20 красавiка 2024, Субота, 12:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэй, хто-небудзь!

28
Гэй, хто-небудзь!
Ірына Халіп

Ці паўтораць беларускія прапагандысты ўчынак Марыны Аўсяннікавай?

Тыя імгненні, якія Марына Аўсяннікава правяла ў жывым эфіры расейскага Першага канала з плакатам «Спыніце вайну, не верце прапагандзе, тут вам хлусяць!», у шматлікіх сусветных медыя паспелі назваць «шасцю секундамі, якія ўзрушылі свет». Сацыяльныя сеткі тым часам падзяліліся на два лагеры.

Прадстаўнікі першага казалі, што Марына здзейсніла подзвіг, што яна гераіня новай свабоднай Расеі, што яна зрабіла столькі, колькі не зрабілі ўсе расейскія лібералы за два дзесяцігоддзі, і што яе проста трэба вылучыць на Нобэлеўскую прэмію міру. Прадстаўнікі другога сцвярджалі, што калі Аўсяннікава шмат гадоў удзельнічала ў прапагандзе, а пасля пачатку вайны ў сваім Інстаграме шкадавала расейскіх вайскоўцаў, то і кошт яе ўчынку - нуль цэлых нуль дзясятых, і наогул гэта прадуманая акцыя, а не крык душы, і вынікам стане невялікі штраф, затое, у адрозненне ад іншых работнікаў прапагандысцкага фронту, Марына не стане неўязной у Еўропу, і дывідэнды будуць значана вышэйшымі за штраф.

Скажу шчыра: я два дні «вагалася разам з лініяй партыі». І першыя былі пераканаўчыя, і другія. З аднаго боку, Аўсяннікава сапраўды проста шрубка прапагандысцкай машыны, якая працавала дваццаць гадоў без збояў, з вельмі «рускамірнай» старонкай у Інстаграме. З іншага боку, як ні круці, але такі дэмарш - гэта вам не проста заява аб звальненні, гэта ўчынак іншага ўзроўню. Як мінімум дзень пра Марыну казаў увесь свет, і на фоне яе плаката, які некалькі секунд пратрымаўся ў жывым эфіры, думка аб тым, што сумленне ўсё ж прарываецца скрозь дабрабыт, як трава скрозь асфальт, з нявызначанай, неаформленай, коснаязыкай гіпотэзы стала аксіёмай. У сярэдзіне нулявых, калі большасць расейскіх медый з незалежных сталі паступова ператварацца ў крамлёўскую абслугу, а журналісты абрастаць багаццем і кампрамісамі, хтосьці вельмі дакладна сфармуляваў: «Свабоду слова ў Расеі загубіла іпатэка». Дык вось, высветлілася, што нават іпатэка не ў сілах даць рады чалавеку, якому раптам (і не мае значэння, што стала матывам) захацелася сказаць праўду. І, мабыць, учынак усё ж важнейшы, чым матыў.

А ўчора падчас чысткі кампутара мне трапілася заява супрацоўнікаў БТ аб пачатку страйку з 17 жніўня 2020 года на імя старшыні тэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта. Там пяць патрабаванняў - прызнанне прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі, адстаўка Ярмошынай, спыненне гвалту, вызваленне палітвязняў і скасаванне цэнзуры ў СМІ. Пад заявай - больш за трыста подпісаў. Уяўляеце, што такое трыста чалавек у эпіцэнтры прапаганды, якія патрабуюць таго ж, што і беларускі народ? Якое «Лебядзінае возера» яны маглі запусціць у эфір! Або аўтарскі прадукт, бо сярод тых, хто падпісаў заяву, былі вядоўцы, рэжысёры, аператары, грымёры, гукарэжысёры, тэхнікі, асістэнты. Увогуле, уся «лінейка».

І вось тут канчаткова становіцца зразумелым маштаб учынку Марыны Аўсяннікавай. Таму што ў той самы час, калі аператары раскладвалі на канапах БТ улёткі (уласна, з гэтага і пачаўся бунт прапагандыстаў), а да заявы аб пачатку страйку прымацоўваліся ўсё новыя і новыя лісты з подпісамі, калі асвіствалі Качанаву, якая ўваходзіла ў будынак, а Іван Эйсмант клікаў супрацоўнікаў на перамовы, у эфіры гучала ўсё тая ж прапаганда. Ні гуку, ні сігналу, ні дулі ў кішэні, ні «Лебядзінага возера». А менавіта гэтыя трыста чалавек маглі ўзначаліць рэвалюцыю. Усяго і трэба было, што спыніць хлусню.

Які дзіўны ўсё ж такі быў той жнівень. Жонку Івана Эйсманта яшчэ не клікалі Масандрай, і піла яна куды больш высакародныя напоі, чым крымскі «партвейнчык». Да будынку тэлецэнтра прыходзілі калоны дэманстрантаў, якіх гадамі з гэтага будынку аблівалі лайном, і тыя дэманстранты гатовы былі абараняць прапагандыстаў. (Дастаткова ўспомніць, што адну з тых калон прывёў да будынка на Макаёнка Максім Вінярскі.) на сухі лес крыўды - усё дзеля будучыні. У самім будынку вылучалі патрабаванні і рыхтаваліся да страйку. Трыста подпісаў на смелай заяве. Не ставала крыху – сумлення. Бо менавіта сумленне, а не смеласць, прымушае людзей здзяйсняць учынкі. Смеласць - гэта паняцце належыць і да скалалажання, і да бэйсджампінгу, і да аўтагонак. А вось сказаць праўду ў эфіры - тут не смеласць патрэбна, а толькі сумленне.

Але ў тым гарачым жніўні Беларусь была проста дыктатурай. А зараз яна - супольнік агрэсара. З нашай тэрыторыі ляцяць ракеты, якія забіваюць украінскіх дзяцей. Няўжо ніхто з тых трохсот падпісантаў (звольнілася ўсяго некалькі чалавек, большасць працягвае спакойна працаваць) не падніме ў эфіры плакат з некалькімі простымі словамі праўды? Гэй, хто-небудзь!

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках