24 красавiка 2024, Серада, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таму што Лукашэнка!

33
Таму што Лукашэнка!
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Чаму Расея напала на Украіну?

Таму што Лукашэнка!

Чаму Пуцін пасля 2010 года пачаў актыўна распраўляцца з апазіцыяй, незалежнымі СМІ, няўрадавымі арганізацыямі, забіваць і труціць палітыкаў?

Таму што Лукашэнка!

Чаму ў Расеі зніклі нават псеўдавыбары і насельніцтва стала быдлам для крамлёўскіх гопнікаў?

Таму што Лукашэнка!

Чаму Пуцін абнуліўся?

Таму што Лукашэнка!

Чаму Менскія перамовы пасля першай стадыі вайны былі асуджаныя на паражэнне Украіны?

Таму што Лукашэнка!

Чаму ва Украіне алігархі нажываюцца на гандлі з Беларуссю на шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны?

Таму што Лукашэнка!

Чаму Украіна можа прайграць гэтую вайну, у якой яе падтрымліваюць усе нармальныя людзі планеты?

Таму што Лукашэнка!

Беларусам не трэба тлумачыць, што любая легалізацыя дыктатуры, любое падлашчванне да псіхапатаў-дыктатараў абарочваецца бядой не толькі для Беларусі, але і для ўсіх нашых суседзяў. І не проста бядой а смярцямі, дзясяткамі тысяч чалавечых жыццяў.

Дзіўна, што даводзіцца ўжо столькі гадоў дзень пры дні тлумачыць, што не будзе ніякай тэрытарыяльна цэласнай, незалежнай, свабоднай, дэмакратычнай Украіны пры наяўнасці на яе межах Лукашэнкі, з якім пры любых абставінах Украіна чамусьці імкнецца весці бізнэс.

Пры дыктатарскай Расеі і свабоднай Беларусі Украіна стане не проста свабоднай, але і ўплывовай рэгіянальнай дзяржавай.

Пры дыктатуры ў Крамлі і Лукашэнку - шанцаў няма.

Можна зноў пачаць прыводзіць аргументы, чаму гэта так: геапалітычныя, гістарычныя, геаграфічныя, псіхалагічныя, эмацыйныя, нават непаліткарэктныя этнічныя.

Але ўсё было сказана.

Проста трэба паверыць беларусам, што гэта аксіёма.

Беларусам, якія сёння змагаюцца за Украіну.

Якія баранілі свабоду Украіны на Майдане 2004 года.

Якія стаялі плячом да пляча і паміралі за Украіну падчас Майдану 2013-2014 гг.

Якія са зброяй у руках ваююць з расейскімі акупантамі ва Украіне і за Украіну з 2014 года.

Якія батальёнам Кастуся Каліноўскага пакляліся ваяваць за Украіну, як за Беларусь, і за Беларусь - ва Украіне!

Калі сёння не выраўнаваць палітыку заяў з практыкай рэальных спраў, не скончыць з «рэалпалітык», дрэнна давядзецца і вам, і нам.

Чытаю навіны пра тое, што адбываецца ў гандлёва-эканамічных дачыненнях паміж Беларуссю і Украінай пасля гучных заяў аб тым, што Украіна не прызнае рэжым Лукашэнкі, не будзе мець з ім ніякіх спраў, і раз-пораз натыкаюся на дзіўную інфармацыю.

«Спецслужбы Украіны арыштавалі 51 беларускую цыстэрну, дзе ўтрымлівалася 3 тысячы тон дызельнага паліва вытворчасці Беларусі і Расеі».

Або

«Генпракуратура Украіны наклала арышт на 33 тысячы тон мінеральных угнаенняў, якія належаць расейскім і беларускім прадпрыемствам. Паводле звестак офіса генпракурора, мінеральныя ўгнаенні былі адпраўленыя на тэрыторыю Украіны ў парушэнне мытнага заканадаўства. Іх ацэначны кошт складае 650 млн грыўняў».

Здаецца, выдатна, спынілі незаконныя пастаўкі, не пусцілі санкцыёнку.

Але напраўду гэта азначае, што ў разгар вайны нехта ва Украіне працягвае рабіць грошы на закупках у краін-агрэсараў.

У вайсковым кантэксце таксама адбываюцца дзіўныя рэчы.

Лукашэнка абвяшчае раптоўныя вучэнні, сцягвае войскі да мяжы з Украінай, вялікую колькасць: падраздзяленні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забяспечваць іх баявое функцыянаванне.

Але тут жа штатны вайсковы псіхатэрапеўт урада Украіны ўсіх супакойвае: «Пагроза з боку Беларусі нерэальная, бо без падтрымкі расейскага войска беларускія войскі не пойдуць ва Украіну».

Ну так, ну так. Мы ж добра памятаем, што «ніколі з тэрыторыі Беларусі ніхто не будзе атакаваць Украіну».

Можна расслабіцца і забыцца пра тое, што на Бучу ішлі з тэрыторыі Беларусі, што ўжо амаль 700 ракетных пускаў зроблена з тэрыторыі, дзе засеў Лукашэнка.

Фактам верыць непрыемна, лепш верыць хлусам, асабліва «моцным гаспадарнікам».

Зусім свежая інфармацыя.

Ва Украіне абурыліся тым, што рэжым Лукашэнкі з 25 красавіка 2022 г. стаў старшынёй Форума супрацоўніцтва ў галіне бяспекі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ).

Учытайцеся! - Падчас вайны саўдзельнік агрэсіі супраць Украіны становіцца старшынёй форуму, які мог бы дапамагчы Украіне абараніць незалежнасць, а замест гэтага праз «старшыню» будзе служыць інструментам дадатковага ціску на Украіну.

Нездарма так узрадавалася расейскае МЗС і не стрымлівала эмоцый: Ад усёй душы віншуем дэлегацыю Беларусі (sic!) з пачаткам Старшынства на Форуме АБСЕ супрацоўніцтва ў вобласці бяспекі (ФСГБ).

Украіна прасіла сяброў-партнёраў адхіліць Лукашэнку ад старшынства ці хаця б не наведваць такія пасяджэнні. Старшынства не памянялася, а ў апошнім пасяджэнні, паводле звестак прэсы, узялі ўдзел усе чальцы Еўразвязу, акрамя Эстоніі. Такія вось справы.

Ведаеце з чаго пачынаецца вялікая здрада? - З дробнай подласці.

Не бывае лапікавай палітыкі - тут кавалачак дэмакратыі, а там кавалачак бізнэс-інтарэсаў.

Калі гаворка ідзе пра жыццё і смерць людзей і дзяржаў, агрэсар і дыктатар нясе толькі пагрозу, а ніяк не бізнэс-мадэль.

Вайна магла б нават не пачацца.

І ўжо сапраўды магла б не дайсці да фазы «двое супраць аднаго».

Чаму пачалася?

Таму што Лукашэнка!

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Facebook

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках