29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аперацыя прымусу да «спецаперацыі»

5
Аперацыя прымусу да «спецаперацыі»
ІРЫНА ХАЛІП

ФСБ гаспадарыць у беларускіх гарадах.

Раней яны гуртаваліся пераважна ў Гомельскай вобласці, вакол сваёй мяжы. Цяпер дайшлі да Гародні. Падазраю, зрэшты, што яны ўжо паўсюль, толькі мы гэтага не заўважаем, бо ў іх таксама адна галава, дзве рукі і дзве нагі - самае што ні ёсць удалае маскаванне.

Я не пра зялёных чалавечкаў, я пра ФСБ.

У сераду ў Гародні супрацоўнікі ФСБ затрымалі актывіста і паэта з Санкт-Пецярбурга Данііла Крынары. Мяркуючы з усяго, з Гародні Данііл збіраўся дабірацца да Польшчы ці Літвы. У Расеі ён ужо быў падазраваным паводле крымінальнай справы. 6 сакавіка, напярэдадні антываеннай акцыі, у адное з аддзяленняў паліцыі Санкт-Пецярбурга паступіў ананімны званок аб мінаванні. Тады паліцыянты прайшліся з ператрусамі і затрыманнямі па адрасах мясцовых апазіцыянераў, якія паспелі выказацца супраць вайны. Пасля яны выкарыстоўвалі гэты метад перад кожнай акцыяй пратэсту. 24 верасня, напярэдадні вялікай акцыі супраць мабілізацыі, затрымалі Данііла Крынары, журналістку Вікторыю Арэф'еву (ёй выламалі дзверы) і яшчэ дзевяць піцерскіх актывістаў і праваабаронцаў - нібыта паводле справы аб тэлефонным тэрарызме. 11 затрыманых адправілі на 48 гадзін у ІЧУ. Праз два дні іх выпусцілі ў статусе падазраваных пад абавязацельства аб прыходзе. Магчыма, Данііл меркаваў, што справа аб тэлефонным тэрарызме - гэта такая звычайная для спецслужбаў «адмазка», якая дазваляе ўрывацца з ператрусамі, выносіць з дому тэхніку і тэлефоны і рыхтаваць ударнымі тэмпамі новыя крымінальныя справы. Таму і знік з Піцера.

Яго не выклікалі на допыты і не абвяшчалі ў вышук. З логікі, калі б расеец, які знаходзіцца пад падазрэннем, схаваўся, яго павінны былі абвясціць у вышук - спачатку федэральны, потым міждзяржаўны. А там ужо і беларускія "саюзнікі" падключыліся б. Яны ўвогуле супрацоўнічаюць па-рознаму, мяняючы сцэнары. Часам дораць адзін аднаму падарункі, як, напрыклад, выйшла з Ігарам Аліневічам падчас ягонага першага арышту – проста затрымалі ў Маскве, надзелі мяшок на галаву ды і давезлі на мікрааўтобусе да самай беларускай мяжы, дзе перадалі дарагім суседзям. Часам адводзяць проста з пасадкі ў самалёт да іншага рэйса, як журналіста Генадзя Мажэйку, і замест Варшавы адпраўляюць у Менск, дзе яго ўжо сустракаюць з гатовым аўтазакам. Часам, да ўсеагульнага здзіўлення, уключаюць рэжым выканання ўсіх папяровых працэдур, як у выпадку з Янай Пінчук, якую затрымалі на запыт беларускага СК і амаль год трымалі ў СІЗА Санкт-Пецярбурга, пакуль ішлі суды наконт экстрадыцыі. Адвакаты беларускі аспрэчвалі пастанову аб экстрадыцыі ў трох інстанцыях. Яну ўсё ж экстрадавалі, але не з мяшком на галаве. Гэта не суцяшэнне, вядома, ды і я не для таго ўспамінаю гэтыя выпадкі - проста нагадваю, што метады могуць быць рознымі. Можна ўзгадаць і ўкраінца Паўла Грыба, якога ў 2017 годзе ФСБшнікі затрымалі ў Гомелі і вывезлі ў Смаленскую вобласць. Але тады яны, прынамсі, рабілі выгляд, быццам іх у Беларусі зусім нават і не было. Нездарма ж месцам правядзення сваёй тагачаснай аперацыі яны выбралі не Менск ці Гародню, а Гомель, куды завабілі ўкраінца: Расея побач, калі што, скажуць, быццам ішлі ў грыбы, заблудзіліся і выйшлі да гомельскага вакзала.

А зараз яны і да Гародні дабраліся. Данііла Крынары прывезлі не ў родны Санкт-Пецярбург - яго прывезлі ў Маскву, а меру стрымання будзе выбіраць Лефортаўскі суд. Значыць, менавіта ў Лефортаўскай турме - СІЗА ФСБ, аналаг беларускай «амерыканкі» - ён і будзе сядзець. Так што аперацыя захопу Крынара была распрацаваная загадзя і ў дэталях. І супрацоўнікі ФСБ не заваблівалі яго на мяжу з Расеяй, а спакойна прыйшлі туды, дзе знаходзіўся Данііл, і гэтак жа спакойна схапілі чалавека ў чужой краіне, за некалькі сотняў кіламетраў ад расейскай мяжы. Калі хто-небудзь думае, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны, - вось вам галоўны доказ: ФСБ, якая дзейнічае ў нашых гарадах. Слоў, пратаколаў, абвяшчэнняў наогул не трэба.

Афіцыйна вайны няма ўвогуле. У Расеі дагэтуль яна называецца спецыяльнай ваайскоай аперацыяй. Вайну ў Чачэніі там афіцыйна называлі контртэрарыстычнай апэрацыяй, а вайну ў Грузіі – апэрацыяй прымусу да міру. Відавочна, рэгулярныя сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, іх бясконцыя тэлефонныя размовы і шушуканне на палях разнастайных самітаў СНД, АДКБ і ЕўрАзЭС - гэта такая ціхая паўзучая фаза прымусу да спецаперацыі. А мяркуючы з таго, як спакойна і ўпэўнена дзейнічаюць на нашай тэрыторыі ФСБшнікі, фаза ўдалася.

Ход за намі.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках