29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Лаўтман: Лукашэнка не зможа ўтрымацца ва ўладзе

20
Вольга Лаўтман: Лукашэнка не зможа ўтрымацца ва ўладзе

Абапірацца на Расею - гэта нежыццяздольны план.

Старшая навуковая супрацоўніца Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA) Вольга Лаўтман у інтэрв'ю сайту Charter97.org ацаніла імавернасць пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны:

- Калі паглядзець на сітуацыю агулам, то шмат хто засяроджвае сваю ўвагу на пачатку лістапада, калі Пуцін раптам выдумаў «страх пашырэння NАТО» і надумаў звярнуць увагу на гэта.

Калі азірнуцца назад, то гэтая аперацыя планавалася яшчэ летась. Мінулай вясной мы бачылі, як Расея перамяшчала вайсковую тэхніку да межаў Украіны. Частку войскаў яны адвялі назад, але пры гэтым пакінулі там сваю вайсковую тэхніку.

Улетку мы ўбачылі, як яны пачалі прапаганду ўнутры Расеі (пачынаючы з палітычнай верхавіны і аж да расейскіх СМІ), што Украіна - гэта не суверэнная краіна. Пуцін выпусціў эсэ на ўкраінскай мове, што "ўкраінцы і расейцы - адзін народ". Мы бачылі этапы разгортвання гэтай аперацыі.

Потым, у канцы лета і увосень, Пуцін задзейнічаў Беларусь для выкарыстання мігрантаў у якасці зброі для пагрозы еўрапейскім межам. Пасля гэтага мы назіралі выкарыстанне энэргетычных рэсурсаў у якасці зброі, калі кошты ўзляцелі да нябёсаў. Затым мы зноў вяртаемся да таго, што Расея перамяшчае войскі і вайсковую тэхніку да межаў з Украінай, акружаючы яе.

Я гэта бачу як адну вялікую аперацыю. Калі Расея занялася дыпламатыяй, яна не высоўвала справядлівых патрабаванняў. Патрабаванні былі смяхотнымі - ніхто не збіраецца вяртацца ў 1997 год і казаць кожнай краіне, якая ўступіла ў NАТО: «Прабачце, альбо вы павінны выйсці з NATO, альбо мы не збіраемся вас абараняць». Такім чынам, патрабаванні былі невыканальныя. Расtя ведала, што патрабаванні былі невыканальныя. Мусіць, яны смяяліся, калі пісалі іх.

Думаю, што Пуцін бавіў час, бо ён былы агент КДБ, гэта была аперацыя для праверкі слабасці хаўруснікаў, каб убачыць, дзе ёсць супярэчнасці і прывесці да расколу. Што, фактычна, працуе. Супольнікі адзіныя, але мы бачым, напрыклад, як некаторыя гавораць: «Мы не згодныя з ЗША і Вялікабрытаніяй наконт таго, што ўварванне непазбежнае». А Нямеччына – паглядзіце, што яны робяць.

Пуцін узняў шмат шуму, але мае свае стратэгічныя мэты да якіх ён імкнецца.

- Стратэгічная мэта - у нейкі момант, не абавязкова цяпер, уварвацца ва Украіну?

— … ужо больш за дзесяць гадоў. Наконт «у нейкі момант» - я не ўпэўненая. Калі паведамленні дакладныя, то яны пачалі пастаўляць донарскую кроў. У крыві ёсць тэрмін прыдатнасці. Тое, што яны робяць, не можа быць у далёкай будучыні. Але ў той жа час, яны могуць рабіць гэта, каб, зноў жа, перанакіраваць нашу ўвагу, каб мы думалі, уварванне можа здарыцца ў кожны момант.

- Ці могуць у Маскве даць назад? Цяпер, да прыкладу, у Расеі збіраюць подпісы супраць вайны.

- Мне здаецца, што гэта, зноў жа, фактычна шум, таму што ўнутры Расеі, фактычна, усё кантралюецца, СМІ кантралююцца. Расею вельмі шмат крытыкуюць за прыгнёт свабоды слова. Думаю, можа, тут нешта накшталт: «Паглядзіце, мы дэмакратычная краіна, у якой не саджаюць у турму апанентаў і журналістаў. Паглядзіце, людзі выказваюць сваё меркаванне».

У Крамлі ствараюць столькі шуму і хаосу, каб адцягнуць увагу, у той час, як яны ўсё працягваюць прытрымлівацца сваёй першапачатковай мэты.

- Аналізуючы расейскую прапаганду, ці бачыце сігналы, што беларускія войскі таксама будуць задзейнічаныя ў агрэсіі?

- Рызыка высокая. Што тычыцца расейскіх СМІ, то яны вельмі асцярожныя ў гэтым плане і не рабілі падобных заяў у дачыненні да іншых. Але ў вас ёсць Лукашэнка, які зараз з'яўляецца проксі Пуціна, які знаходзіцца ва ўладзе дзякуючы Пуціну. Я бачыла тры разы, здаецца, выступы аб тым, як ён збіраецца «аб'яднаць украінцаў і расейцаў і ўсіх славян». Такім чынам, у вас ёсць Лукашэнка, які паўтарае гэтую прапаганду, так што расейцы вам не патрэбныя. І, вядома ж, расейцы перадрукавалі: «Глядзіце, Беларусь цалкам падтрымлівае далучэнне Украіны», хаця Расея сцвярджае, што яны не зацікаўлены ў гэтым.

Я папярэджвала мінулым летам пра Беларусь. Калі я ўбачыла, як Пуцін зблізіўся з Лукашэнкам і як расейскія агенты дапамаглі яму прызямліць самалёт, каб арыштаваць журналіста.

У траўні мінулага года з'явіліся паведамленні аб тым, што Лукашэнка і Пуцін абмяркоўвалі тэму мігрантаў - як пачаць завоз мігрантаў летам, каб стварыць нейкую пагрозу Літве і Польшчы. Я казала, што гэта вельмі небяспечна для Украіны, таму што ў Пуціна зараз ёсць яшчэ адна вайсковая пляцоўка, ён можа выкарыстоўваць Беларусь і беларускіх салдат, каб пачаць атаку на Украіну зараз з гэтага кірунку.

І ў той жа час, я вельмі турбавалася пра Сувалцкім калідор, бо мігранты былі размешчаныя стратэгічна - менавіта ў тым месцы, дзе Сувалцкі калідор, побач з ім. І Расея была б зусім не супраць таго, каб выкраіць кавалачак [тэрыторыі ў тым раёне], таму што, па-першае, гэта вялікая праблема для NATO, а па-другое, для стварэння дырэктыўных дачыненняў з Калінінградам. Так што гэта дужа і вельмі трывожная сітуацыя.

І вось мы прыйшлі да такога моманту, калі ў Беларусі знаходзяцца, думаю, больш за 30 000 расейскіх вайскоўцаў. За апошнія тыдні я бачыла, напэўна, сем вайсковых канвояў, якія везлі вайсковую тэхніку з Расеі ў Беларусь. Так што гэта выклікае вялікую трывогу.

Яшчэ большую ўстурбаванасць выклікае сітуацыя ў цэлым - не толькі з Украінай - тое, што робіць Расея. Калі яны бяруць краіну ў закладнікі, яны ператвараюць яе ў свой уласны інструмент для выкарыстання ўсіх тактык гібрыднай вайны, як яны рабілі, калі пагражалі Польшчы, Літве і Нямеччыне мігрантамі. Цяпер беларусаў заткнулі і яны не могуць выказвацца, а іх краіну ператвараюць у вайсковую базу. І калі ім загадаюць ісці ваяваць, дык што ім застаецца рабіць? У іх ёсць два варыянты: альбо ісці ваяваць з украінцамі, альбо сесці ў турму. Так што гэта вельмі трывожная сітуацыя і не толькі ў Беларусі. Пуцін робіць тое ж самае на Балканах, ён рабіў тое ж самае ў Арменіі. Ён спрабуе замацавацца ва ўсіх краінах, каб уцягнуць іх у сферу свайго ўплыву.

- Як павінен рэагаваць Захад на пагрозу з боку Лукашэнкі?

- Адзінае, што яны могуць зрабіць, пакуль Лукашэнка не пачаў дзейнічаць, - гэта засцерагчы свой усходні фланг: засцерагчы Польшчу, засцерагчы Літву. Калі ён пачне дзейнічаць, Захад павінен увесці ўсе магчымыя санкцыі і выкарыстоўваць усе магчымыя захады супраць рэжыму.

Мяне непакоіць тое, што Расея распаўсюджвае шмат дэзінфармацыі пра інсцэнаваныя аперацыі на Данбасе, куды, з іх слоў, была завезеная хімічная зброя ЗША і Украіны, а таксама ёсць пагрозы выбухаў будынкаў на Данбасе.

А што, калі раптам у Беларусі пачнецца інсцэнаваная правакацыя і яны скажуць: «Украінскія салдаты стралялі ў бок Беларусі, забілі беларускага салдата. А зараз мы павінны ўвайсці туды, каб абараніць дом нашых беларускіх братоў»?

Гэта вельмі небяспечная сітуацыя. Я не думаю, што ЗША павінны дзейнічаць тут і цяпер. Яны павінны былі дзейнічаць раней, у адказ на тое, што зрабіў Лукашэнка: ад палітвязняў да выкарыстання мігрантаў у якасці зброі, да выкрадання самалёта. Яны сапраўды павінны былі дзейнічаць больш рашуча, але цяпер ім трэба назіраць за сітуацыяй і падрыхтаваць адпаведныя меры, каб дзейнічаць, калі Беларусь будзе выкарыстоўвацца ў якасці стартавай пляцоўкі.

- Наколькі магчымы сцэнар, на вашу думку, што расейскія войскі застануцца ў Беларусі?

- Якраз цяпер я пішу артыкул аб тым, што Беларусь няўзнак паглынаецца, а ніхто не звяртае ўвагі. Так, вайны не было, бо ў Пуціна ёсць добраахвотны саўдзельнік Лукашэнка, які сказаў: «Вы ўтрымлівайце мяне ва ўладзе, а я буду вам дапамагаць усімі магчымымі спосабамі».

Але гэта не тое, чаго хоча беларускі народ. Лукашэнка на працягу многіх гадоў заўсёды спрабаваў заявіць аб нейкай незалежнасці ад Расеі - цяпер гэта ў мінулым. Пасля выбараў і выхаду мірных пратэстоўцаў на вуліцы адразу ж прыляцела некалькі самалётаў ФСБ, каб дапамагчы Лукашэнку захаваць уладу, спыніць пратэсты. І менавіта ў гэты момант мы ўбачылі, як вайскоўцы кідалі гранаты ў беларусаў, катавалі іх, збівалі і выкрадалі.

Такім чынам, у нас ёсць краіна ў цэнтры Еўропы з лідарам, у якога ёсць палітвязні, які катуе нявінных пратэстоўцаў толькі за тое, што яны просяць свабодных выбараў, і якія знаходзіцца пад поўным вайсковым кантролем Расеі.

І на гэта не звяртаюць асаблівай увагі, бо думаюць, што для таго, каб Расея ўварвалася ў краіну, павінен быць вайсковы канфлікт. Часам гэта не так. І мы бачылі гэта з Казахстанам: Расея адразу накіравала туды сваіх вайскоўцаў, стала дапамагаць назіраць за пратэстамі. Мы пачулі вядомае «нам трэба абараняць нашых расейскамоўных жыхароў у Казахстане, таму мы павінны трымаць там нашых вайскоўцаў». І як я разумею, Кітай умяшаўся і Расея хутка адтуль выйшла. Але яны прыйшлі ў Казахстан, каб там застацца - калі прыходзяць расейскія войскі, яны нікуды не сыходзяць.

Так што так, гэта выклікае вельмі вялікую занепакоенасць.

- Краіны Балтыі таксама знаходзяцца ў небяспецы?

- Мяркую, так. Думаю, менавіта таму Злучаныя Штаты ўважліва сочаць за сітуацыяй і гатовы да перакідання салдат. Я гляджу, на жаль для мяне, расейскую тэлевізію і сачу за іх прапагандай. У адным з шоў, дзе паказвалі, «як хутка яны захопяць Літву», яны жартавалі: «Мы пакінем Літву сабе ці аддамо яе кітайцам?» Так што яны відавочна маюць гэта на ўвазе.

І што выклікае яшчэ большую трывогу, у іх ёсць прапаганда нават у дачыненні да Нарвэгіі. У студзені мы назіралі аналагічную сітуацыю з палётамі самалётаў і вучэннямі, былі асцярогі, што перарэжуць падводныя кабелі. У Швэцыі мы бачылі, як над атамнымі станцыямі з'яўляліся таямнічыя дроны.

Увесь рэгіён зараз у небяспецы. У небяспецы суседзі Расеі і Еўропа агулам, таму што, як толькі залучаецца краіна NATO, гэта ператвараецца ў еўрапейскую вайну, у якой удзельнічаюць ЗША і Канада.

Стратэгічна, у вайсковым плане, я ведаю, што больш за дзесяць гадоў Расея нацэльвалася на порты: Адэса, Марыупаля. Гэта і ёсць найлепшы сцэнар (і вельмі жудасны). Яны могуць стварыць бачнасць чагосьці вельмі вялікага, а затым захапіць, магчыма, Марыупаль ці Адэсу, ці адрэзаць Украіну ад портаў.

І тады, як я баюся, Еўропа скажа: "Дзякуй Богу, усё было не так ужо і дрэнна" і ўздыхне з палёгкай. Яны могуць зладзіць такое вялікае шоў, а затым захапіць невялікі кавалак суверэннай тэрыторыі. Так што гэта найменш крывавы сцэнар, як мне бачыцца.

- Плюс акупацыя Беларусі?

- І акупацыя Беларусі, што не ўкладваецца ў галаве. Гэта адбываецца ў Еўропе.

Але ў той жа час я не бачу, каб Лукашэнка змог утрымацца цягам працяглага часу. Нельга такім спосабам кіраваць краінай доўга. На кароткай дыстанцыі - так, беларусы ў закладніках. У доўгатэрміновай перспектыве - гэта нежыццяздольны план, асабліва для яго.

Для Пуціна - гэта іншая гісторыя. Яго краіна - гэта Савецкі Саюз, пераўтвораны ў Расею, які вяртаецца назад да Савецкага Саюза. Вакол гэтага ўсё той жа савецкі менталітэт.

Тут [у Беларусі] у нейкі момант нешта зменіцца. Можа быць, не сёння-заўтра, але дастаткова хутка. Я не бачу, каб Лукашэнка змог утрымацца ва ўладзе. Ён абапіраецца выключна на Пуціна. Калі заўтра Пуцін памяняе стаўленне на супрацьлеглае, яго сцягнуць са сцэны, як гэта адбываецца з усімі загінулымі дыктатарамі.

- Калі паглядзець на стасункі Пуціна і Лукашэнкі праз прызму мафіі, то зразумела, што Пуцін - бос. Дзе Лукашэнка ў гэтых стасунках?

- Ён верны пяхотнік. У яго зараз ёсць краіна, якую яму падарылі. Бо калі сёння Пуцін адмовіцца ад сваёй падтрымкі — заўтра вы ўбачыце, як Лукашэнку выцягнуць з ягонага дома.

Цяпер, ён верны пяхотнік. У стасунках з Расеяй гэта не найлепшы спосаб, якім можна забяспечыць сваё выжыванне: калі ў Расеі ўся твая доля - ты доўга не працягнеш. І Пуцін - не самая стабільная асоба, так што ўсякае можа быць. Ці Пуцін можа давесці Лукашэнку да такога стану, што нават ён можа пачаць вагацца - таму што Расея зараз абмяркоўвае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі. І можа надысці такі момант, што Лукашэнка проста не будзе адчуваць сябе камфортна ці, можа, не сам Лукашэнка, а людзі з яго найбліжэйшага атачэння. Калі б я была на ягоным месцы, я б дрэнна спала начамі. Не хацелася б быць лідарам, спадзеючыся на кагосьці іншага.

Пуцін жа знаходзіцца ў сітуацыі, калі ён усё кантралюе, у сваёй краіне яму не трэба ні на каго спадзявацца. У яго ёсць сваё найбліжэйшае асяроддзе і яны могуць узбунтавацца, але яму не трэба ні на каго спадзявацца, каб ведаць, што заўтра ён усё яшчэ будзе лідарам краіны.

Так што не хацела б я быць на месцы Лукашэнкі.

- Ці ёсць у Захаду палітычная воля, каб адказаць двум дыктатарам?

- Еўропе і Злучаным Штатам не трэба было дазваляць усяму гэтаму зайсці так далёка. І прычына, з якой мы дайшлі да гэтага, у палітыцы замірэння і ў тым, што Злучаныя Штаты і Еўропа заплюшчвалі вочы і, магчыма, крыху каралі Расею, але недастаткова моцна.

Мы ведаем, хто такі Пуцін. Ён уварваўся ў Грузію. Ён здзейсніў, хутчэй за ўсё, адну з найбуйнейшых кібератак у Эстоніі. Ён зверстваў унутры Сірыі: забойствы дзяцей, бамбёжкі школ, лякарняў. Ён уварваўся ва Украіну. [Паглядзіце], што ён робіць у Беларусі - мы ведаем, хто ён такі.

І мая парада для Еўропы, асабліва Заходняй Еўропы і ЗША: яны павінны пачаць больш прыслухоўвацца да ўсходніх еўрапейцаў. Я магла б расказаць вам, хто такі Пуцін, калі ён узрываў дамы 20 гадоў таму.

Не павінна выклікаць здзіўлення тое, што мы апынуліся ў такой сітуацыі. Калі б яны прыслухоўваліся да ўсходніх еўрапейцаў і іх папярэджанняў, вывучалі тактыку гібрыднай вайны, якую Пуцін практыкаваў унутры Украіны і Беларусі, яны б шмат чаму навучыліся, была б патэнцыйная магчымасць пазбегнуць нападаў на выбары ў ЗША і Еўропе.

Вельмі важна засяродзіцца на гэтым рэгіёне. Напрыклад, Румынія - гэта ключавы гулец. Проста зараз Еўропа і ЗША павінны зрабіць усё, каб адбудаваць Румынію, дапамагчы Румыніі ачысціцца ад карупцыі і рухацца ў бок Захаду.

А заадно вывучыць расейскую тактыку. [Усходняя Еўропа] - іх гульнявая пляцоўка. Гэта месца, дзе яны ўсё правяраюць. А потым мы назіраем кібератакі ў Злучаных Штатах, умяшанне ў выбары, прапаганду, кампаніі, накіраваныя на раскол грамадства - гэта было выпрабавана ў Беларусі, Украіне, Эстоніі, ва ўсім рэгіёне.

Гэта мая парада, ім трэба больш засяродзіцца на гэтых пагрозах і не даводзіць справу да таго моманту, калі перад намі патэнцыйная небяспека вялікай катастрофы.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках