20 красавiка 2024, Субота, 0:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка за крок ад самагубства

38
Лукашэнка за крок ад самагубства
КАЛАЖ: ТАІСІЯ ЗАРАНАВА/LIGA.NET

Навошта рэжым сцягвае войска да мяжы з Украінай?

Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка загадаў правесці «раптоўную праверку» сіл рэагавання і сцягвае спецназ да межаў з Украінай. Але вайсковага патэнцыялу Беларусі не выстарчыць для паспяховага нападзення на Украіну, сцвярджаюць апытаныя liga.net экспэрты.

Хутчэй за ўсё, Лукашэнка дзейнічае на ўказку Крамля і адцягвае ўвагу УСУ ад іншых кірункаў расейскага ўварвання. Але ўкраінскія спецслужбы адсочваюць перамяшчэнне беларускіх ССА.

Што з сябе ўяўляюць сілы спецыяльных аперацый Беларусі, якую пагрозу яны могуць несці Украіне і ці наважыцца Лукашэнка на адкрыты ўдзел у вайне Расеі - кароткі разбор украінскіх журналістаў.

Вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі абвясціла аб «раптоўнай» праверцы сіл рэагавання 4 траўня.

«Сэнс гэтай раптоўнай праверкі ў тым, каб мы нечакана вывелі часткі на выпадак вайны. Вось уявіце - агрэсія. Як яна будзе ажыццяўляцца? З заходняй або паўднёвай тэрыторыі? Мы некалькі сцэнараў бачым», — заявіў беларускі дыктатар 10 траўня.

Начальнік генштаба ўзброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч заявіў, што ў рамках «праверкі» сілы спецаперацый былі размешчаныя на трох тактычных кірунках, у тым ліку на мяжы з Украінай.

«Створаная Узброенымі сіламі Украіны групоўка на Паўднёвым аперацыйным кірунку агульнай колькасцю да 20 000 чалавек таксама патрабуе ад нас рэакцыі», — сказаў беларускі генерал.

Што менавіта перакідваецца да мяжы і ў якой колькасці - невядома. 10 траўня відавочцы фіксавалі перамяшчэнне вайсковай калоны з Менска ў Бабруйск, адкуль да мяжы з Украінай - да 230 км. У яе складзе заўважылі РСЗА «Смерч» пад брызентам і АТРК «Кропка-У».

Лукашэнка таксама абвясціў, што збіраецца купіць у Расеі ракетныя комплексы «Іскандэр». «Яны могуць быць задзейнічаныя для абароны нашай прасторы», — зазначыў дыктатар.

ССА Беларусі створаныя на аснове падраздзяленняў ПДВ і пятай брыгады спецназа ГРУ СССР. Міжнародны цэнтр абароны і бяспекі ацэньвае іх колькасць на 6000-7000 вайскоўцаў.

Гэта мабільная пяхота, заточаная пад верталётнае дэсантаванне, гаворыць беларускі вайсковы аглядальнік Ягор Лебядок. У 2015 годзе было вызначана прыкрываць за кошт ССА Паўднёвы кірунак.

Паводле звестак незалежнай беларускай прэсы, брыгады ССА неаднаразова бралі ўдзел у разгонах дэманстрантаў падчас пратэстаў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў - 2020.

Лебядок нагадаў, што пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі на тэрыторыю Украіны Лукашэнка распарадзіўся ўзмацніць заходнія межы Беларусі пяццю батальённымі тактычнымі групамі. І нават анансаваў нарошчванне сіл на мяжы да 10 БТГ.

«Але Украіна сарвала планы РФ. Эйфарыя прайшла, і на дзесяць БТГ забыліся. Цяпер Лукашэнка спрабуе вярнуцца да гэтай ідэі», — кажа ён.

Дыктатар Уладзімір Пуцін выкарыстоўвае тэрыторыю і Узброеныя сілы Беларусі для ўзмацнення напружання на граніцы з Украінай, перакананы лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

«Хутчэй за ўсё, гэтыя манеўры - проста адцягненне ўвагі для прыкрыцця расейскай агрэсіі на Данбасе і для адцягвання ўкраінскіх сіл», - тлумачыць Саннікаў у каментары для ўкраінскага выдання.

«Гэта адцягванне ўвагі Украіны на застрашванне з поўначы», — згодзен Лебядок. – Усе памятаюць, чым скончыліся расейска-беларускія «вучэнні» ў студзені-лютым. Ствараецца атмасфера палітычнага нагнятання».

У Офісе прэзідэнта Украіны ўважаюць перамяшчэнні беларускіх войскаў на мяжы «чарговай бліскучай інсцэніроўкай».

«Яна павінна давесці расейцам, што «беларусы Лукашэнкі - усё яшчэ іх браты, гатовыя падставіць плячо ў спробе вераломнай акупацыі», — кажа прадстаўнік Офіса прэзідэнта Украіны. Але асяроддзе Лукашэнкі выдатна ведае настроі ва ўласным войску і асабліва ў грамадстве, якое значна больш адэкватна глядзіць на тое, што адбываецца ва Украіне, таму «сапраўды разумее ўсе рызыкі ад усіх дзеянняў па ўцягванні РБ у рэальнае ваеннае злачынства, распачатае Расеяй».

Лукашэнка выконвае хатняе заданне ад Пуціна, але робіць гэта па-свойму, мяркуе сябра парламенцкага камітэта ў пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны Фёдар Веніслаўскі («Слуга народа»).

«Ён павінен рэагаваць на просьбы Пуціна. Але рэагаваць цалкам ён не можа, бо адкрытае ўступленне Беларусі ў вайну будзе для яго самагубствам. Таму ён прымае палавінчатыя пастановы і імітуе», — тлумачыць нардэп у каментары выданню.

Брытанская выведка мяркуе, што раптоўныя вучэнні ў Беларусі не ўяўляюць пагрозы яе суседзям, але Расея можа выкарыстаць іх для ўтрымання ўкраінскіх вайскоўцаў на поўначы.

Самастойны напад Беларусі малаімаверны.

«Нават калі ўзяць 20 000 украінскіх вайскоўцаў, пра якіх як аб пагрозе гаворыць генштаб Беларусі, — Лукашэнку трэба заслаць разам з ССА практычна ўсе наземныя сілы, а гэта жаўнеры тэрміновай службы. Гэта малаімаверна», — мяркуе Лебядок.

Каб беларускія войскі змаглі ўзмацніць Пуціна, Расея павінна вярнуцца пад Кіеў, кажа вайсковы аглядальнік.

«Пры такім раскладзе беларускія ССА могуць дапамагчы з вядзеннем выведкі, чаго РФ на Заходнім кірунку цяпер яўна бракуе, а таксама дыверсіямі на аб'ектах інфраструктуры», — тлумачыць ён.

З ягоных слоў, Беларусь не выбудоўвала сістэму ўзброеных сіл пад нападзенне. «Гэта мабільны спосаб вядзення вайны для прычынення шкоды праціўніку на яго тэрыторыі, што правільна для малых краін. Але маштабныя напады не праграмаваліся, — гаворыць Лебядок. – З пункту гледжання разумнага сэнсу, для нармальнага наступу, захопу і ўтрымання сіл у Беларусі недастаткова».

Беларусь можа ўжыць ракетныя войскі для паражэння аб'ектаў інфраструктуры, але ў Лукашэнкі ракет значна менш, чым у Пуціна.

Аднак гэты кейс трэба разглядаць як вельмі небяспечны плацдарм з абсалютна небяспечнымі межамі, упэўнены Саннікаў. «Лукашэнка з усімі вантробамі сядзіць у крамлёўскім сцэнары», — кажа ён.

Украінскія спецслужбы актыўна адсочваюць перасоўванні беларускіх ССА, заявіў прадстаўнік Офіса прэзідэнта Украіны. «Міжнародная супольнасць выразна нагадвае беларусам, які кошт яны заплацяць за ўсякае актыўнае ўцягванне ў канфлікт, а кіраўніцтва Беларусі прадаўжае гуляць у пацешную гульню пад назвай «хвост віляе сабакам», — рэзюмуе ён.

Веніслаўскі дадае, што вайсковае камандаванне Украіны разумее гіпатэтычную пагрозу з боку Беларусі, і «там ёсць нашы сілы».

«У Лукашэнкі некалькі брыгад, якія могуць крыху папсаваць нам нервы, але кардынальна гэта нічога не памяняе, - упэўнены ён. - Скончыцца толькі тым, што загінуць некалькі тысяч беларускіх жаўнераў».

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках