29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Заявы Лукашэнкі могуць служыць падставай для ўступлення беларускага войска ў вайну

18
Экспэрт: Заявы Лукашэнкі могуць служыць падставай для ўступлення беларускага войска ў вайну

Шмат хто ў Расеі даўно заяўляе, што трэба перарэзаць каналы паставак заходняй зброі ва Украіну.

Заявы Лукашэнкі, быццам Польшча хоча захапіць Заходнюю Украіну, (і Заходнюю Беларусь, вядома ж) можна ігнараваць, як ягоную звычайную балбатню, але трэба зафіксаваць некалькі важных аспектаў, піша ў сваім Telegram-канале палітычны аналітык Віталь Цыганкоў.

Па-першае, відавочнае жаданне пасварыць Польшчу з Украінай. На сёння менавіта Польшча дэманструе найбольшую салідарнасць і найбольшую дапамогу Украіне. Гэтыя краіны і народы, адкінуўшы ўсе свае гістарычныя прэтэнзіі, маюць цяпер, мабыць, найлепшыя стасункі ў сваёй двухбаковай гісторыі.

Па-другое, традыцыйная палонафобія Лукашэнкі. Яе нельга схаваць, яна прарываецца і ў словах і ў дзеяннях, нават тады, калі для гэтага няма непасрэдных палітычных прычын. А тут яшчэ была магчымасць падцяпліць традыцыйную палонафобію Пуціна і расейскай палітычнай эліты. «Мялі, Ямеля», гадасці аб Польшчы - вялікі брат ацэніць.

Па-трэцяе, вобраз «страшнай і агрэсіўнай» Польшчы патрэбны Лукашэнку, каб давесці Пуціну, што беларускае войска тут упарта ахоўвае заходнія рубяжы «саюзнай дзяржавы» перад тварам страшнага ворага, які марыць захапіць Заходнюю Украіну і Беларусь.

Ну і апошняе - хацелася, каб гэта было толькі версіяй. Заявы аб намеры Польшчы захапіць Заходнюю Украіну могуць служыць падставай і падставай для ўступлення беларускага войска ў вайну на тэрыторыі Украіны. Маўляў, мы ідзем вызваляць украінцаў ад магчымага нападу палякаў. Менавіта паводле такой схемы Лукашэнка ўжо тлумачыў, чаму напад на Украіну вёўся з беларускай тэрыторыі («я вам пакажу...»).

Шмат хто ў Расеі даўно заяўляе, што трэба перарэзаць каналы паставак заходняй зброі ва Украіну. А стратэгічна зрабіць гэта магчыма толькі адкрыццём другога фронту - нападам з Беларусі ў кірунку Львова. Спадзяемся, гэтага ўсё ж не адбудзецца, і на сёння гэта малаімаверна. Але факт, што ідэалагічную глебу для гэтага яны ўжо падрыхтавалі - «абараніць украінцаў ад палякаў».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках