23 красавiка 2024, aўторак, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Тое, што ў ваенкаматах гавораць, і што робяць, зусім не вяжацца»

19
«Тое, што ў ваенкаматах гавораць, і што робяць, зусім не вяжацца»

Беларускія бацькі, чыіх дзяцей набіраюць у войска, у паніцы.

Беларускія «ўлады» па-ранейшаму настойваюць, што ў краіне «не праводзяцца мабілізацыйныя мерапрыемствы», а размова ідзе толькі «пра планавую зверку звестак ваеннаабавязаных». Закончыць гэты працэс абяцалі да 1 снежня, але цяпер высвятляецца, што ён прадоўжыцца як мінімум да канца 2022 года, піша «Нямецкая хваля».

Расейскі досвед мабілізацыі вывучаюць і ў Беларусі

З мінулай восені, услед за абвешчанай у Расеі «частковай мабілізацыяй», выклікі ў ваенкаматы сваёй краіны сталі атрымліваць дзясяткі тысячаў грамадзянаў Беларусі.

Аднак інфармацыя, якая паступае з беларускіх рэгіёнаў, сведчыць, што сёлетнюю «зверку звестак» у ваенкаматах наўрад ці можна назваць руцінным мерапрыемствам. Калі раней ваеннаабавязаных выклікалі з дапамогай позваў ці sms-паведамленняў, то цяпер у мясцовых газетах сталі з'яўляцца публікацыі з заклікам не чакаць запрашэнняў і прыходзіць у ваенкаматы самім.

– Дзіўна было прачытаць у мясцовай газеце, што ісці ў ваенкамат трэба, нават калі не атрымаў позву: неяк гэта не вяжацца з тым, што зверка звестак ваеннаабавязаных у нас ідзе паводле плану, – разважае жыхар Баранавічаў Руслан.

Як высветлілася, падобныя аб'явы публікаваліся і ў іншых газетах Берасцейскай і Менскай абласцей, а ў Берасці мясцовыя «ўлады» нават абавязалі кіраўнікоў таварыстваў уласнікаў размясціць такія ж паведамленні ў дамавых чатах, створаных у мэсэнджарах.

– Добраахвотна ісці ў ваенкамат ніякага жадання няма, тым больш у родны горад прыязджаю да бацькоў не часта, – дзеліцца берасцеец Мікалай. І прызнаецца, што хоць і з'яўляецца ваеннаабавязаным, мае намер і надалей ігнараваць заклікі схадзіць у ваенкамат: – У войску не служыў і не планую. І ўвогуле ўвесь гэты задуманы ў Беларусі «перапіс» звязваю з вайной ва Украіне, што б ні казалі нашы генералы і прапагандысты.

Непакой бацькоў, чыіх дзяцей набіраюць у войска

У адрозненне ад тых, каго зазываюць у ваенкамат фармальна толькі для зверкі звестак, у бацькоў прызыўнікоў, якія выпраўляюцца ў беларускае войска, цяпер іншыя эмоцыі. Святлана, маці аднаго з навабранцаў, расказвае, што сын рыхтаваўся да ваеннай службы і марыў пра памежныя войскі.

– Напэўна, у мірны час я не моцна перажывала б з гэтай нагоды, але цяпер вельмі баюся, што яго выправяць у які-небудзь «гарачы пункт» – бліжэй да Украіны, – прызнаецца Святлана.

Жыхар Гомеля Валянцін увосень 2022 года таксама праводзіў аднаго з сыноў у войска: «Ён хацеў з'ехаць на заробкі і спадзяваўся, што будзе адтэрміноўка і яго не набяруць. А калі прайшоў медкамісію і стала зразумела, што будзе набраны, то ад варыянту з працай за мяжой давялося адмовіцца».

Пры гэтым Валянцін дадаў, што некаторыя аднагодкі ягонага сына пастанавілі з'ехаць, не чакаючы набору.

На беларуска-ўкраінскай мяжы па-ранейшаму дзейнічаюць забароны

Непакой бацькоў прызыўнікоў наконт таго, што на паўднёвых рубяжах Беларусі «не ўсё спакойна», падзяляюць і тыя, хто жыве ў Гомельскай вобласці каля мяжы з Украінай. Днямі Дзяржпамежкамітэт РБ абвясціў, што ўведзеныя яшчэ мінулым летам абмежаванні на знаходжанне грамадзянаў у памежнай паласе на тэрыторыі Брагінскага, Лоеўскага і Хойніцкага раёнаў прадоўжаныя да 1 сакавіка 2023 года.

У памежнай установе растлумачылі, што такая пастанова прынятая «ў мэтах арганізацыі памежнай бяспекі». Хоць абмежаванні не распаўсюджваюцца на ўласнікаў зямельных надзелаў, размешчаных ля мяжы, асаблівай свабоды перамяшчэння няма і ў іх.

– Усіх нашых вяскоўцаў і дачнікаў круглы год корміць лес, які ля самай мяжы: тут збіраем грыбы з ягадамі, палюем, а калі вельмі трэба, то і дровы нарыхтоўваем, – расказвае жыхар адной з памежных вёсак. Паводле ягоных словаў, наведваць лясы мясцовым жыхарам забаранялі ўжо з вясны 2022 года, спасылаючыся на пажаранебяспечнае становішча, хоць рэальных пагрозаў не было: «Мы тады адразу сцямілі, што рэч не ў надвор'і і пажарах – проста па лясных дарогах ваенная тэхніка ездзіла ва Украіну і назад, а ў некаторых месцах выставілі ачапленне».

Цяпер жа афіцыйна паведамляецца, што як мінімум да будучай вясны патрапіць на асобныя адрэзкі беларускай мяжы з Украінай легальным чынам будзе нельга.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках