу пасля пачатку вайны адбыўся крах расейскай валюты: даходзіла да 120 "драўляных" за "зялёны".

Але потым адбыўся разварот. І на момант публікацыі гэтага артыкула ў РФ паводле афіцыйнага курсу даляр каштуе менш за 57 рублёў! Гэта значна менш, чым нават да "спецаперацыі".

Беларускі рубель, хоць і арыентуецца на кошык валютаў, але ў найбольшай ступені залежыць ад расейскага. Таму наша валюта шмат у чым паўтарае траекторыю расейскай: 23 лютага даляр каштаваў 2,64 рубля, 16 сакавіка – 3,32, а 24 траўня – 2,46.

Чым тлумачыцца такая "загагуліна"

1. Неўзабаве пасля пачатку вайны ў Расеі былі ўведзеныя абмежаванні на набыццё валюты.

2. Паралельна там упаў імпарт.

3. ...і вырас экспарт – праз скачок коштаў, перш за ўсё, на энэрганосьбіты.

Як вынік, попыт на даляры і еўры рэзка ўпаў, а прапанова вырасла. У такіх умовах расейскі рубель (а з ім і беларускі) пачаў умацоўвацца нябачанымі тэмпамі.

Чаму гэта непакоіць Лукашэнку

"Як бы мы тут не перабралі! " – дадаў кіраўнік Беларусі наконт умацавання рублёў. Здавалася б, чым дрэнна, калі даляр і надалей будзе таннець?

Насамрэч гэта стварае праблемы. Для расейскай дзяржавы выгодны даволі слабы рубель: бо большую частку прыбыткаў бюджэт атрымлівае ў далярах і еўрах, а выдаткоўвае ў рублях. У выніку цяпер ствараецца няхілы дэфіцыт бюджэту. Тое самае, няхай у меншай ступені, тычыцца і Беларусі.

Што будзе далей

Таму ў агляднай будучыні чакаецца разварот. Эксперты мяркуюць, што да канца года афіцыйны курс Цэнтрабанка РФ будзе ў раёне 75–80 расейскіх рублёў за даляр. Беларуская валюта таксама патаннее.

Зрэшты, гэтыя прагнозы не бяруць да ўвагі "палітычныя сюрпрызы", на якія Крэмль такі здольны. Таму чакаць можна і 100, і 150 расейскіх рублёў за даляр.

Цяперашні курс, дарэчы, даволі ўмоўны. Яшчэ ў красавіку старшыня Падліковай палаты РФ Аляксей Кудрын прызнаў: "Расейскі рубель ужо не з'яўляецца свабодна канвертаванай валютай".

The Bell адзначае: "Для фізічных асобаў біржавы курс даляра застаецца ў значнай ступені віртуальным. Праз абмежаванні ЦБ усю валюту, набытую пасля 9 сакавіка на біржы або ў дадатках банкаў, можна зняць гатоўкай толькі ў рублях. Адзіны спосаб атрымаць гатовую валюту – абмяняць на яе рублі ў касе банка, але ў гэтым выпадку курс будзе ўжо далёкім ад біржавога: напрыклад, у Ашчадбанку 19 траўня даляр прадаваўся за 78,49 рублёў – на 16 рублёў больш, чым на біржы" .

Увогуле, пасля піка расейскі рубель рана ці позна сыдзе ў піке. Беларуская валюта таксама будзе слабець.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках