28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На колькі павялічыліся рахункі за ЖКГ у беларусаў, якія з'ехалі за мяжу

5
На колькі павялічыліся рахункі за ЖКГ у беларусаў, якія з'ехалі за мяжу

У снежні ў краіне абнавілі «базу дармаедаў».

Эмігрантам, якія валодаюць маёмасцю ў Беларусі, ужо некалькі месяцаў прыходзяць «дармаедскія» квітанцыі. У снежні базу абнавілі, а тыя, хто ў яе трапяць, павінны будуць заплаціць за ЖКГ па поўным тарыфе.

Журналісты выдання MOST сабралі гісторыі беларусаў, якіх закранула гэтая праблема.

У Аляксандры (імя зменена) у Менску засталася двухпакаёвая кватэра, сумесным уладальнікам якой з'яўляецца яе маці.

- У кватэры прапісаныя я і мая мама, мы абедзве з'яўляемся ўласніцамі. З верасня мяне ўнеслі ў базу і да ацяпляльнага сезона трапленне ў «дармаеды» адчувалася нямоцна, ужо з кастрычніка стала адчувальна - толькі за ацяпленне прыходзіць 80 рублёў, з іх 60 рублёў прыпадае на мяне. Летась камуналка прыходзіла па звычайных коштах - за ўсе паказчыкі ЖКГ выходзіла не больш за 80 рублёў, - кажа суразмоўніца.

Віктар (імя змененае) валодае ў Беларусі домам.

- Мы з жонкай не працуем з красавіка, з Беларусі выехалі ў траўні. У верасні ў АРІП убачыў пераразлік пры аплаце. Патэлефанаваў туды, каб высветліць, што гэта значыць. Сказалі: «дармаедства». Дом мы не здаём, але ён увесь час ацяпляецца газам. Калі звычайны тарыф на газ - 0,19, то ў нас 0,54. Таму ўсё ж падвышаны тарыф адчуваецца, - распавядае мужчына.

Юлія (імя змененае) валодае доляй двухпакаёвай кватэры ў Баранавічах.

- У Беларусі я ніколі афіцыйна не працавала і да гэтага ў базу не трапляла, першы рахунак за камуналку па высокім тарыфе прыйшоў у траўні. У кватэры прапісаны я, сястра і мая маці. Атрымліваецца палова кватэры на маме, палова - на нас з сястрой, абедзве мы жывём за мяжой. Да траўня ў сярэднім аплата за кватэру была 50 рублёў, але ўжо ў траўні была крыху вышэй за кошт падагрэву вады, але так як ацяпленне выключана, па кішэні гэта асабліва не біла. Цяпер прыйшла квітанцыя за лістапад - а 130 рублёў. Раней мама аплачвала ўсё сама, зараз жа гэтая сума - трэць ад яе пенсіі, таму будзем з сястрой аплачваць, - кажа Юлія.

Сяргей (імя змененае) валодае трохпакаёвай кватэрай у Берасці.

- З'яжджалі з жонкай і дзіцем у чэрвені, за два месяцы да ад'езду аформіў рамесніцтва, па ім падатак 62 рублі ў год. У снежні павінен буду яго заплаціць. Пакуль што квітанцыі прыходзяць па стандартным тарыфе. Напрыклад, у лістападзе прыйшла на суму 70 рублёў - ужо з ацяпленнем. Калі б не аформіў рамесніцтва, сума была б удвая, а то і ўтрая большая, — кажа суразмоўца.

Як даведацца, ці патрапіў у базу «дармаедаў»

Для таго, каб высветліць, ці знаходзіцца чалавек у базе, можна звярнуцца ў «дармаедскую» камісію па месцы рэгістрацыі праз тэлефон ці праз электронную пошту.

Ёсць яшчэ адна магчымасць - праз дзяржаўны партал, аднак ёсць некалькі нюансаў. Па-першае, дзяржаўныя парталы Беларусі адчыняюцца з тэрыторыі Польшчы толькі праз VPN. Па-другое, доступ да асабістага кабінета атрымаць не так ужо і проста – для гэтага патрэбна альбо электронны лічбавы подпіс (электронны ключ на USB-флэшцы ці SIM-карце), альбо ID-карта. І тое, і другое аформіць можна толькі знаходзячыся ў краіне.

Як выстаўляецца «квітанцыя», калі ў кватэры зарэгістравана некалькі чалавек і адзін з іх «дармаед»

Калі ўласнікамі нерухомасці з'яўляюцца некалькі чалавек, адзін з якіх «дармаед» - ЖКГ разлічвае частку аплаты па поўным тарыфе, а для тых, хто ў базе не лічыцца - па льготных.

Каго могуць выключыць з базы

Эмігрантаў могуць вызваліць толькі ў некаторых выпадках. Калі чалавек афіцыйна здае ў арэнду сваю нерухомасць, тады для яго па-ранейшаму застаецца ільготны тарыф на камуналку. Для зарэгістраваных у Беларусі рамеснікаў ці людзей, якія займаюцца аграэкатурызмам, па-ранейшаму застаюцца льготныя тарыфы нават у тым выпадку, калі чалавек пражывае за мяжой. Акрамя таго, ад аплат па поўным тарыфе вызваляюць тых, хто навучаецца ці працуе ў краінах ЕАЭС.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках