25 красавiка 2024, Чацвер, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Народны палітвязень

19
Народны палітвязень
Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч зноў на перадавой.

На гэтым тыдні галоўнымі навінамі у Беларусі сталі прызначаная дата суда над Мікалаем Аўтуховічам і прынятыя «палатачнікамі» папраўкі ў крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць смяротнае пакаранне за падрыхтоўку тэрарыстычнага акту. І вельмі многія беларусы задаліся пытаннем: а ці не дзеля Аўтуховіча гэтыя папраўкі тэрмінова прымаюцца?

Пытанне зусім не марнае і нават у пэўнай ступені рытарычнае. Рэч у тым, што Мікалай Аўтуховіч з рэжымам вядзе нават не змаганне, а смяротны бой. Ён - фігура настолькі маштабная, што яго цяжка нават паставіць у адзін шэраг з кім бы там ні было з суайчыннікаў. Ён такі адзін - бясстрашны, як берсерк; справядлівы, як Феміда; бескампрамісны, як якабінец. І мне шкада, што тыя, хто нарадзіўся ў дзевяностыя ці на рубяжы стагоддзяў, нават не ведаюць, што Мікалай Аўтуховіч вядзе свой бясконцы бой ужо амаль дваццаць гадоў - без перадыху, без кампрамісаў, без прыпынкаў.

Многія, магчыма, не памятаюць, што таксісты ў белых адпрасаваных кашулях на «Мэрсэдэсах» - гэта зусім не «прэміум-клас», які з'явіўся гадоў дзесяць таму з адпаведным тарыфам. Такія кіроўцы развозілі жыхароў Ваўкавыска яшчэ ў канцы дзевяностых, калі па Менску ездзілі пераважна брудна-жоўтыя «Волгі». А тую ваўкавыскую службу «Таксі 22222» стварыў ветэран афганскай вайны Мікалай Аўтуховіч. І кіроўцамі тамака былі пераважна «афганцы» - такія ж жаўнеры, якім ён даў магчымасць працаваць і зарабляць. Тады на яго і звярнула ўвагу дзяржава - яна і ў тыя часы не любіла ўсіх, хто вылучаецца.

Тады быў той самы момант, калі Мікалай яшчэ мог інтэгравацца ў сістэму і займацца бізнэсам у сваё задавальненне. Трэба было толькі правільна ўспрыняць сігнал і пачаць насіць, падносіць, прыносіць - у начальніцкія кабінеты, з паклонам ды нясмелай усмешкай. Але ён пайшоў у бой. І, зразумела, сеў у турму. Гэта быў 2005 год. Палітвязень тады ўважаўся за рэдкі біялагічны від.

Аўтуховіч галадаў у Гарадзенскім следчым ізалятары 74 дні. Спачатку яго прасілі спыніць галадоўку сваякі. Потым - калегі. На згоне другога месяца, калі лекары сказалі, што ў арганізме Аўтуховіча пачаліся незваротныя працэсы, і кожны дзень можа стаць апошнім, жыхары Ваўкавыска напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку. Пад гэтым лістом падпісалася больш за тысячу чалавек: «Мы, ніжэйпадпісаныя ваяры-інтэрнацыяналісты і простыя жыхары Ваўкавыска, ведаем Мікалая Мікалаевіча Аўтуховіча як сумленнага і прынцыповага чалавека, які заўсёды трымаў сваё слова. Мы ведаем яго як ваяра, які прайшоў пекла вайны ў Афганістане, узнагароджанага дзесяццю ўрадавымі ўзнагародамі, у тым ліку і баявымі - ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За выдатную вайсковую службу». Мы звяртаемся да вас з просьбай выратаваць жыццё гэтага чалавека. Ніводзін жыхар горада не зрабіў для Ваўкавыска столькі карыснага, колькі зрабіў Аўтуховіч. Акрамя таго, сам Аўтуховіч ніколі не афішаваў гэта. Ён проста рабіў добрыя справы».

Страціўшы 38 кілаграмаў, Аўтуховіч апынуўся ў турэмным шпіталі. 26 снежня 2005 года яму змянілі меру стрымання і перавялі пад хатні арышт. Але гэта быў не жэст добрай волі і тым больш не рэакцыя міласэрнага Лукашэнкі на ліст гараджан. Проста пад Новы год важдацца са знясіленым чалавекам, які ў кожную хвілю можа памерці, - навошта вертухаям лішні галаўны боль?

Суд быў прызначаны на 9-га лютага. Аднак абвінавачаны ў суд не з'явіўся. Ён проста знік. Зрэшты, як сапраўдны салдат, дысцыплінаваны ветэран вайны, Аўтуховіч не знік без усялякіх тлумачэнняў і развітання. Ён напісаў развітальны ліст-рапарт генпракурору: «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, прадпрымальнік Мікалай Мікалаевіч Аўтуховіч, раблю афіцыйную заяву аб тым, што не магу, не хачу і не буду больш трываць беззаконне супраць парушэння канстытуцыйных правоў простых людзей. Чыноўнікі, як бездапаможнага звера, загналі мяне ў кут, каб надоўга схаваць у турму. За тры гады рэпрэсій чыноўнікі павінны былі зразумець, што я іх не баюся, бо праўда на маім баку. Змагацца за гэтую праўду буду заўсёды, пакуль не пераможа справядлівасць. А тыя, каму гэта не падабаецца, і ёсць тыя самыя карупцыянеры і баязліўцы. На калені перад самавольствам не стану».

Мікалай нікога не прасіў аб дапамозе. Не звяртаўся да журналістаў і праваабаронцаў. Ён проста знік, застаўшыся самотным ваяром. Яму не патрэбны былі дапамога, спачуванне, публічнасць. Ён абраў за лепшае барацьбу сам-насам: Аўтуховіч супраць дзяржавы. Вядома, яго абвясцілі ў вышук, і апісанні віселі ў кожным аддзяленні міліцыі. У іх пад пашпартнай фатаграфіяй Мікалая было напісана: «Аўтуховіч М.М. негатыўна ставіцца да існага палітычнага ладу і кіраўніка дзяржавы».

Другі раз Мікалая арыштавалі 8 красавіка 2006 года - у Менску, на дварэ. Вярнулі ў гарадзенскую турму. Далі тры з паловай гады пазбаўлення волі. Пасля вызвалення ён і года не прабыў на волі - быў ізноў арыштаваны, на гэты раз за падрыхтоўку тэракту: нібыта Мікалай планаваў тэракты ў дачыненні да старшыні гарадзенскага аблвыканкаму і намесніка міністра ў падатках і зборах. У выніку яго асудзілі за захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі і далі пяць гадоў строгага рэжыму. У гарадзенскай турме Мікалай парэзаў сабе вены ў 2013 годзе - гэта была ягоная рэакцыя на здзекі з боку адміністрацыі. Адзіны даступны пратэст для такога, як Аўтуховіч: небяспечны для жыцця, рызыкоўны, небяспечны наступствамі - ад дадатковага тэрміну да вар’ятні. Але ён па-іншаму не навучыўся - толькі ў адкрыты бой, няхай нават смяротны.

Цяпер ён зноў на перадавой. Суд прызначаны на 16 траўня. І судзіць Аўтуховіча будуць ужо паводле дзесяці артыкулах КК, у тым ліку тэрарызм і здрада дзяржаве. Не сумняваюся, што ў выніку выявіцца які-небудзь забыты патрон ад паляўнічай вінтоўкі, як гэта ўжо было ў 2009 году. Праўда, і рэжым ужо не той, што раней, - мышэй не ловіць, патроны не шукае, а проста пераносіць на паперу ўласныя начныя кашмары. З гэтых начных кашмараў, ценяў на сцяне, якія здаюцца ў цемры галасамі і выносяцца прысуды.

Я толькі не магу зразумець, чаму Мікалай Аўтуховіч дагэтуль не прызнаны палітвязнем. Зрэшты, яму гэта абыякава. А для беларусаў ён і без усялякіх прызнанняў - палітвязень і герой. Наіўны, адважны, бескампрамісны. Жаўнер, прадпрымальнік, палітык. Словам, самы народны палітвязень.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках