28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Ціск трэба прадаўжаць, у Беларусі магчымыя перамены

12
Наталля Радзіна: Ціск трэба прадаўжаць, у Беларусі магчымыя перамены
НАТАЛЬЯ РАДЗІНА

Украіна можа дапамагчы вызваленню Беларусі.

Пра гэта галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна заявіла ў інтэрв'ю ўкраінскаму тэлеканалу «Кіеў».

- Што да інфармацыі аб тым, што ў 2020 годзе Расея планавала ўварванне ў Беларусь. Якое стаўленне ў самой Беларусі да гэтай інфармацыі? Ці звярнулі на яе ўвагу ці не?

- Шчыра кажучы, я не зусім разумею ў чым сенсацыйнасць заявы ГУВ Мінабароны. Рэч у тым, што ў 2020 годзе Лукашэнка ўтрымаўся ва ўладзе выключна дзякуючы ўсебаковай падтрымцы з боку Расеі. Рэжыму была нададзеная і палітычная, і фінансавая, і сілавая дапамога, бо мы ведаем, што байцы Расгвардыі ўдзельнічалі ў здушэнні масавых пратэстаў супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Беларусі ў 2020 годзе. Таксама ў Беларусі быў высаджаны расейскі прапагандысцкі «дэсант», які прыбыў на беларускія тэлеканалы замест супрацоўнікаў Беларускай тэлевізіі, якія ў той час масава звальняліся. Гэта значыць, падтрымка была ўсебаковай, і Лукашэнка змог утрымацца ва ўладзе выключна дзякуючы Пуціну.

Што да вайсковай тэхнікі, то яна ўжо тады знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, таму давайце не забывацца, што ў 2019 годзе прайшлі маштабныя расейска-беларускія вайсковыя вучэнні і нам вядома, што яшчэ тады далёка не ўся расейская тэхніка і не ўсе ўзброеныя сілы былі выведзеныя з тэрыторыі Беларусі.

Цяпер жа Беларусь – гэта краіна, якая сапраўды акупаваная Расеяй. У лютым 2022 года таксама прайшлі расейска-беларускія вучэнні. Расейская тэхніка і войскі не сышлі з тэрыторыі краіны і быў учынены напад на тэрыторыю Украіны. Таму мне здаецца, што цяпер вельмі важна разумець, што рэжым Лукашэнкі - гэта суагрэсар. Менавіта праз пазіцыю рэжыму Лукашэнкі адбываецца сёння ракетны напад на тэрыторыю Украіны. І вельмі важная жорсткая і прынцыповая рэакцыя ўладаў Украіны ў дачыненні да дыктатуры ў Беларусі.

- Якія павінны быць крокі? Якая павінна быць рэакцыя?

- Найперш, павінна быць уведзенае гандлёвае эмбарга, якое было ўведзенае нядаўна з боку Украіны ў дачыненні да Расеі. Бо, шчыра кажучы, мяне крыху збянтэжыла, што было абвешчана аб спыненні гандлю з Расеяй, але нічога не было сказана пра Беларусь. Трэба ўводзіць такія ж санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Мы бачым, што гэта робяць заходнія краіны, якія ўводзяць санкцыі і супраць Расеі, і ў дачыненні да яе хаўрусніка - Беларусі. Тое ж самае павінна рабіць і Украіна сёння. Спыніць увесь гандаль з рэжымам Лукашэнкі: нафтапрадуктамі, калійнымі ўгнаеннямі і далей паводле спісу.

- Так. Беларусь фактычна - гэта таксама краіна-агрэсар, з тэрыторыі якой мы атрымалі такую бяду на сваёй тэрыторыі. Наталля, а што з настроямі ў Беларусі? Я разумею, што зараз моцна заціснулі, у прынцыпе, гэта ўжо было даўно на тэрыторыі Беларусі, але і мае знаёмыя, якія там жывуць, кажуць, што з пачатку ўварвання кантроль стаў значна больш жорсткім. Настроі сярод беларусаў якія, якая падтрымка, калі браць у адсотках?

- Безумоўна, абсалютная большасць беларусаў падтрымлівае сёння Украіну. Абсалютная большасць беларусаў выступае супраць гэтай вайны. Сапраўды, у сувязі з масавымі рэпрэсіямі, якія працягваюцца ў краіне, вельмі складана выказаць сваю пазіцыю публічна, але тым не менш мы бачым з таго партызанскага руху, які сёння пачаўся ў краіне, што людзі ўсё адно спрабуюць рабіць усё магчымае, каб неяк дапамагчы суседзям-украінцам.

Што да сітуацыі ў краіне: дзейнічаюць заходнія санкцыі. Чаму так важна, каб Украіна была прынцыповая ў дачыненнях з рэжымам Лукашэнкі? Таму што фактычна ў краіне сёння перадстрайкавы стан. Санкцыі, якія ўвёў Захад, сур'ёзна ўдарылі па беларускіх прадпрыемствах. Напрыклад, днямі ў Беларусі масава прайшлі ператрусы і затрыманні прафзвязных актывістаў. Гэта таксама пацвярджае, што на беларускіх прадпрыемствах магчымыя неўзабаве сур'ёзныя хваляванні, што людзі вельмі незадаволеныя і рэжымам Лукашэнкі, і сваім узроўнем жыцця.

Сёння трэба працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі. Бо сапраўды магчымыя тыя перамены, якія мы чакаем у нашай краіне амаль 30 гадоў.

- Магчыма, хаця б праз страўнік атрымаецца дастукацца да тых, у каго Лукашэнка ў галаве. Скажыце, што тычыцца мабілізацыі, калі яе абвесцяць, калі будуць спрабаваць адправіць беларусаў на вайну супраць Украіны, у такой жорсткай сітуацыі абмяркоўваюцца нейкія варыянты, як пазбегнуць мабілізацыі, і наколькі ўвогуле вы разглядаеце магчымасць такога сцэнару?

- Адназначна можна сказаць, што ў выпадку, калі беларускія войскі ўвойдуць на тэрыторыю Украіны, будзе масавая здача ў палон, пераход на бок Украіны, здача зброі. І гэта вельмі добра разумеюць і расейскія, і беларускія ўлады, таму так не спяшаюцца ўводзіць беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыю Украіны. Мы ведаем, што частка беларускіх спецпадраздзяленняў усё ж ужо ўводзілася на тэрыторыю вашай краіны, але была выведзеная ў сувязі з настроямі беларускіх вайскоўцаў, якія не хочуць ваяваць супраць братоў-украінцаў.

- Спадзяемся, што так і будзе. І спадзяемся, што яны гэта разумеюць. Шчыра дзякуем, што далучыліся да нас. Наталля Радзіна - беларуская журналістка, галоўная рэдактарка сайта Хартыя’97. Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках