29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

12 войнаў за 300 год

2
12 войнаў за 300 год

Як і калі нашыя продкі ваявалі з Маскоўскай дзяржавай.

Толькі за 300 гадоў у XIV–XVII стагоддзях адбыліся 12 войн паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім, якія занялі 72 гады. Budzma.org распавядае пра перамогі і няўдачы абодвух бакоў за гэты гістарычны перыяд.

Тройчы, у 1368, 1370 і 1372 гадах Альгерд рабіў вайсковыя паходы на Маскву. Паход 1368 года рыхтаваўся таемна. Некалькі тысяч чалавек ішлі ў пушчах праз балоты. Альгерд, Кейстут і смаленскі князь імкліва падышлі да Масквы.

Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч нават не падрыхтаваўся да абароны і пачаў прасіць замірэння. Разбіўшы перадавы полк ваяводы Дзмітрыя Мініна ля Валакаламска, Альгерд увайшоў у Маскву, але, прастаяўшы тры дні ля Крамля, вярнуўся назад.

У 1370 і 1372 гадах паходы на Маскву паўтарыліся, але не былі такім ж паспяховымі, як першы. Пазней гэтым паходам далі назву — «Літоўшчына».

1406–1408. Два паходы і тры замірэнні

У 1405 годзе Вітаўт пачаў ваенныя дзеянні супраць Пскова. Лавіруючы ў сваёй знешняй палітыцы паміж Літвой і Масквой, Пскоў звярнуўся за дапамогай да вялікага князя маскоўскага Васіля I.

У 1406 годзе Масква абвясціла вайну Літве. У тым жа годзе маскоўскія і літоўскія войскі сустрэліся на рацэ Плаве, пад Крапіўнай, аднак у бітву не ўступілі — Вітаўт і Васіль I заключылі перамір’е на год.

Мінуў год, і ваенныя дзеянні аднавіліся, войскі Вялікага Княства Літоўскага занялі Адоеў, а войскі Вялікага Княства Маскоўскага ўзялі Дзмітравец. Асноўныя сілы двух бакоў сышліся ля Вязьмы, але вырашальная бітва не адбылася, бо князі падоўжылі перамір’е яшчэ на год.

У 1408 годзе была заключана канчатковая мірная дамова, якая займела назву Вугорскі дагавор. Гэтае пагадненне вызначала канчатковую мяжу паміж двума княствамі — у вярхоўях ракі Ака па рэках Угра, Рыса і Брынь.

Гэтая дамова зацвердзіла дамінуючы стан ВКЛ на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Пасля смерці Васіля I у 1425 годзе князь Вітаўт стаў апекуном яго сына Васіля II і аказваў істотны ўплыў на Маскоўскае княства.

1445–1449. Маскоўска-літоўская вайна. Войскі Маскоўскага княства разбітыя пад Масквой

Гэтая вайна распачалася пасля абвастрэння адносінаў князя Казіміра IV і маскоўскага князя Васіля ІІ з-за Ноўгарада Вялікага і другіх княстваў унутры Масковіі.

Маскоўскі князь напрыканцы 1444 года паслаў ваяваць на Вязьму і Бранск двух татарскіх царэвічаў. Казімір адказаў арганізаваным ваенным паходам. У пачатку 1445 года адбылася бітва на Сухадрэве.

На той момант Казань развязала вайну супраць Масквы, супраць войска Казіміра выступілі князі Мажайскі, Варэйскія і Серпухаўскія, але не змаглі сабраць войска і выставілі супраць Казіміра ўсяго 260 чалавек: канечне ж, яны былі разбітыя.

Пасля Васіля ІІ князем Масковіі стаў Дзмітрый Шамяка, прыхільнікі папярэдняга князя вымушаны былі прасіць прытулку ў ВКЛ і атрымалі яго.

Вайсковыя дзеянні працягваліся не надта актыўна, у 1449 годзе быў заключаны мірны дагавор, які суправаджаўся абавязацельствам абодвух бакоў не прымаць у сябе ўнутрыпалітычных праціўнікаў іншага боку і адмовай Літвы ад прэтэнзій на Наўгародскія землі.

1487–1494. Вайна за Вярхоўскія княствы

Гэта шэраг войсковых канфліктаў за ўдзельныя княствы ў вярхоўях ракі Акі, якія ўзніклі ў XII–XIII стагоддзях як надзелы Чарнігаўскага княства. Частка з іх цалкам трапіла пад уладу ВКЛ і страціла незалежнасць, але некаторыя захавалі ўнутраную аўтаномію і свае кіраўнічыя дынастыі нават пасля ўваходжання ў яго склад.

Вярхоўскія князі здаўна служылі то Маскоўскаму княству, то Літоўскаму, неаднаразова на працягу XIV–XV стагоддзяў змяняючы сюзерэна ў залежнасці ад сілы і багацця той ці іншай дзяржавы ў розныя часы. Князі гэтыя землі атрымалі ў спадчыну, таму маглі так хутка мяняць сваю пазіцыю.

Скончыла гэтую вайну дамова 1494 года. Аднак ні адна з дзяржаў не задаволіла свае «палітычныя апетыты». ВКЛ імкнулася вярнуць страчаныя землі, а Масква працягнула ранейшую палітыку прыгранічных набегаў і вяла падрыхтоўку да новай вайны.

1500–1503. Маскоўска-літоўская вайна. Маскоўская дзяржава здолела ўзяць Бранск, але пацярпела паразу пад Смаленскам

Вайна была выкліканая здрадай князю Аляксандру Ягелончыку яго васалаў, прычынай была страта вялікакняжацкай «павагі і ласкі» ды жаданне перавесці русінскіх князёў у каталіцтва.

На службу да маскоўскага князя Івана ІІІ перайшлі князі Старадубскіх, Ноўгарад-Северскіх і Бельскіх земляў разам са сваімі ўладаннямі. У дадатак здраднікі захапілі гарады Рыльск і Гомель. Іван III вырашыў атакаваць Вялікае Княства першым.

1507–1508. Мяцеж Глінскіх

Экспансія маскавітаў працягвалася на Захад — яны рабілі памежныя набегі і стараліся скарыстацца ўнутранымі канфліктамі ў ВКЛ. Княства, у сваю чаргу, імкнулася адпомсціць маскавітам за паразу ў вайне 1500–1503 гадоў і страту значнай тэрыторыі.

З асноўных прычын вайны стаў мяцеж групы князёў пад кіраўніцтвам Міхаіла Глінскага, і пакуль іх сілы не ўступілі ў вайну, баявыя дзеянні былі даволі пасіўныя і не прыносілі перавагі ніводнаму з канфліктуючых бакоў.

Групоўка Глінскіх распачала канфлікт з элітамі ВКЛ — Радзівіламі, Кезгайламі і Кішкамі ды панамі-рады. У выніку Міхаіл Глінскі і яго хаўруснікі перайшлі на бок Масковіі, ператварыўшы мяцеж з унутрылітоўскай справы ў эпізод маскоўска-літоўскай вайны 1507–1508 гадоў.

У выніку гэтай вайны Вялікае Княства вярнула сабе Смаленскія і Любецкія землі, а маскавіты страцілі выхад да Дняпра.

1512–1522. «Дзесяцігадовая вайна». Войскі Маскоўскай дзяржавы разбітыя пад Оршай

Замірэнне было нядоўгім, маскоўскі князь Васіль ІІІ не хацеў збаўляць захопніцкі «апетыт», і праз 4 гады зноўку ўспыхнула чарговая вайна — у гісторыі яна займела назву «Дзесяцігадовая».

На першым этапе вайсковых дзеянняў былі захопленыя Смаленск і Мсціслаў, узятыя ў аблогу Полацк і Віцебск. Але праз два гады акупанты пацярпелі моцную паразу 8 верасня 1514 года ў бітве пад Воршай ад войска Вялікага Княства на чале з Вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім.

Галоўным вынікам бітвы стала спыненне далейшага наступу з усходу на ВКЛ, маштабных бітваў больш не было да канца вайны, а ў 1516 годзе вайсковыя дзеянні ўвогуле адсутнічалі.

Вынікам вайны стала пяцігадовае замірэнне ад 14 верасня 1522 года. Згодна з ім, Смаленшчына заставалася ў маскавітаў, а Васіль ІІІ мусіў адмовіцца ад прэтэнзій на Віцебск, Полацк і Кіеў. Палоненыя маскавіты ў час вайны таксама заставаліся на «літасць» Вялікага Князя Літоўскага, згодна з мірнай дамовай.

1534–1537. «Старадубская вайна». ВКЛ удалося вярнуць частку сваіх земляў

4 снежня 1533 года памёр вялікі князь маскоўскі Васіль ІІІ, уладарыць у Маскве пачала Алена Глінская. Скарыстаўшыся сітуацыяй, вялікі князь Жыгімонт І вырашыў вярнуць межы краіны 1508 года і выставіў усходнім суседзям ультыматум з такім патрабаваннем.

Ультыматум быў адкінуты, таму ў жніўні войска ВКЛ было падзелена на тры часткі і распачало свой наступ па двух кірунках.

Перавагі не здабыла ніводнае войска, з кастрычніка 1534 года па люты 1535 года змаганне вялося ў ваколіцах Даўгінава, Віцебска, потым пад Смаленскам і Старадубам.

Маскавіты не спрабавалі штурмаваць умацаваныя гарады, а аддавалі перавагу руйнаваць шырокія сельскія тэрыторыі. На пачатку вясны маскоўскае войска вяртаецца дамоў з багатай здабычай. Гэты рэйд падарваў эканоміку ВКЛ, таму на дапамогу прыйшло польскае войска.

За ліпень 1535 года польска-літоўскае войска заняла Гомель, тады ж на Разанскія землі пачаўся набег крымскіх татараў, таму частку маскоўскага войска пераправілі туды, а старадубскі гарнізон быў не такі шматлікі.

Войска абодвух народаў упершыню ўжыла міны падчас гэтай аблогі, падарвала сцену крэпасці і заняла Старадуб 30 ліпеня.

Вайна працягвалася далей, але вынікаў амаль не прыносіла ніводнаму баку. Паражэнне пад Себежам войскаў Жыгімонта І і пагроза з боку Крымскага і Казанскага ханства падштурховалі галоўнакамандуючых дзвюх варожых краін хутчэй заключыць мірнае пагадненне, якое і было падпісана 18 лютага 1537 года ў Маскве. Згодна з ім, Гомельшчына пераходзіла ВКЛ, а Себежскія і Завалоцкія землі заставаліся ў Маскоўскім княстве.

1563–1582. «Лівонская вайна». Маскоўская дзяржава захоплівае Полацк. ВКЛ у саюзе з Рэччу Паспалітай вызваляе яго ды іншыя гарады

Гэтая вайна ў гісторыі яшчэ мела назву «Інфлянцкая». Распачалася вайна са спробы маскоўскага цара Івана IV захапіць Лівонію, на якую яго княства напала ў 1558 годзе, захапіўшы шэраг гарадоў. Лівонія з 1561 года па Віленскіх дагаворах была ліквідаваная, частка яе тэрыторыі ператваралася ў васальнае ў адносінах да ВКЛ герцагства Курляндыя і Сямігалія, іншая ж непасрэдна ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Гэта стала прычынай агрэсіі Івана IV у дачыненні да земляў ВКЛ.

Баявыя дзеянні распачаліся ў 1563 годзе, маскавітам удалося захапіць адзін з самых багатых і велічных гарадоў нашых земляў — Полацк.

Горад быў разрабаваны, жыхары ўзятыя ў палон і прададзеныя ў рабства. Праз год, 27 студзеня, у бітве на Уле літвінскія войскі пад кіраўніцтвам ваеначальнікаў Мікалая Радзівіла Рыжага і Рыгора Хадкевіча разбілі маскавітаў, наступ быў спынены, але не вайна.

У тыя часы ВКЛ аб’ядноўваецца з Каралеўствам Польскім у адну федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую, каб супрацьстаяць навале з Масквы і заключае ў 1569 годзе Люблінскую унію.

Вайна трывае з рознымі поспехамі. У 1574 годзе каралём Рэчы Паспалітай быў абраны венгерскі князь Стэфан Баторый, пры ім распачаўся пералом у вайне.

6-тысячнае войска Мікалая Радзівіла Рыжага і Рыгора Хадкевіча раграміла 20-тысячнае маскоўскае войска. Маскоўскі паход на беларускія землі быў спынены.

Напрыканцы жніўня 1579 года войскі Рэчы Паспалітай вяртаюць назад Полацк, які быў пад акупацыяй маскоўцаў 13 год. Войскі дзяржавы абодвух народаў пад кіраўніцтвам Баторыя дайшлі ажно да Пскова.

15 студзеня 1582 года быў заключаны Ям-Зампольскі мірны дагавор тэрмінам на 10 год. Масковія пазбаўлялася ўсіх заваёваных земляў, і гэта прывяло да заняпаду эканомікі Маскоўскага княства.

1609–1618. Вайна з Масковіяй і ўзяцце Масквы

У рускай гістарыяграфіі гэты вайсковы канфлікт вядомы як польска-літоўская інтэрвенцыя, падчас якой войска Рэчы Паспалітай з дапамогай асобы Ілжэдзмітрыя заняло Маскву на два гады, з 1610 па 1612 гады, што стала адной з асноўных падзей гісторыі «Смутнага часу» ў Маскоўскім царстве.

Ілжэдзмітрый — самазванец, выдаваў сябе за цудам уратаванага ад смерці нашчадка Івана Грознага і прэтэндаваў на Маскоўскі трон — самаабвясціў сябе царом Маскоўскай дзяржавы 1 чэрвеня 1605 года і пры падтрымцы ўплывовых магнатаў Рэчы Паспалітай і маскоўскіх баяр — ворагаў Гадуновых і Шуйскіх прыйшоў да ўлады ў Маскве.

Магнаты аказвалі і вайсковую падтрымку Ілжэдзмітрыю. Але праз год у час бунту ў Маскве, справакаванага незадаволенасцю насельніцтва паводзінамі «заходняга» атачэння цара, ён быў забіты, а труп быў выстрэлены з гарматы ў бок Вялікага Княства.

Затым быў Ілжэдмітрый ІІ, але гэта былі інтрыгі магнатаў і баяр, што суправаджаліся вайсковымі канфліктамі. Афіцыйна Рэч Паспалітая распачала вайну ў 1609 годзе з Маскоўскім царствам з-за таго, што апошняе заключыла на чале з царом Васілём Шуйскім саюзнае пагадненне са шведамі, якія былі ў вайне з Рэччу Паспалітай.

У выніку Клушынскай бітвы 24 чэрвеня 1610 года саюзнае войска шведаў і маскавітаў было разбіта. Масква была занятая войскамі Рэчы Паспалітай да 1612 года, калі адбылося другое паўстанне маскоўцаў — войскі Рэчы Паспалітай вымушаны былі пакінуць Маскву, але вайна ішла яшчэ 6 год.

Завяршылася вайсковае супрацьстаянне 1 снежня 1618 года Дэўлінскім замірэннем. Паводле яго Рэч Паспалітая заняла Смаленшчыну, Старадубшчыну і Чарнігаўшчыну.

1632–1634. Смаленская вайна

Пасля смерці Жыгімонта ІІІ для Маскоўскай дзяржавы склалася выгодная сітуацыя, каб зноўку захапіць Смаленшчыну. У 1632 годзе распачаўся вайсковы наступ маскоўскіх войскаў на землі ВКЛ з мэтай вяртання земляў, занятых войскамі нашых продкаў у часы Смуты.

Кіраваў вайсковым паходам ваявода Міхаіл Шэін. Па дарозе на Смаленск ён захапіў Сярпейск, Белае, Рослаў, Невель, Старадуб.

Смаленск заняць хутка не ўдалося, і горад быў узяты ў аблогу, горад адбіваў атакі акупантаў. У гэты ж час на Маскоўскае царства пачаліся набегі крымскіх татараў, што дэмаралізавала маскоўскае войска, таму некаторыя баяры збягалі з войска, каб ратаваць сваю маёмасць і сем’і.

Пакуль горад трымаў аблогу, на дапамогу падаспеў новы кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў — сын Жыгімонта ІІІ з войскам амаль у 30 тысяч ваяроў. Армія баярына Шэіна была адрэзана ад тылавога забеспячэння.

Ваявода Шэін у хуткім часе вымушаны быў капітуляваць і распачаць перамовы аб замірэнні. У чэрвені 1634 года былі падпісаныя Палянаўскія дамовы, паводле якіх маскавіты вярталі нашым продкам усе занятыя імі землі. Кароль Уладзіслаў, у сваю чаргу, адмаўляўся ад сваіх прэтэнзій на маскоўскі трон за 20 тысяч рублёў.

Земскі сабор Маскоўскай дзяржавы прызнаў вінаватым у вайсковай паразе баярына Шэіна, ваяводу адсеклі галаву.

1654–1667. «Невядомая вайна». Войскі Маскоўскай дзяржавы знішчылі палову насельніцтва тагачаснай Беларусі ў складзе ВКЛ

Трынаццацігадовая вайна, або «рускі патоп», пачалася ў 1654 годзе пасля рашэння Земскага сабора ад 1 кастрычніка 1653 года, згодна з якім Войска Запарожскае і тэрыторыі, занятыя ім пасля шматлікіх зваротаў гетмана Багдана Хмяльніцкага да маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, далучыліся да Маскоўскага царства.

Сумеснае войска маскоўскага цара і Хмяльніцкага на першым этапе вайны паспяхова прасоўваліся ўглыб Вялікага Княства, спустошваючы землі і разбураючы гарады і паселішчы.

У 1655 годзе на Рэч Паспалітую нападае з іншага боку Швецыя — на той час у гэтай краіны было самае моцнае войска ў Еўропе. Бачачы, што Польшча не здолее дапамагчы ВКЛ, каб пазбегнуць поўнай акупацыі земляў і ліквідацыі Вялікага Княства як дзяржаўнага ўтварэння, галоўнакамандуючы войскамі ВКЛ Януш Радзівіл у 1655 годзе быў вымушаны пайсці на адчайны крок — разрыў уніі з Польскай дзяржавай і заключэнне новай уніі — Кейданскай — шведска-літоўскай, аднак не ўсе магнаты падтрымалі гэтае рашэнне.

Маскоўскае царства тады заключыла часовае перамір’е з ВКЛ, а моц шведскай і маскоўскай армій абрынулася на польскую дзяржаву. Унія са шведамі не была доўгачасовай — са смерцю гетмана Януша Радзівіла 31 снежня 1655 года пагадненне амаль не адыгрывала ролі.

У 1657 годзе памірае гетман Хмяльніцкі. Скарыстаўшыся гэтым, Рэч Паспалітая дае абяцанні аб наданні казацтву прывілеяў, калі тыя пяройдуць на іх бок.

Частка казакоў пагаджаецца на такія ўмовы, у Войску Запарожскім распачынаецца грамадзянская вайна, што стала новым штуршком у аднаўленні вайны паміж арміямі Маскоўскага царства і польска-літоўскай дзяржавы.

З 1660 года войскі Рэчы Паспалітай паспяхова вялі контрнаступленне, але ў 1663 годзе, у час паходу на левабярэжную Украіну, не атрымалі поспеху. Абедзве дзяржавы былі моцна аслаблены, памежныя землі былі спустошаны, вайна працягвалася да 1667 года і скончылася Андрусаўскім перамір’ем.

Пагадненне замацавала раскол гетманшчыны запарожскіх казакоў, Маскоўскаму царству адыходзілі землі левабярэжнай Украіны з Кіевам, якія Маскоўскае царства мусіла вярнуць у 1669 годзе, але так і не зрабіла гэтага, і Смаленшчына.

Беларускія землі і правабярэжная Украіна заставаліся пад уладай Рэчы Паспалітай. У выніку гэтай вайны войскі Маскоўскай дзяржавы знішчылі палову насельніцтва на тагачасных беларускіх землях.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках