19 красавiка 2024, Пятніца, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Стасункі беларускіх уладаў з бізнэсам – усё роўна, што стасункі алкаголіка з адкаркаванай бутэлькай»

6
«Стасункі беларускіх уладаў з бізнэсам – усё роўна, што стасункі алкаголіка з адкаркаванай бутэлькай»

Цярпення стае на час, пакуль не захочацца выпіць.

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» расказаў пра тое, ці варта верыць абяцанням з высокіх кабінетаў не «кашмарыць» прыватніка:

– На днях міністр эканомікі Чарвякоў сказаў, што паводле іхніх папярэдніх ацэнак ВУП Беларусі за чатыры месяцы знізіўся не больш чым на 2%. І, беручы да ўвагі, што за два месяцы ВУП крыху вырас, а паводле вынікаў трох месяцаў амаль не змяніўся, гэта азначае, што канкрэтна ў красавіку беларуская эканоміка паводле грубых прыкідак асела на 6–8%.

То-бок калі некаторыя злыя людзі гавораць, што расейская эканоміка ўпадзе на 20%, трэба разумець, што беларуская эканоміка ад яе не адстане. А хутчэй за ўсё, нават і абгоніць. Таму што беларускі ўрад свае антыкрызісныя спадзяванні ўскладае на расейскі рынак. А пры такіх тэмпах падзення на расейскім рынку месца на ўсіх не стане. А ўнутраны беларускі рынак, пры інфляцыі амаль 17%, таксама эканоміцы не памочнік.

Затое беларускі ўрад цяпер пры справе. Міністр Чарвякоў сказаў, што яны працуюць 24/7 над складаннем планаў структурнай перабудовы эканомікі. З адчуванняў, праўда, абстаноўка на эканамічных франтах мяняецца хутчэй, чым планы паспяваюць прайсці ўсе стадыі ўзгадненняў, але росту планавытворчасці гэта ж не перашкаджае. А нават наадварот. Можна напісаць яшчэ больш планаў.

Нельга сказаць, што беларускія ўлады не робяць нічога, акрамя павелічэння дакументазвароту. Яны нават крыху наступілі на горла ўласным прынцыпам. Вось адкрылі межы для беларускіх грамадзянаў, каб альтэрнатыўна занятыя грамадзяне згадалі чоўнавы досвед 90-х.

Для замежных грамадзянаў таксама эксперыментальна адкрылі межы, каб падтрымаць айчынную нафтаперапрацоўку. Таму што ўнутраны рынак не гумовы, а цыстэрнаў, дзе можна захоўваць лішні бензін ужо відаць не стае.

А яшчэ сёй-той паабяцаў, што не будзе дабіваць IT. Вельмі своечасовае абяцанне, беручы да ўвагі, што IT наўрад ці ачуняе ад мінулых гарантый бяспекі.

І ўжо другі месяц нехта шукае каго-небудзь з IT, каб з ім сустрэцца і паразмаўляць за эканамічны росквіт. Але, здаецца, не можа знайсці нікога, акрамя тэарэтыкаў электронна-вылічальных машынаў з Акадэміі навук.

І вось калі ўрад расказвае пра структурную перабудову эканомікі і абяцае бізнэсу, што яго будуць кашмарыць значна менш, чым звычайна, мне нешта ўспамінаецца прымаўка пра немагчымасць змянення прыроднай афарбоўкі сабакі шляхам прымянення да яго стандартных водных працэдураў. Развагі пра дэкрыміналізацыю асобных відаў эканамічнай дзейнасці былі б больш пераканальнымі, калі б не арышты не апошніх у краіне банкіраў. І абяцанні гарантый IT можна было б паслухаць, калі б пры гэтым у краіне не закрывалі ЛАДЭ, каб зменшыць канкурэнцыю дзяржаўнай камерцыйнай ініцыятыве.

Але стасункі беларускіх уладаў з бізнэсам і ўсякай гэтай прыватнай ініцыятывай грамадзянаў – усё роўна як стасункі альтэрнатыўнага абстынента з адкаркаванай бутэлькай. Будзе трываць, пакуль не захочацца выпіць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках