29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Хара: Лукашэнка павінен адказаць за злачынствы супраць Украіны

16
Аляксандр Хара: Лукашэнка павінен адказаць за злачынствы супраць Украіны
АЛЯКСАНДР ХАРА

У яго справе ёсць абцяжарваючыя акалічнасці.

9 траўня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб ленд-лізе для Украіны. Украінскі дыпламат і палітолаг, экспэрт фонду «Майдан замежных спраў» Аляксандр Хара ў каментары для сайта Charter97.org распавёў аб важнасці гэтага дакумента, працы над прыцягненнем агрэсара да адказнасці і ролі беларускага дыктатара ў развязанай супраць Украіны вайне:

- Безумоўна, гэта гістарычная падзея з некалькіх прычын. Першая - у тым, што амерыканцы падгадалі да 9 траўня. Мы ведаем, што гэта дзень «перамогі» ў Маскве. Масква прысвоіла сабе, дакладней, узурпавала, сказаў бы так, гісторыю Другой сусветнай вайны. І мы ведаем, што гісторыя Другой сусветнай вайны была б іншай, калі б у 41-м годзе спадар Рузвельт не падпісаў «Закон аб забеспячэнні абароны Злучаных Штатаў». Таму тут важная першая рэч, палітычная і сімвалічная, што гэты закон быў падпісаны менавіта 9-га траўня.

А другая - у 41-м годзе ленд-ліз дазволіў як Савецкаму Саюзу не праваліцца, не быць заваяваным, так, уласна, іншым еўрапейскім дзяржавам, уключаючы магутную Брытанскую імперыю. Дык вось цяпер тое ж самае адбываецца і з Украінай. Тая дапамога, якая надаецца Украіне, вайсковая і іншая, вось яна істотным чынам узмацняе нашу здольнасць абараняць сябе і ў перспектыве - выкінуць расейскіх акупантаў з часова акупаваных тэрыторый.

Гэта важна і з пункту гледжання гісторыі, з пункту гледжання магчымасці Украіне абараніць сябе, ну і з пункту гледжання таго, што Захад ад палітыкі падтрымкі Украіны на мінімальным узроўні прыйшоў да разумення, што трэба прыкласці ўсе намаганні для таго, каб Расея саступіла, а Украіна перамагла ў гэтай вайне. Гэта сігнал іншым дзяржавам у свеце, якія альбо вядуць захопніцкія войны, альбо могуць іх пачаць.

- Цяпер еўрапейскія следчыя ўжо збіраюць довады расейскіх ваенных злачынстваў. Якім чынам можа адбыцца прыцягненне Пуціна да адказнасці?

— Вы ведаеце, адбыліся дзве гістарычныя падзеі, я б сказаў — гэта і падпісанне ленд-лізу, а таксама ёсць такая арганізацыя «Адкрытае Таварыства». У іх ёсць ініцыятыва, якую можна назваць «справядлівае правасуддзе». Туды ўваходзяць і былыя пракуроры Міжнароднага крымінальнага суда, і прафесура, якая займаецца міжнародным правам. І чаму быў важны момант - яны апублікавалі мадэльны праект абвінаваўчага акта Пуціна і яшчэ сямі вышэйшых чыноў пуцінскага рэжыму ў Расейскай Федэрацыі. І яны прапануюць, якім чынам можна прыцягнуць да адказнасці тых, хто задумаў, арганізаваў і праводзіць вось гэтыя злачынствы на тэрыторыі Украіны. Іх ідэя ў тым, што генацыд дастаткова складана давесці, гэта практычна немагчыма ў юрыдычнай плашчыні. А вось акт агрэсіўнай вайны - гэта тое, што магчыма давесці.

І гэта цікавая рэч, датычная і Украіны, і Расеі, і Беларусі. Пасля Другой сусветнай вайны ў нашых заканадаўствах агрэсіўная вайна знайшла сваё месца сярод злачынстваў. І таму гэтыя экспэрты прапануюць арганізаваць трыбунал на падставе ўкраінскага заканадаўства з прыцягненнем міжнародных арганізацый, магчыма Генеральнай Асамблеі ААН. Таму што, зразумела, Раду Бяспекі ААН немагчыма прыцягнуць, улічваючы права вета Расейскай Федэрацыі і прысутнасць там Кітая, які дакладна не захоча станавіцца на адзін з бакоў.

Магчыма, гэта будзе ЕЗ, магчыма Рада Еўропы, можа быць нейкая камбінацыя гэтых арганізацый, якія дапамогуць гэта зрабіць, карыстаючыся ўкраінскім правасуддзем, карыстаючыся дапамогай прававой, якую нам даюць іншыя дзяржавы. На гэты момант, па-мойму 43, не менш як 40, дзяржаў звярнуліся ў міжнародны суд з заявамі аб расследаванні дзеянняў, якія маюць характарыстыкі ваенных злачынстваў. Таму яны падаюць вялікую дапамогу ў выглядзе расследавальнікаў, ёсць вялікая каманда амерыканская, даслала Францыя сваіх жандараў, ёсць дарадца брытанскага ўрада пры ўкраінскім урадзе, які дапамагае правільна афармляць тыя факты, якія потым адсылаюцца.

Ёсць такая магчымасць. І гэта таксама - гістарычная рэч. Я маю на ўвазе, як апублікаваны гэты мадэльны абвінаваўчы акт, так і такі працэс, такі трыбунал над кіраўніком дзяржавы. Не толькі кіраўніком дзяржавы, а дзяржавы, якая з'яўляецца сталым чальцом Рады Бяспекі, дзяржавы, якая з'яўляецца ядзернай дзяржавай. Гэта надзвычай важны момант. Думаю, што такі трыбунал будзе гістарычнай падзеяй 21-га стагоддзя. Гэтак жа, як і Нюрнбергскі працэс стаў гістарычным пасля Другой сусветнай вайны.

- Ці прадугледжанае прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці ў рамках гэтых працэсаў?

- Безумоўна, ён павінен быць прыцягнуты. Я не кажу пра тыя злачынствы, якія ён учыніў у дачыненні да беларускіх грамадзян. Мяркую, што беларускія грамадзяне, каб жыць у прававой дэмакратычнай дзяржаве, павінны паклапаціцца пра гэта.

А калі мы гаворым пра злачынствы, звязаныя з агрэсіўнай вайной, то ёсць рэзалюцыя 3314 ад 74-га года Генасамблеі ААН. Рэзалюцыя, якая вызначае, што такое факт агрэсіі. І, уласна, я ўвесь час паўтараю, нават калі ніводны беларускі вайсковец не ўзяў зброю, не быў на ўкраінскай тэрыторыі з мэтай вайны супраць Украіны, то факт надання тэрыторыі для агрэсіўнай вайны - гэта ўжо суўдзел, гэта ўжо злачынства.

Мы цудоўна ведаем, што праз Беларусь ішлі акупацыйныя расейскія войскі. У тым ліку, самае галоўнае, тыя падраздзяленні, якія чынілі жахлівыя злачынствы ў Бучы, Ірпені і іншых маленькіх гарадах вакол Кіева. Другі момант - дагэтуль з паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь наносяцца ракетныя ўдары расейскімі паветрана-касмічнымі сіламі па тэрыторыі Украіны, па мірных гарадах. І вельмі часта ракеты падаюць у зусім аддаленых ад вайсковых аб'ектаў месцах, на цывільныя аб'екты. Гэта абцяжарвальны фактар для Лукашэнкі, які кажа, што ён нібыта ні пры чым, што ён не ўдзельнічае.

У кожным выпадку, падаўшы ім тэрыторыю, дапамагаючы (юрыдычна Расейская Федэрацыя з'яўляецца саюзнай дзяржавай, іх узброеныя сілы з'яўляюцца хаўрусніцкімі для Беларусі) чыніць агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны, гэта і ёсць злачынства. У будучым трыбунале павінен быць і эпізод, прысвечаны Лукашэнку.

І, на жаль, Украіна зрабіла памылку ў свой час, даўшы яму магчымасць выйсці з міжнароднай ізаляцыі, калі быў запушчаны «менскі працэс» паміж Украінай і Расейскай Федэрацыяй. Я мяркую, што гэта была вялізная памылка.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках