28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свабоду не здабудзеш заклінаннямі

11
Свабоду не здабудзеш заклінаннямі

Калядная гісторыя з Чараўніком, але не зусім казачная.

Жылі-былі людзі. Дрэнна жылі. Здаецца, людзі нядрэнныя, а жылі ўсё горш.

— А што калі паспрабаваць жыць лепш, — сказаў адзін з людзей.

— То паспрабуем, — узрадаваліся людзі, — а як?

— Трэба памяняць кіраўніка, — прапанаваў адзін з людзей, — ён ужо працяглы час робіць усё, каб нам была горш.

— Папросім яго сысці і паклічам іншага, які будзе рабіць нам лепш.

— Дакладна, давайце, — узрадаваліся людзі такому прымітыўнаму і зразумеламу рашэнню праблем.

Пайшлі да кіраўніка, папрасілі яго сысці, той сказаў, што не сыдзе.

Людзі такога не чакалі, пайшлі да сябе і задумаліся. Станавілася ўсё горш.

— А давайце не прасіць, а патрабаваць, — прапанаваў адзін з людзей.

І людзі зноў здзівіліся, што не ўсе адразу да гэтага дадумаліся.

Пайшлі патрабаваць, а ім зноў адмовілі, ды яшчэ і пабілі палкамі.

Людзі не прызвычаіліся, каб іх білі, таму зноў пайшлі думаць. Станавілася ўсё горш.

Вырашылі, што іх мала хадзіла, што трэба болей. Пайшлі болей, запатрабавалі. А там таксама было болей, і іх зноў пабілі.

— А давайце і мы возьмем палкі, збярэм усіх, каго можна, і запатрабуем.

— Не, — сказалі людзі, — калі возьмем палкі, станем як яны, а мы не яны. Давайце проста збяром усіх, каго можна, і ўжо рашуча так запатрабуем.

На тым і парашылі.

Сабраліся ўсе, хто мог, і нават болей, а ў тых акрамя палак аказаліся аўтазакі, шыкоўнае абмундзіраванне, імпартныя дубінкі і вялізарные шчыты.

І людзей зноў пабілі.

Пасля гэтага троху разгубеныя людзі прапанавалі — а давайце сходзім да Чараўніка. Ён дакладна ведае, што рабіць далей, дапаможа.

Пайшлі яны да Чараўніка.

Дашлі, ўсё распавялі у дэталях, а ён и пытаецца:

— Вы сур'ёзна, кажа, настроены, ці яшчэ патрываеце.

— Сур'ёзна-сур'ёзна, адказваюць людзі.

— Ну, тады слухайце, што трэба рабіць:

Усі вы мусіце вырашыць, што пазбаўляцца ад яго трэба адразу, а не паступова.

Трэба пазбавіцца ад тых, хто жадае паступова. Яны не з вамі.

Трэба пазбавіцца ад усіх тых, хто вам здраджваў раней, калі вы хадзілі прасілі ці патрабавалі. Яны ўжо не вашыя. Яны ўжо з ім.

Трэба перастаць слухаць салодкагалосых сірэн, якія спяваюць вам: — Усё бессэнсоўна і немагчыма. Жывіце як можаце і радуйцеся.

Трэба ўсвядоміць, што барацьба за свабоду без ахвяр не бывае. Калі не ахвяраваць сёння, заўтра будзе яшчэ больш гора: збітых зменяць параненыя, а параненых забітыя.

Трэба сказаць сабе: «Я магу і я зраблю!» Не нехта, а я.

І, нарэшце, ніхто, паверце мне, ніхто, уключаючы вас саміх, не жадае быць рабом. А лічыць сябе героем, будучы рабом, ніяк не атрымаецца. Не трэба ўсім адразу станавіцца героямі. Проста перастаньце быць рабамі.

Людзі слухалі і маўчалі. Чым далей слухалі, тым цяжэй маўчалі.

Нарэшце, адзін з людзей сказаў:

— Мы прыйшлі да цябе як да чараўніка, за цудам, а ты нам раіш самім рызыкаваць, без усялякай тваёй дапамогі. Дай нам які-небудзь заклён, які-небудзь «крэкс-пекс», напусці на іх псуту ці яшчэ што.

— Няма для свабоды ані заклінанняў, ані загавораў, — адказаў Чараўнік, — я сказаў вам усё, што мог і што вам патрэбна. Магу дадаць, але пакуль хопіць.

Людзі сышлі, параіліся паміж сабой, вырашылі не рызыкаваць, яшчэ раз пайсці запатрабаваць і сабраць зусім ужо усіх, вялікі натоўп.

Схадзілі, атрымалі гумовыя кулі ненашай вытворчасці, шумавыя гранаты з іншых краін, заакіянскія вадамёты, раненні, збіванні, катаванні, турмы, забойства... сапраўднае пекла на зямлі.

Тыя, хто мог, вярнуліся дадому і, праходзячы міма Чараўніка, плявалі ў яго бок, брудна лаяліся, дэманстравалі свае раны.

Чараўнік глядзеў на іх і то пасміхаўся, а то моршчыўся ад болю.

Пасміхаўся таму, што ўвесь той нэгатыў, які адчувалі людзі, стварыў ня ён, а яны самі, а ненавідзелі за гэта яго.

А балюча яму было таму, што людзі падвергліся жахлівым выпрабаванням і катаванням, і ён не ведаў, што з гэтым рабіць.

Мусіць, сапраўды варта было ім сказаць «Крыблі-краблі-бумс!», і яго б працягвалі паважаць і нават любіць і не лічыць вінаватым ва ўсіх грахах.

Але ж ужо ноччу, бліжэй да світанку, ён успомніў жанчыну, якая ішла напрыканцы людзей, вяртаўшыхся пасля паразы.

Яна паказала яму сярэдні палец, а потым, усміхнулася і дадала да яго другі, ператварыўшы яго ў V, знак Victory — перамогі.

І зразумеў ён, што яго пачулі.

І стала яму спакойна.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках