29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі, а не закулісны гандаль

9
Санкцыі, а не закулісны гандаль

Укіды Лукашэнкі пра палітвязняў заўсёды былі хлуслівымі.

У некаторыя беларускія СМІ спецслужбамі быў зроблены ўкід пра нібыта падрыхтоўку абмену палітвязняў на легітымізацыю Лукашэнкі і скасавання санкцый супраць яго рэжыму.

Называецца нават лічба - 1000 палітвязняў, якіх нібыта павінны выпусціць.

У сувязі з гэтым уважаю неабходным растлумачыць некалькі момантаў, якія стаяць за гэтым укідам, бо ў 2011 і 2012 гадах усе гэтыя выкрунтасы калгаснай дыктатуры выпрабаваў на ўласнай скуры, як быў палітвязнем.

Па-першае, укіды Лукашэнкі што да палітвязняў заўсёды былі хлуслівымі. Укід зроблены для таго, каб уключыліся міжнародныя ашуканцы, якія лабіруюць ягоныя інтарэсы на Захадзе, і для ўзмацнення ціску на саміх палітвязняў і іх сем'і.

Толькі ўявіце сабе стан сваякоў палітвязняў, якія нават яўную хлусню ўспрымаюць як надзею. А яшчэ ўявіце сабе стан сваякоў тых палітвязняў, якія па волі беларускіх праваабаронцаў не прызнаныя палітвязнямі, як, напрыклад, Мікола Аўтуховіч.

Па-другое, любое паслабленне ціску на рэжым пасля пачатку закулісных перамоў з ім прыводзіць да ўзмацнення рэпрэсій і росту колькасці палітвязняў. Нават мінімальнае прызнанне права на існаванне злачынцаў ва ўладзе ў Беларусі вядзе да палітычна матываваных забойстваў, катаванняў і беспакаранасці гэтых самых злачынцаў.

Па-трэцяе, укід азначае, што Лукашэнка загнаны ў кут і, пры ўсёй сваёй нянавісці да палітвязняў, хоча зноў гандляваць іх жыццямі дзеля выратавання свайго, і гатовы будзе кагосьці вызваліць, але не тых і не ў той колькасці, пра якую гаворыцца ў «выцеку» інфармацыі.

Прымусіць яго рэальна вызваліць усіх палітвязняў можа толькі ўзмацненне ціску на рэжым, увядзенне самых жорсткіх санкцый і выключэнні любых шчылін для іх абыходу, перш за ўсё па калійных угнаеннях і нафтапрадуктах.

І, нарэшце, на ўсялякі выпадак, калі ўсё ж дойдзе да вызвалення палітвязняў, хачу нагадаць, што палітвязняў у Беларусі, паводле звестак грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», амаль 4 000, а ніяк не тысяча з гакам.

Лідары «Еўрапейскай Беларусі» стаялі ля вытокаў праваабарончага руху Беларусі. Іх праваабарончая дзейнасць адзначана шматлікімі міжнароднымі ўзнагародамі ў сферы абароны правоў чалавека. Адной з першых такіх узнагарод была прэмія Еўрапейскага Звязу і ўраду Злучаных Штатаў, прысуджаная ў 1998 годзе грамадзянскай ініцыятыве Хартыя’97 за значны ўнёсак у справу абароны правоў чалавека ў Беларусі.

Як праваабаронцы мы ўважаем, што менавіта лічба 4000 адпавядае рэальнаму становішчу спраў з палітвязнямі ў Беларусі і патрабуем, каб міжнародныя праваабарончыя арганізацыі арыентаваліся менавіта на гэтую лічбу.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Facebook

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках