24 красавiка 2024, Серада, 0:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Крамер: Ёсць спосаб скончыць з рэжымам Лукашэнкі

15
Дэвід Крамер: Ёсць спосаб скончыць з рэжымам Лукашэнкі
Дэвід Крамер

Перамога Украіны будзе мець станоўчы рэзананс унутры Беларусі.

Што 2023 год можа прынесці Беларусі? Ці баіцца Захад распаду Расеі? Як выратаваць жыцці мірных украінцаў, якія апынуліся ў гуманітарнай катастрофе?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з навуковым супрацоўнікам Міжнароднага Універсітэта штата Фларыда, былым памочнікам дзяржсакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага, экс-дырэктарам Freedom House Дэвідам Крамерам.

- Існуе меркаванне, што Захад павінен даваць вайсковую дапамогу Украіне вельмі эканомна для таго, каб пазбегнуць раскідання Расеі. Ці абгрунтаваны гэты страх украінскай перамогі?

- Зусім не, я думаю гэты страх неабгрунтаваным. Аднак варта растлумачыць, што існуюць розныя пункты гледжання. Цалкам падтрымліваю дапамогу Украіне для перамогі ў гэтай вайне. Паміж абаронай Украіны, яе тэрыторый і перамогай ёсць вялікая розніца. Перамога азначае выцясненне расейскіх войскаў з украінскай зямлі і забеспячэнне таго, каб яны больш не ўварваліся. Думаю, усе павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне.

Што будзе пасля паразы Расеі (перамога Украіны - гэта параза Расеі) - вызначаць расейцам. Не думаю, што ўсе абавязкова хочуць убачыць крах Расеі (ёсць некаторыя, якія аддалі б перавагу гэтаму), але што нам усім сапраўды хочацца ўбачыць, дык гэта гарантыі таго, што Пуцін і расейскія сілы ніколі больш не змогуць зрабіць гэта зноў. Калі гэта будзе азначаць распад краіны, дык так таму і быць. Не варта быць легкадумным: да краіны з такой колькасцю ядзернай зброі, як у Расеі, варта ставіцца сур'ёзна, бо не хочацца, каб гэтая зброя патрапіла ў нядобрыя рукі. Аднак усё гэта віна і адказнасць Пуціна.

У чым мы павінны быць зацікаўлены, дык гэта ў тым, каб дапамагчы Украіне аднавіць поўны кантроль над усёй сваёй тэрыторыяй, уключаючы ўвесь Данбас, Данецк, Луганск і Крым, каб Пуцін і ўсе расейцы зразумелі, што такія паводзіны непрымальныя і цягнуць за сабой выплату вялікіх рэпарацый праз паразу расейскіх войскаў.

- Светапарадак, які мы ведалі, ужо спыніў сваё існаванне пасля таго, як велізарная краіна з ядзерным арсеналам пачала вялікую вайну ў Еўропе. Ці адновіць ўкраінская перамога баланс?

- Паўторнае расейскае ўварванне (упершыню расейцы ўварваліся ў 2014 годзе) выклікала самы буйны крызіс бяспекі на еўрапейскім кантыненце з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны - і гэтыя словы гучаць дзіўна, бо прайшло амаль 80 гадоў з таго часу, як у Еўропе адбылася такая буйная катастрафічная падзея.

Гэта не проста еўрапейскі крызіс - гэта крызіс глабальны, дзе ёсць асцярогі з нагоды харчовай бяспекі ў многіх частках зямной кулі: у Афрыцы, на Блізкім Усходзе, у Азіі і Лацінскай Амерыцы, дзе меў месца энэргетычны крызіс, рост інфляцыі. Некаторыя краіны і лідары, як, напрыклад, у Пекіне, вельмі ўважліва назіраюць: калі Расеі ўдасца пазбегнуць пакарання за гэтае ўварванне ва Украіну - магчыма, ім атрымаецца пазбегнуць пакарання за ўварванне на Тайвань. Такім чынам, тое, як мы рэагуем на ўварванне Расеі ва Украіну, мае глабальныя наступствы.

Мяркую, што гэта найвялікшы крызіс, з якім мы сутыкнуліся з часоў Другой сусветнай вайны. Аднак не думаю, што гэта азначае канец міжнароднага парадку - рэакцыя NАТО, ЕЗ, ЗША, Канады, многіх іншых краін, у тым ліку - азіяцкіх, была вельмі станоўчай: мы ўвялі неадкладныя і беспрэцэдэнтныя санкцыі супраць пуцінскага рэжыму, мы надалі вайсковую дапамогу. Гэта заўсёды адбывалася з некаторым адставаннем ад належнага, але гэта было даволі энэргічна і эфектыўна. Мы ўзмацнілі прысутнасць сілаў бяспекі ў краінах, якія суседнічаюць з Расеяй і Украінай. Фінляндыя і Швэцыя стануць чальцамі NАТО. Мы адрэагавалі, думаю, нядрэнна. Не паставіў бы нам пяцёрку, але, магчыма, мы зарабілі чацвёрку з плюсам.

Чыннік, за які я не стаўлю пяцёрку, у тым, што ў гэтай вайне загінула занадта шмат украінцаў. Мы робім недастаткова. Мы павінны працягваць дапамагаць Украіне да таго самага моманту, калі вайна скончыцца, Расея зазнае паразу, а Украіна пераможа. І тады, мяркую, можна будзе сказаць, што міжнародны парадак захаваны.

- Як можна развязаць гуманітарны аспект крызісу, які стварыла Расея? Як захаваць украінскія жыццё?

— Мы ў суаўтарстве з Білам Тэйларам, былым амбасадарам ЗША ва Украіне, напісалі надоечы артыкул у Washington Post, у якім сцвярджаем, што Злучаным Штатам разам з хаўруснікамі неабходна правесці маштабную кампанію надання гуманітарнай дапамогі, падобную аперацыі «Бэрлінскі паветраны мост» 1948 года, каб украінцы не змерзлі, не памерлі ад голаду, не памерлі ад недахопу вады, што, відаць, з'яўляецца мэтай расейскай кампаніі бамбавання, якая не так моцна закранае фронт, але накіраваная супраць інфраструктуры Украіны, аб'ектаў электраэнэргетыкі.

Мне здаецца, міжнароднай супольнасці на чале з ЗША, разам з іншымі, трэба правесці маштабную гуманітарную кампанію для пазбягання такой сітуацыі, калі ўкраінцы будуць вымушаныя падпарадкавацца. Не думаю, што ўкраінцы пойдуць на гэта - украінцы прадэманстравалі велізарную мужнасць, рашучасць, стойкасць у гэтай жудаснай вайне, якая забрала занадта шмат жыццяў.

Думаю, што Злучаным Штатам і іншым краінам час правесці масаваную кампанію. А калі ёй спатрэбіцца вайсковае суправаджэнне - мы павінны яго забяспечыць, каб Расея разумела, што збіццё самалётаў з гуманітарным грузам або ўдары па цягніках, аўтакалонах або іншых аб'ектах, выкліча жорсткую рэакцыю міжнароднай супольнасці.

Гэта той адзіны спосаб, калі Пуцін успрымае сказанае: праз кулак, праз сілу - і гэта тое, што мы павінны даць.

- На практыцы, калі, напрыклад, цягнік з гуманітарным грузам заходзіць на тэрыторыю Украіны, ці трэба наўмысна паведамляць расейцам аб яго месцазнаходжанні?

- Я не супраць таго, каб быць празрыстым у дачыненні да таго, што мы робім - мы таксама празрыстыя ў дачыненні да вайсковай дапамогі, якую надаем Украіне. Думаю, будзе дарэчным і, магчыма, правільным, паведамляць расейцам аб тым, што гэтыя цягнікі (калі яны стануць рэальнасцю, ці самалёты, калі вышлем самалёты) - гэта гуманітарная дапамога, прызначаная для захавання жыццяў ні ў чым не вінаватых украінцаў, а калі Расея нанясе ўдар па вышэйпералічаных цэлях - мы адкажам ваенным шляхам.

Ніхто не хоча прамога канфлікту паміж ЗША і Расеяй — мы гаворым пра дзве найбуйнейшыя ядзерныя дзяржавы свету. Але ў той жа час мы таксама не павінны сядзець і назіраць за тым, як украінцы замярзаюць ці паміраюць з голаду. Думаю, у нас ёсць абавязкі - хоць Украіна і не з'яўляецца чальцом NАТО - прадухіліць генацыд, які Пуцін відавочна вядзе супраць украінскага народа. Яны спрабуюць забіць як мага больш украінцаў, каб прымусіць Украіну падпарадкавацца, мы павінны зрабіць так, каб у іх нічога не атрымалася.

- Ці знаходзіцца Украіна на шляху да таго, каб стаць новым рэгіянальным лідарам?

- Думаю, Украіна стала ўзорам для ўсяго свету, паказаўшы, як яе народ гатовы абараняць сваю краіну, сваю свабоду, свае сем'і ад нічым не справакаванага, нічым не апраўданага ўварвання з боку Расеі. Думаю, што цяпер, улічваючы цудоўныя дзеянні ўкраінскіх сіл не толькі ў абароне сваёй зямлі, але і ў адпоры расейскім сілам, нам бы пашанцавала, калі б Украіна стала чальцом NATO.

Калі б гэта адбылося, Украіна была б адзінай краінай NATO, у якой ёсць досвед вайны з Расеяй — гэты досвед неацэнны. Тое, як яны дзейнічаюць - гэта гераічнасць. Бяспека, імідж і рэпутацыя NATO толькі палепшацца, калі Украіна стане яе чальцом.

Я даўно падтрымліваю сяброўства Украіны ў NATO, у тым ліку яшчэ ў 2008 годзе, калі я працаваў у Дзярждэпартаменце, калі Украіна разам з Грузіяй падалі заяўку на план дзеянняў для сяброўства. Думаю, Украіна заслужыла поўнае права стаць сябрам NATO.

Дакладна таксама, думаю, Украіна заслужыла сваё месца ў Еўразвязе. Думаю, абедзве арганізацыі, NATO і ЕЗ, павінны вітаць Украіну з распасцёртымі абдымкамі. Абодва гэтыя працэсы запатрабуюць часу, гэта будзе не адразу. Думаю, што сяброўства ў NATO можа адбыцца раней, чым сяброўства ў ЕЗ, але я думаю, што Украіна заслужыла сваё месца ў якасці паўнапраўнага чальца еўрапейскай супольнасці.

- Што 2023 год можа прынесці Беларусі?

- Лукашэнка па-ранейшаму цалкам залежыць ад Пуціна ў плане падтрымкі. Спосаб скончыць з рэжымам Лукашэнкі - падтрымаць украінцаў. Перамога Украіны над расейскімі войскамі, якія ўварваліся, была б паразай Расеі і, думаю, значна ўскладніла б Пуціну падтрымку Лукашэнкі. Калі мы хочам убачыць перамены ў Беларусі, то, мяркую, тое, што мы павінны рабіць зараз, гэта дапамагаць Украіне перамагчы.

Тады гэта будзе мець станоўчы рэзананс унутры Беларусі. Як толькі Расея спыніць для яго сваю падтрымку, думаю, Лукашэнку - гамон. Лукашэнка (будзем пра гэта памятаць) з'яўляецца самым злосным парушальнікам суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Ён той, хто здаў і тое, і другое расейскім войскам для таго, каб застацца ва ўладзе.

Думаю, будзе справядлівым сцвярджаць, што ён фактычна дазволіў Расеі акупаваць Беларусь. Пакуль гэта адбываецца, мы павінны засяродзіць намаганні на дапамозе Украіне для яе перамогі, бо ўкраінская перамога, думаю, пойдзе на карысць Беларусі: гэта стане не толькі паразай Пуціна, але і паразай Лукашэнкі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках