20 красавiка 2024, Субота, 1:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэда беларускіх партызанаў 21 стагоддзя

11
Крэда беларускіх партызанаў 21 стагоддзя

Падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, увойдуць у падручнік гісторыі.

З моманту нападу Расеі на Украіну ўсяму насельніцтву зямной кулі давялося ўспамінаць, а некаторым знаёміцца ўпершыню з вайсковымі тэрмінамі. Абыякавых да жудасных падзей, якія робяць рашысты на чужых тэрыторыях, проста няма. Таму кожны быў вымушаны чуць ці чытаць словы, з якімі ў паўсядзённым жыцці не сутыкаўся.

Адным з такіх стала слова «партызаны». Асабліва часта яго можна пачуць у дачыненні да беларусаў, якія распачалі рэйкавую вайну супраць войска РФ. Але мала хто ўяўляе партрэт сучаснага чалавека, які можа насіць гэтае ганарлівае званне. Я часта чую асацыяцыі, што гэта невялікія ўзброеныя групы людзей, якія хаваюцца ў лесе і ладзяць дыверсіі. Відавочна, у многіх адклалася гэтае паняцце яшчэ з часоў Другой сусветнай вайны. Але нефармальны характар партызанскіх атрадаў, як правіла, звязаны з тым, што іх мэтай з'яўляецца барацьба супраць існай у краіне ўлады: ці то дыктатарскі рэжым, ці акупацыя.

Партрэт сучаснага партызана іншы. У 21 стагоддзі яго не пазнаеш сярод іншых людзей. Ён таксама, як і ўсё, ходзіць на працу, робіць набыткі ў краме, часам сустракаецца з сябрамі на выходныя. Гэта, у прынцыпе, сярэднестатыстычны беларус.

Сучасныя беларускія партызаны з'явіліся на тэрыторыі нашай краіны задоўга да пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне. Гэтаму ёсць шматлікія пацверджанні. Лукашэнка цягам усяго часу ўтрымліваўся ва ўладзе толькі сілавым метадам, усталяваўшы тым самым рэжым дыктатуры. Яшчэ напрыканцы 90-х гадоў беларусы адказалі на гэта фармаваннямі незалежных ячэек, якія ўвесь час змагаліся за правы і свабоды ўсіх грамадзянаў краіны. Гэта незалежныя прафзвязы, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, гістарычныя і чытацкія клубы, незалежныя СМІ. Задоўга да шматтысячных пратэстаў ва ўсіх гарадах можна было ўбачыць дзеянні гэтых партызанаў: ці налепка з нацыянальным беларускім сцягам, ці шэсце па горадзе. Я таксама ўспамінаю, як пасля выбараў 2010 года ў Гародні раздавалі розныя кнігі, якія трапілі пад цэнзуру, а СМІ публікавалі рэальныя матэрыялы і паказвалі падзеі, якія не заўважала афіцыйная тэлевізія. Асвета грамадзянаў і любыя дзеянні супраць рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі, можна аднесці да сапраўднай партызанскай вайны 21 стагоддзя.

У 2020 годзе партызаны дзейнічалі зусім іншым спосабам. Тады не было нейкіх асобных фармаванняў. Уся Беларусь стала краінай партызанаў, якія выйшлі змагацца з самай сапраўднай акупацыяй. Нас нават не спалохала тое, што Лукашэнка падняў на вушы ўвесь сілавы блок. Мы пачалі арганізоўваць страйкі, кожны дзень станавіцца ў ланцугі салідарнасці і збірацца на галоўных пляцоўках краіны. Адны тэлеграм-чаты і каналы колькі каштавалі лукашыстам, якія не чакалі, што сутыкнуцца з такімі сучаснымі тэхналогіямі.

Так, варта прызнаць, выходзіць на вуліцу з кветкамі, сцягамі і шарыкамі супраць узброенага да зубоў войска – надзей не так шмат. Але факт партызанскай вайны ў Беларусі жалезна адклаўся ў нашай свядомасці. Беларусы непакорлівыя і, нягледзячы на ўзмацненне жорсткасці рэжыму, прадаўжаюць партызанскую барацьбу – толькі цяпер яшчэ і супраць расейскіх акупантаў.

У цяперашніх умовах, якія склаліся ў нашай краіне, партызаны звяртаюцца да больш вынаходлівых метадаў барацьбы. І як паказала практыка, фантазіі для гэтага ў нас больш чым дастаткова. Апроч антываенных графіці, якія з'яўляюцца па ўсёй краіне, кожны дзень можна назіраць барацьбу з фашыстамі на нашай тэрыторыі. І прыклады ёсць: таксіст, які адмаўляецца везці акупантаў; бабуля ў вёсцы, якая паказала няправільную дарогу рашыстам; супрацоўнік пошты, які «выпадкова» згубіў пасылку, намарадзёраную фашыстамі ва Украіне.

Чым не партызанская вайна? Кожны беларус можа быць задзейнічаны. Прадаўцы могуць не абслугоўваць расейскіх салдатаў, спасылаючыся на тое, што маюць права не адпускаць тавар асобам у нецвярозым стане. А як паказваюць апошнія месяцы, да выпіўкі ў іх асаблівая прыхільнасць. Нават міліцыянер або даішнік (калі там яшчэ засталіся сумленныя), які затрымлівае расейскага п'янага салдата, збольшага з'яўляецца партызанам. Такія затрыманні мы ўжо не раз назіралі на Гомельшчыне.

Падзеі, якія адбываюцца, увойдуць у падручнік гісторыі, дзе абавязкова будзе раздзел пра беларускіх партызанаў. Рэйкавая вайна, якую разгарнулі нашы смелыя актывісты, ужо выратавала шмат жыццяў. Беларусы павінны прадаўжаць годны супраціў арміі РФ, каб нашы дзеці і ўнукі, вывучаючы гісторыю, разумелі, што беларусы незалежна ад абставінаў былі на баку дабра і свабоды. Што жаданне выратаваць чалавечыя жыцці мірных людзей стала сапраўдным крэда беларускіх партызанаў 21 стагоддзя.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках