29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗКЦ стане косткай у горле Лукашэнкі і Пуціна

13
МЗКЦ стане косткай у горле Лукашэнкі і Пуціна

Партызаны, якія працуюць на прадпрыемстве, могуць стаць годным прыкладам.

24 лютага жыццё ўсіх людзей падзялілася на «да» і «пасля». У большасці здарылася поўная пераацэнка каштоўнасцей. Абсалютна ўсе адэкватныя грамадзяне сталі шанаваць самае галоўнае - жыццё. Беларусы, не застаючыся ў баку, усім сэрцам падтрымліваюць Украіну. Бо там супраць рашыстаў ваююць і нашы хлопцы з батальёна Каліноўскага, атрада «Пагоня» і шмат нашых суайчыннікаў, якія пераехалі ва Украіну даўно і ўступілі ў шэрагі УСУ. Нехта дапамагае фінансава, нехта маральна. Самыя смелыя – вядуць партызанскае змаганне. Але кожны з нас можа дапамагчы Украіне хутчэй перамагчы.

Не сакрэт, што Беларусь з'яўляецца адным з пастаўшчыкоў вайсковага абсталявання для краін, дзе ўстанаўліваюцца дыктатарскія і тыранічныя рэжымы. 80 працэнтаў вайсковага абсталявання ў Беларусі закупляе тэрарыстычны рэжым Расеі. Як правіла, гэта радыёлакацыйная тэхніка і транспарцёры з Менскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ). Астатнія ж 20 працэнтаў размеркаваны паміж такімі краінамі як: Казахстан, Судан, М'янма, Нігерыя, Уганда і іншыя дыктатуры.

Расея закупляла толькі ў МЗКЦ 68 працэнтаў усёй прадукцыі, астатняе ішло на экспарт у іншыя краіны. На ўнутранае ўзбраенне заставалася толькі 14 працэнтаў. У экспартным асартыменце прысутнічаюць не толькі колавыя шасі, на якіх завод зарабляе пераважную долю, але і звычайныя грузавікі, аналагі ГАЗ.

Мабільнасць узбраення Расеі моцна залежыць ад паставак колавых цягачоў. Асабліва гэта датычыцца ядзернай зброі. З 2011 года Крэмль вядзе беспаспяховыя перамовы з беларускімі ўладамі наконт продажу 100% акцый прадпрыемства. Сітуацыю ў перагаворным працэсе сур'ёзна абвастрыў украінскі Еўрамайдан 2014 года. Тады Расея фактычна засталася без цэлага комплексу агрэгатаў, якія вырабляліся выключна ва Украіне. Гэта на некаторы час паралізавала расейскае верталётабудаванне і карабельную вытворчасць.

Калі перамовы пра продаж МЗКЦ праваліліся, было вырашана наладзіць аналагічную вытворчасць цягачоў на базе КАМАЗ. Згодна з планам патрабавалася 5-6 гадоў на распрацоўку аналага ракетаносца МЗКЦ-79221. Пры распрацоўцы з нуля, гэта вельмі складаная і дарагая працэдура. Да 2022 года на гэты праект усе паспяхова забыліся, працягваючы закупляць цягачы ў Беларусі.

Менскі завод колавых цягачоў, як і любое паспяховае прадпрыемства, мае найкаштоўнейшы рэсурс — унікальных супрацоўнікаў і адно з найлепшых канструктарскіх бюро на тэрыторыі былых рэспублік савецкай прасторы. На патрэбы прадпрыемства працуе Інстытут механікі і надзейнасці машын Нацыянальнай акадэміі навукі Беларусі. Для Расеі страціць МЗКЦ раўназначна катастрофе.

Усе гэтыя факты вядуць выключна да аднаго - сілы беларускіх працоўных. Ні Лукашэнка, ні Пуцін, ні іх памагатыя не могуць нічога канструяваць і вынаходзіць. Больш за тое, часта нават прызначанае начальства не ведае ўсёй спецыфікі прадпрыемства. Таму, як ні круці, усё ў нашых руках.

Партызанская вайна не заключаецца толькі ў вядзенні адкрытых сутычак з акупантамі і парушэнні іх стратэгічных планаў. У тыле ворага можна ствараць значна большыя перашкоды.

У нашай краіне да ваенна-прамысловага комплексу (ВПК) належаць 30 прадпрыемстваў, сярод якіх: ААТ Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт», ААТ «Агат-электрамеханічны завод», ТАА «Белфортэкс», які вырабляе праграмнае абсталяванне вайсковага прызначэння, і Гомельскае канструктарскае бюро «ЛУЧ», што спецыялізуецца на распрацоўцы і вырабе антэна-фідэрных прылад і іх элементаў. Навучанне канструктараў, праграмістаў, наладжванне працэсу вырабу абсталявання - праца дзесяцігоддзяў.

Запаволенне вытворчасці неабходных для расейскага войска запчастак - справа цалкам магчымая.

Псуйце гэтыя машыны і перакрывайце для Расеі выпуск якасных дэталяў. Гэта паўплывае на вядзенне баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны і выратуе тысячы жыццяў. Пагадзіцеся, толькі працоўныя ведаюць кожную дэталь, як яна вырабляецца, дзе і што можа зламацца. Вузкая спецыялізацыя і ўнікальнасць кожнага супрацоўніка - моцны козыр супраць дыктатур.

Партызаны, якія працуюць на МЗКЦ, могуць стаць годным прыкладам для ўсіх працоўных Беларусі. У 2020 годзе МЗКЦ стаў косткай у горле для Лукашэнкі. Прыехаўшы туды пасля выбараў, чакаючы падтрымкі, ён пачуў толькі гучнагалосае «Сыходзь!». А кожнае сказанае ім слова суправаджалася незадаволеным гулам і воклічамі «Ганьба!». Менавіта таму гэтае прадпрыемства, як адно з найбуйнейшых у ВПК, дзе працуе вялікая колькасць беларусаў нязгодных з вынікамі выбараў 2020 года і якія выступаюць супраць вайны, можа запусціць ланцуговую рэакцыю. Выпадковыя паломкі на такіх стратэгічна важных прадпрыемствах натуральным чынам паўплываюць не толькі на ВПК, але і на іншыя галіны Беларусі. Гэта дапаможа Украіне перамагчы рашызм, а беларусам перамагчы дыктатуру. Важна пры гэтым быць упэўненым у сваім прафесіяналізме і захоўваць асцярожнасць. Жыве Беларусь! Слава Украіне!

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках