26 красавiка 2024, Пятніца, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы змаглі звярнуць старэнне клетак чалавечай скуры на 30 гадоў

10
Навукоўцы змаглі звярнуць старэнне клетак чалавечай скуры на 30 гадоў

Чарговы крок на шляху да вечнай маладосці.

Крыніца вечнай маладосці яшчэ не знойдзена, але, магчыма, гэта першы крок да яе дасягнення. Навукоўцам з брытанскага Інстытута Бабрэма ўдалося амаладзіць клеткі скуры на 30 гадоў. Пры гэтым яны захавалі сваю функцыю і нават павысілі выпрацоўку калагену. Вынікі даследавання апублікаваны ў часопісе sciencealert.com.

Гэта толькі пачатковы этап даследавання, але ў даляглядзе метад дазволіць распрацаваць лячэнне некаторых разбуральных наступстваў старэння цела.

Працэс быў заснаваны на працы, ганараванай Нобелеўскай прэміяй ў 2007 годзе. Яе аўтар Сін'я Яманака змог стварыць са звычайных клетак ствалавыя, з якіх можна атрымаць любыя клеткі. Аднак гэта значыла страту іх функцыі.

«За апошняе дзесяцігоддзе наша разуменне старэння на малекулярным узроўні прагрэсавала, даўшы пачатак тэхналогіям, якія дазваляюць даследчыкам вымераць узроставыя біялагічныя змены ў чалавечых клетках», – каментуе біёлаг Дылджыт Гіл з брытанскага Інстытута Бабрэма.

«Мы змаглі прымяніць гэта ў нашым эксперыменце, каб вызначыць ступень рэпраграмавання, якую забяспечваў новы метад», – дадае ён.

Новы метад працуе хутчэй (13 дзён супраць 50 у эксперыментах Яманакі) і дазваляе спыніць працэс да таго, як клетка стане ствалавой і страціць зыходную функцыю.

Каб пацвердзіць, што біялагічны ўзрост клетак скуры сапраўды вярнуўся на 30 гадоў таму, выкарыстоўваліся розныя метады, у тым ліку эпігенетычныя гадзіны (хімічныя маркеры, якія паказваюць на ўзрост) і транскрыптам (счытванне генаў, створаных клеткамі).

Адна з ключавых функцый клетак скуры - вытворчасць калагену, які патрэбны для фармавання структуры скуры і гаення ран. Навукоўцы зафіксавалі, што амалоджаныя клеткі захавалі гэтую здольнасць. Больш за тое, у параўнанні з кантрольнымі клеткамі, якія не былі перапраграмаваныя, амалоджаныя клеткі выраблялі больш калагену і дэманстравалі здольнасць хутчэй загойваць раны.

«Мы давялі, што клеткі могуць быць амалоджаныя і не страціць сваю функцыю, і што амалоджванне нават аднаўляе некаторыя функцыі старых клетак», – адзначае Гіл.

Таксама навукоўцам удалося павярнуць узроставыя індыкатары ў генах, звязаныя з хваробамі, што асабліва перспектыўна для даследавання.

Пакуль праца метаду не да канца зразумелая, але даследнікі мяркуюць, што перапраграмаванне не закранае пэўныя ключавыя часткі геному, якія дапамагаюць кантраляваць ідэнтыфікацыю клетак.

З узростам звязана мноства медычных праблем - ад сардэчных захворванняў да хваробы Альцгеймера. Патэнцыйна апісанае даследаванне зможа прапанаваць спосабы запаволіць іх развіццё.

Адным з наступных этапаў стане тэставанне тэхналогіі на іншых клетках цела - гэта патрабуецца, каб гарантаваць яе бяспеку да клінічных даследаванняў.

«У канчатковым выніку мы зможам ідэнтыфікаваць гены, якія амаладжваюцца без перапраграмавання, і ўздзейнічаць канкрэтна на іх, каб знізіць эфекты старэння, – сцвярджае малекулярны біёлаг Вульф Рэйк з Інстытута Бабрэма. - Гэты падыход абяцае каштоўныя адкрыцці, якія адкрыюць шырокія гарызонты для лячэння».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках