19 красавiка 2024, Пятніца, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра барацьбу са шкоднымі звычкамі

20
Пра барацьбу са шкоднымі звычкамі
ІРЫНА ХАЛІП
ФОТА: «НАША НІВА»

Героям слава - гучыць не толькі па-ўкраінску.

Звычка мацнейшая за вайну. Падчас Другой сусветнай вайны людзі, якія жылі пад пастаяннымі бамбаваннямі, спачатку дысцыплінавана ўцякалі ў бамбасховішчы пры першых гуках паветранай трывогі і сядзелі, пакуль не прагучыць сігнал адбою. А потым праходзіў месяц-другі - і звыкалі: да выцця сірэны, да выбухаў, нават да смерцяў. І заставаліся дома.

Вылі сірэны, грымелі выбухі, свечкамі ўспыхвалі будынкі, а людзі сядзелі дома - вязалі, чыталі, сёрбалі кіпень і нават не ўздрыгвалі. Звычка намёртва ўядалася ў скуру, супакойвала мозг, расслабляла мышцы: пры прамым траплянні ўсё адно не выратавацца, дык чаго бегаць туды-сюды, калі можна застацца ва ўласным крэсле з улюбёнай кнігай? Цяпер ва Украіне адбываецца тое ж самае. Ідзе другі месяц вайны, і ўкраінцы пачалі да яе звыкаць. Вучыцца з ёй жыць, дамаўляцца і нават атрымліваць задавальненне насуперак кашмару. У Кіеве зноў адчыняюцца кавярні і кандытарскія, хутка пачнуць працаваць тэатры. Сёмую сімфонію нашага стагоддзя, праўда, яшчэ ніхто не напісаў. Але напішуць. Музы з гарматамі заўсёды спяваюць ва ўнісон.

Абвыкнуць да вайны, знаходзячыся далёка ад яе, - яшчэ прасцей. Першы тыдзень вайны і я, і ўсе мае знаёмыя - у Беларусі, у Расеі, у Францыі, у Ізраілі - не спалі наогул. Кожныя некалькі хвілін хапаліся за тэлефоны, адкрывалі ўкраінскія навінавыя сайты: ну што там?! Праз пару тыдняў усе ўжо спалі начамі. Раніцай, праўда, яшчэ не прачнуўшыся, занураліся ў тэлефоны і прагортвалі начную інфармацыйную стужку: ага, усё зразумела, тут бамбавалі, там атакавалі, тут адступілі. А зараз, калі вайна ідзе другі месяц, і зусім звыклі. Не, вядома, мы па-ранейшаму хапаемся за тэлефон з навінамі, але ўжо памыўшыся і наліваючы сабе першы кубак кавы. Так, канчаткова разбурылі Марыюпаль, затое вызвалілі Ірпень. Гуманітарны калідор працуе, Кім запісвае відэа, перамовы ў Стамбуле, увечары не забыцца забегчы па кветкамі перад днём нараджэння сяброўкі, а цяпер замовіць дастаўку на заўтра, а то пральны парашок заканчваецца. Таня, вітаю, увечары ў Каці ўбачымся?

Гэтак жа мы звыклі да тэрору ўнутры краіны. Колькі там, яшчэ дзясятак палітвязняў за сёння? Плюс столькі ж арыштаваных чыгуначнікаў. Ага, яшчэ траўматолагаў з паўсотні арыштавалі. І банкіраў, як заўсёды. Таня, ты чаго спазняешся, мы ўжо пачынаем адзначаць!

Вядома, адзначаць - гэта важна, і дні нараджэнні сваякоў і сяброў прапускаць нельга, і пральны парашок трэба купляць своечасова, і праца - воўк, у лес уцячэ без аглядкі, калі агінацца. Але ў самы непрыдатны момант, калі жыццё ўжо выглядае амаль як ранейшае, даваеннае і нават да жніўня, раптоўна пранізвае: Паліну Шарэнда-Панасюк 6 красавіка зноў будуць судзіць за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Яна не выходзіць з карцэру, бо адмаўляецца шыць форму сілавікам. Яна адчайна ваюе за ўласную годнасць. Яна ў палоне, яе муж у выгнанні, яе дзеці чакаюць маму з татам. А маці 6 красавіка дададуць тэрмін. Няўжо да гэтага можна звыкнуць?

А потым - пранізвае зноў: Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Андрэя Войніча, Максіма Вінярскага будуць пераводзіць з калоній у крытую турму. Іх таксама чакае суд. Уяўляеце, усе яны ў розных калоніях, але ўсе разам - пад суд. З імі - Ірына Шчасная, да якой быццам у адміністрацыі жаночай калоніі прэтэнзій няма, але раз ужо звязалася ў свой час з ворагамі народа - атрымлівай наўздагон. Здавалася б, звыкнуць да такога немагчыма. Але і гэтыя навіны для многіх становяцца звычайнымі, як бамбаванне Марыюпаля.

І з гэтай шкоднай звычкай трэба змагацца. Для тых, хто на вайне, пад абстрэламі, у турме, звычка - выратаванне. Яна стварае ілюзію ўладкаванасці жыцця і заганяе страх унутр, пад скуру. Але калі да чужых пакут пачынаем звыкаць мы - тыя, хто хоць бы ў нейкай бяспецы, - гэта становіцца вельмі шкоднай звычкай, якая дазваляе душы зарастаць мохам, а розуму - тлушчам. І найлепшы метад барацьбы з ёй - дзеянне. Напісаць лісты палітвязням, патэлефанаваць сябрам-украінцам, стаць валанцёрам, паўдзельнічаць у зборы гуманітарнай дапамогі для Украіны, дапамагчы купіць дзіцячы ровар жонцы палітвязня, якая з цяжкасцю выжывае з дзецьмі на маленькі заробак. Зрэшты, знайсці сотню варыянтаў можа кожны з нас. Галоўнае - не звыкаць да таго, што канцэнтраваныя гора, пакуты, смерць - гэта нармальна і будзе заўсёды. Не будзе, калі толькі мы самі на гэта не пагодзімся.

Так што дапамагаем украінцам усім, чым можам, але ні на імгненне не забываемся пра сваіх. Героям слава - гучыць не толькі па-ўкраінску.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках