23 красавiка 2024, aўторак, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Украіна абавязкова пераможа, калі не паддасца на хітрыкі Пуціна

18
Зміцер Бандарэнка: Украіна абавязкова пераможа, калі не паддасца на хітрыкі Пуціна

Следам за рэжымам у Расеі пасыплецца і беларускі.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка выказаў меркаванне, што падзеі ва Украіне прывядуць да радыкальных змен у рэгіёне.

- Якія прамежкавыя вынікі трохтыднёвага супрацьстаяння ўкраінскага народа супраць расейскіх агрэсараў можна падвесці?

- Можна сказаць, што пасля 24 лютага пачалася новая эпоха. Таму што ў ХХІ стагоддзі не было такой сур'ёзнай вайны на еўрапейскім кантыненце. Хаця быў і захоп Крыма, і акупацыя Данбаса, тым не менш, такіх сатанінскіх дзеянняў ад пуцінскай Расеі свет усё ж не чакаў. Але Захад гэтую пагрозу прыняў і даў на яе калектыўны і смелы адказ.

Калі казаць пра самую ваенную аперацыю, то гэтыя тры тыдні вайны паказалі слабасць расейскага войска, звязаную з яе тэхналагічнай адсталасцю. Расейскія салдаты проста былі ашуканыя і пры ўваходжанні ва Украіну не чакалі такога супраціву, не мелі ніякай матывацыі смела ваяваць.

Свет быў здзіўлены ўзроўнем дзеянняў украінскага войска, згуртаванасцю ўкраінскага народа, хаця мы ўсе ведалі, якая там ішла вострая палітычная барацьба, якая ішла крытыка ўлады з розных бакоў, але ў момант выпрабавання ўкраінскі народ згуртаваўся і разам з войскам змог спыніць атаку расейскай арды, паказаць, што ўкраінскае войска можа дзейнічаць на высокім прафесійным узроўні, што гэтыя гады пасля першай агрэсіі, гэтыя восем гадоў, вайсковае кіраўніцтва Украіны выкарыстоўвала для стварэння сапраўды дзеяздольнага войска.

- Украіна пераможа ў гэтай вайне?

- Упэўнены, што Украіна пераможа, калі не будзе дамагацца мірных пагадненняў усялякім коштам. Таму што мы бачым, што Расея капіюе, паўтарае свае дзеянні ў Сірыі, а мы памятаем, што ў момант пачатку перамоў пад патранажам Расеі і з удзелам Ірана дыктатар Асад кантраляваў прыкладна 20 адсоткаў тэрыторыі Сірыі. Пасля пачатку гэтых перамоў, якія суправаджаліся страшнымі бамбёжкамі з паветра расейскай авіяцыяй і зверскімі дзеяння ўзброеных сіл праіранскіх груповак на тэрыторыі Сірыі, сітуацыя прывяла да таго, што сёння Асад кантралюе 70 адсоткаў сірыйскай тэрыторыі. Загінулі сотні тысяч чалавек, з'явіліся мільёны ўцекачоў.

Пры ўсім тым жаху, які робіць Расея, нельга ёй верыць і ісці на перамовы ўсялякай цаной, бо яна будзе гэта жорстка выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Калі ж Украіна будзе смелая і паслядоўная як зараз, тады яна атрымае ўсю сусветную падтрымку. Думаю, што і вайсковая падтрымка будзе ўзмацняцца з боку цывілізаванага свету і тады перамога Украіны можа быць вельмі блізкай і разгромнай для Расеі, бо смеласць украінскага войска і моцная падтрымка Захаду могуць прывесці да падзення пуцінскага рэжыму ў Расеі ў найбліжэйшы час, цягам даслоўна некалькіх месяцаў.

- Наколькі моцна ўдараць па эканоміцы РФ санкцыі, якія былі ўведзеныя і якія наступствы яны могуць мець для самога Крамля?

- Я неяк размаўляў з адным з польскіх экспэртаў, яшчэ падчас першай агрэсіі, і ён казаў, што Пуцін не дурны чалавек, як ён можа пачаць вайну ў XXI стагоддзі, бо сёння ў свеце кіруе не геапалітыка, а геаэканоміка. Мой прагноз тады быў, што Пуцін усё роўна будзе ваяваць і не спыніцца.

Але спадзяюся, што геаэканоміка пераможа зараз, бо не можа краіна, якая мае ВУП памерам 1,7 адсотка ад сусветнай эканомікі ваяваць супраць усяго свету. Санкцыі ўжо ўдарылі страшнейшым чынам па эканоміцы Расеі.

Мы бачым, як закрываюцца фірмы, як сотні тысяч, мільёны расейцаў застаюцца без працы, што арыштаваны золатавалютны запас Расеі. І маральны аспект у эканоміцы таксама вельмі важны. Сыход сусветных карпарацый з расейскага рынку наносіць яшчэ, магчыма, большы ўдар, чым санкцыі, якія арганізаваныя ўрадамі дэмакратычных краін.

Расейскія алігархі зразумелі, што Пуцін не толькі не з'яўляецца гарантам іх інтарэсаў, але і з'яўляецца іх асабістым ворагам, бо літаральна за некалькі дзён многія з іх ператварыліся ў жабракоў, страцілі сотні мільярдаў даляраў і іх багацце на Захадзе проста арыштаванае. Паколькі ў Расеі ўсё адно алігархічны рэжым, думаю, буйны бізнэс у выніку проста скіне гэтую звар'яцелую крамлёўскую групоўку.

- Як сябе будзе паводзіць Кітай у гэтай сітуацыі?

- Я раней казаў, што Расея сёння - гэта малпа, якая цягае падпаленыя каштаны з агню для Кітая, таму што Кітай знаходзіцца ў вострай канкурэнцыі з ЗША. У найбліжэйшыя 20 гадоў будзе адбывацца вострая барацьба за сусветную гегемонію. Ці застануцца гэтым сусветным гегемонам ЗША ці стане Кітай?

Пакуль Кітай не можа стаць першай дзяржавай свету, але ён прамацвае глебу. У Пуціна няма выхаду, бо ў пачатку свайго кіравання ён меў эканоміку ў Расеі, якая перавышала ВУП Кітая, а сёння эканоміка Расеі - гэта 1/11 Кітая.

Эканоміка Кітая такая, што яго асноўным партнёрам з'яўляецца ЕЗ. На пачатковым этапе ён планаваў з Еўразвязам новы «шаўковы шлях», які праходзіў бы праз тэрыторыю Расеі, Беларусі і Украіны. Цяпер Пуцін практычна ўдарыў па інтарэсах Кітая. Цягаў бы і цягаў каштаны, але ўсё ж не такой цаной.

Мне здаецца, што Кітай зараз не пойдзе на вайну з усім светам, з ЗША, з Еўразвязам, з Японіяй. Ён проста да гэтага не гатовы. І для яго лепш паглядзець, што будзе з Расеяй у выніку гэтай вайны. Як мінімум, Кітай спадзяецца, што ён не страціць, бо ў выпадку паразы Расеі і магчымага яе распаду да яго паслуг будуць Сібір і Далёкі Усход Расейскай Федэрацыі. Замест таго, каб Крамлю шукаць хаўруснікаў на Захадзе для абароны сваіх самых прынадных кавалачкаў, дзе знаходзіцца ўся табліца Мендзялеева, расейцы чамусьці паперліся супраць усяго свету.

- Як удзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны паўплывае на ягоны рэжым?

- Лукашэнка пайшоў ва-банк, у яго не было выхаду, бо Пуцін яго выратаваў у 2020 годзе і менавіта таму была дадзеная тэрыторыя для агрэсіі. У нас ёсць інфармацыя, што і беларускія артылерысты ўдзельнічалі ў абстрэле ўкраінскай тэрыторыі. Лётчыкі бралі ўдзел, сілы спецыяльнага прызначэння, невялікія падраздзяленні былі на тэрыторыі Украіны і нават заходзілі мотастралковыя часткі, але яны вымушаны былі вярнуцца, бо беларускія салдаты адмаўляліся ваяваць.

Cёння рэжым Лукашэнкі трапіў пад санкцыі, трапіў пад наступствы санкцый супраць Расеі, і лёс Лукашэнкі шчыльна звязаны з лёсам Пуціна. Думаю, што найбліжэйшым часам у рэжыму будуць катастрафічныя праблемы. І ўжо ў Лукашэнкі прапятляць, як гэта было ў 2014 годзе, не атрымаецца, бо ўсе называюць яго рэжым суўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны.

- Якія яшчэ прычыны таго, што дыктатар пабаяўся паўнавартасна задзейнічаць беларускіх салдат ва ўварванні ва Украіну?

- Кажуць, што Лукашэнка не адпраўляе войскі. Не, Лукашэнка аддаў загад аб уступленні войскаў, але яго сабатавалі як генералы, так і афіцэры на сярэднім узроўні. А прычына ў тым, што беларускае войска складаецца з маладых людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у пратэстах супраць Лукашэнкі і супраць беларускай дыктатуры.

Існуе рэальная пагроза для дыктатуры, а для нас магчымасць, што ўзброеныя сілы Беларусі выступяць супраць Лукашэнкі і расейскіх войскаў. Але я хацеў бы сказаць, што гэта не адбылося само сабой, у гэтым розніца паміж расейцамі і беларусамі. Рэальная ацэнка беларусамі вайны ва Украіне звязана з добрай працай беларускіх журналістаў, незалежных медый і многіх беларускіх блогераў.

Бо ў Расеі былі нядрэнныя ліберальныя медыя, але агулам большасць насельніцтва жыла толькі расейскай прапагандай. Ступень разумення рэальнай сітуацыі, вайны ва Украіне ў Беларусі на парадак вышэйшая, чым у Расеі. Таму сёння беларусы (у тым ліку і ў войску) маюць магчымасць атрымліваць праўдзівую інфармацыю з розных крыніц, няхай не самым простым спосабам, але дзякуючы гэтаму абсалютная большасць беларусаў змагаецца за свабоду і незалежнасць Украіны.

- Што сёння могуць зрабіць беларусы, каб дапамагчы Украіне і наблізіць сваю свабоду?

- Рабіць тое, што робяць. Неабходна дапамагаць фінансавым шляхам Узброеным сілам Украіны і гуманітарным арганізацыям ва Украіне. Для гэтага ёсць спецыяльныя рахункі і беларусы, асабліва тыя, хто маюць замежныя рахункі, бізнэс за мяжой, могуць надаваць прамую дапамогу Узброеным сілам Украіны.

Ведаю, што беларуская дыяспара ва ўсім свеце дапамагае ўкраінскім уцекачам усім, чым можа: ад акцый пратэсту да валанцёрства, дапамогі ўкраінцам. Ведаю, што сотні, тысячы беларусаў у Польшчы прыязджалі на мяжу на сваіх аўтамабілях, перавозілі ў месцы новага жыхарства ўкраінцаў, удзельнічаюць як валанцёры ў працы розных гуманітарных арганізацый: і польскіх, і міжнародных, усяляк дапамагаюць у акцыях салідарнасці па ўсёй краіне.

Вядома, тыя, хто адчувае ў сабе сілы, хто мае здароўе, мае вайсковую спецыяльнасць, могуць адправіцца змагацца ва Украіну наўпрост, як робяць гэта байцы добраахвотніцкага батальёна імя Кастуся Каліноўскага ва Украіне, а таксама беларусы, якія змагаюцца ў іншых падраздзяленнях УСУ, Нацыянальнай гвардыі і Тэрытарыяльнай абароны Украіны.

Таму што лозунг «За вашу і нашу свабоду!» як ніколі актуальны. За нас нашую працу і частку нашай барацьбы ніхто не зробіць.

Я прагназую, што эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца ў Расеі і яшчэ хутчэй - у Беларусі. У сувязі з тым, што мільён беларусаў страціць свае працоўныя месцы і вельмі моцна страцяць узровень даходаў, нам трэба быць гатовым да ўсеагульнага страйку. Гэта непазбежная частка, але яна будзе ўжо выкліканая не эканамічнымі прычынамі, а гэта будзе палітычны страйк з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі і сыходу расейскіх войскаў. Гэта магчыма.

Калі ў 1990-х гадах за незалежнасць Беларусі шмат у чым змагаліся чачэнцы, і тады Расея пабаялася акупаваць Беларусь і цалкам яе захапіць, то цяпер за нашу свабоду ваююць украінцы, але нашая барацьба яшчэ наперадзе, мы павінны будзем зрабіць гэтыя смелыя крокі. У гэтай сітуацыі пажадана, каб гэта абышлося без вялікай крыві і без тэрытарыяльных страт.

У той момант, калі пачне сыпацца пуцінскі рэжым у Расеі, адпаведна будзе сыпацца і рэжым у Беларусі. Гэта, на мой погляд, не справа далёкай перспектывы, усё гэта адбудзецца сёлета і трэба быць да гэтага гатовым, трэба быць згуртаванымі, трэба вучыцца згуртаванасці ва ўкраінцаў, дапамагаць нашым створаным узброеным фармаванням, весці працу са сваімі суседзямі, асабліва з тымі, хто звязаны з Узброенымі сіламі, хто мае такую магчымасць, а таксама рыхтавацца да нашай беларускай бітвы.

Пасля, думаю, што пасля падзення пуцінскага рэжыму нам трэба будзе разам з Украінай хутка ўступаць у Еўрапейскі Звяз і, хутчэй за ўсё, у NАТО. Тады не будзе ўжо патрэбу рабіць стаўку на нейкіх прарасейскіх палітыкаў, бо Расея будзе занятая сваімі праблемамі і ёй проста будзе не да Украіны і не да Беларусі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках