25 красавiка 2024, Чацвер, 7:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жанчына, якую баіцца Лукашэнка

22
Жанчына, якую баіцца Лукашэнка

Беларуская Жанна д'Арк працягвае барацьбу.

Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк больш за два гады знаходзіцца ў зняволенні ў найцяжэйшых умовах. Пра тое, што адбываецца з жанчынай у турме і чым выкліканае «асаблівае» стаўленне ўладаў да палітзняволенай, у інтэрв'ю праграме сайта Charter97.org Studio X97 расказаў яе муж, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда.

Падпісвайцеся на Youtube канал «Хартыі-97» – charter97video. Падзяліцеся відэа з сябрамі. Стаўце лайкі і пішыце каментары.

Ужо пасля запісу гэтай праграмы стала вядома, што пасля выхаду са штрафнога ізалятара, дзе Паліна Шарэнда-Панасюк правяла запар 40 сутак, яе змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Пастановай адміністрацыі калоніі Паліна правядзе 6 месяцаў у поўнай адзіноце.

Таксама стала вядома, што супраць актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» распачатая чарговая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 411 («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Паводле новай крымінальнай справы ёй пагражаюць дадатковыя два гады турмы.

– Андрэй, калі мне не здраджвае памяць – вы ў апазіцыі ўжо больш за 20 гадоў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у Берасці і Берасцейскай вобласці. Але, калі вы не супраць, я хацеў бы пачаць размову з вамі не як з апазіцыянерам, а як з мужам сваёй жонкі, якая больш за два гады ўжо ў турме.

– Так, вядома.

– Андрэй, ваша жонка Паліна Шарэнда-Панасюк з 2020 года знаходзіцца за кратамі. У 2021 годзе яе асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Я ведаю, што сітуацыя даволі крытычная ў гэты момант. Раскажыце, што вядома.

– Так атрымліваецца, што ўжо тры месяцы ад Паліны практычна няма навінаў. Чатыры месяцы таму ў яе быў суд, паводле якога ёй дадалі яшчэ год, узмацнілі жорсткасць рэжыму знаходжання ў турме. Цяпер яна знаходзіцца ў калоніі для рэцыдывістаў. Гэта сумна вядомая жаночая калонія ў Зарэччы, пра якую шмат чутак, шмат непрыемнай інфармацыі. І вось гэтыя тры месяцы ад яе практычна няма вестак. Вядома толькі адно: за гэтыя тры месяцы яна ўжо мінімум 80 дзён правяла ў камеры ШІЗА, то-бок у карцары.

Што ўяўляе з сябе карцар у калоніі? Гэта паўпадвальнае памяшканне, якое не ацяпляецца і дзе ёсць адно акно. Карцар памерам адзін метр на тры, фактычна такі каменны мяшок, не прымеркаваны на нейкае доўгае знаходжанне. Але і зразумела, што хоць гэта і поўдзень Беларусі, але тэмпература ўжо цяпер апускаецца ніжэй за нуль.

– Я чуў, што там нават цёплай вады няма. Так?

– У камеры, менавіта ў ШІЗА, няма не толькі цёплай вады. Там, я так разумею, увогуле няма вады як такой. Там ёсць прыбіральня, а мыцца выводзяць. Два разы на дзень проста выводзяць з камеры менавіта памыцца і зрабіць водныя працэдуры. Гэта проста нечалавечыя ўмовы, і так Паліна ўтрымліваецца ўжо амаль тры месяцы.

Ніякіх звестак пра стан яе здароўя, пра тое, як яна сябе адчувае, увогуле няма.

Тры разы за гэты час да яе прыязджаў туды адвакат, але на падставе таго, што Паліна знаходзіцца ў ШІЗА, у сустрэчах адмаўлялі. Іншай назвы гэтаму, як фашызм, я не магу знайсці. Гэта фашызм у цэнтры Еўропы, з якім, на жаль, мірацца як сусветная грамадскасць, так і праваабарончыя арганізацыі.

– Шмат хто кажа: «Хто мог бы падумаць, што ў XXI стагоддзі ў Расеі фашызм, у Беларусі фашызм?» Як вы разумееце, Андрэй, чаму рэжым вось так жорстка менавіта з Палінай сябе паводзіць?

– У Паліны заўсёды была жорсткая пазіцыя ў дачыненні да гэтага рэжыму. У яе выразная лінія: яна не прызнае легітымнасць гэтых уладаў. Тым больш яна не будзе выконваць іх загады, бо Паліна поўнасцю адмаўляе іх легітымнасць нават у турме. Можна сказаць: гэта яе змаганне.

Нават там у турме Паліна прадаўжае барацьбу з гэтым таталітарным рэжымам у выглядзе грамадзянскага непадпарадкавання. Паліна адмаўляецца называць сябе «рэцыдывісткай» альбо «схільнай да ўцёкаў». На ёй цяпер мінімум 4 біркі розных колераў: ад «схільная да ўцёкаў» да «схільная да нападу на супрацоўнікаў» і «схільная да суіцыду». А пра кожную з гэтых бірак пры сустрэчы, пры праходзе яна павінна паведамляць, што яна вось такая і такая.

Паліна, вядома ж, адмаўляецца гэта рабіць. І за гэта ёй адно за адным вешаюць гэтыя парушэнні, плюс Паліна цалкам адмаўляецца ад працы, бо ў гэтай новай калоніі яны шыюць толькі форму сілавікам – памежным войскам, наколькі я ведаю. Паліна наадрэз адмовілася выходзіць на працу, нават вучыцца адмовілася. І такія вось наступствы.

– Я думаю, да ўсяго яшчэ і рэжым яе баіцца і таму…

– Так, безумоўна. Тры месяцы даходзяць асобныя нейкія чуткі. Але зразумела, што менавіта такая жорсткая пазіцыя наконт Паліны прыходзіць аднекуль «зверху». Беларусь не такая вялікая краіна, ёсць знаёмыя, якія нават працуюць у гэтай структуры, якія кажуць, што так, ціснуць на Паліну – гэта загад «зверху», таму што іхняя мэта – зламаць чалавека, зламаць любым спосабам.

Увогуле, у той сітуацыі, якая цяпер адбываецца ў Беларусі, пасля падзеяў 2020 года, нашы палітвязні – гэта адзін з нямногіх агменяў супраціву рэжыму. Мы бачым, што нашыя героі прадаўжаюць барацьбу, нават знаходзячыся ў зняволенні. Іхнія імёны вядомыя – гэта Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, мая жонка Паліна Шарэнда-Панасюк, Мікола Аўтуховіч, Сцяпан Латыпаў. Яны прадаўжаюць барацьбу.

– Яўген Афнагель.

Яўген Афнагель, вядома ж, Максім Вінярскі – мае сябры з «Еўрапейскай Беларусі».

– Можна пералічваць і пералічваць. Іх не тысяча, як некаторыя думаюць. Іх тысячы.

– І гэта адзіная перашкода, чаму Лукашэнка не можа сябе абвясціць поўным пераможцам. Пакуль палітвязні, ягоныя апаненты знаходзяцца ў турме і яны не зламаныя – ён не зможа сказаць: «Я пераможца. Давайце новыя выбары праводзіць».

Ну, і як відаць з эканомікі, з агульнай структуры – час падціскае, ён хоча абвясціць сябе пераможцам і таму ідзе мэтанакіраваная барацьба з палітвязнямі. Мы бачым, што многіх палітвязняў таксама цяпер кідаюць у ШІЗА, на іх чыніцца каласальны псіхалагічны ціск. Але яны прадаўжаюць барацьбу, і ў гэтым нашая надзея.

– Вы з Палінай апошні раз размаўлялі ў 2021 годзе, так?

– Ой, калі можна назваць усё гэта размовай. У Паліны быў суд, паводле якога яе асудзілі да першага тэрміну: да двух гадоў зняволення. Я ўжо тады знаходзіўся пад хатнім арыштам. На мне вісеў ужо шэраг крымінальных артыкулаў. Паводле ўмовы хатняга арышту, я мог выходзіць на вуліцу паводле сямейных абставінаў на некалькі гадзінаў за дзень.

Сустрэчы ў СІЗА праходзілі ў вузкім калідоры, за глухім шклом, нічога не чуваць. Стаялі старыя тэлефоны з дыскамі, але дыск быў нечым забіты і па гэтых трубках цяжка было размаўляць. Побач сядзелі яшчэ чатыры чалавекі. Практычна нешта пачуць было ўвогуле нерэальна.

Ну, плюс да гэтага: у мяне за спінай стаяў супрацоўнік сілавых структураў, у Паліны за спінай таксама. Нават нейкія жэсты яны спрабавалі спыняць. У нейкі момант Паліна хацела нешта паказаць жэстамі, але падышоў супрацоўнік СІЗА і стукнуў кулаком па стале, сказаўшы, што на гэтую тэму нельга нічога нават паказваць.

– Пра што вы размаўлялі?

– Мы размаўлялі, у асноўным, пра дзяцей, пра надвор'е, але ў нейкі момант Паліна зразумела сітуацыю, што мне таксама трэба з'язджаць, яна хацела падаць знак, каб я зрабіў гэта, і яна спрабавала неяк жэстыкуляваць. У гэты момант якраз і пастанавілі нашу размову перапыніць.

– Вы кажаце, тры месяцы ад яе ніякай вестачкі не было. Ведаючы сваю жонку, ведаючы Паліну, як вы думаеце, у якім яна настроі цяпер?

– Тое, што псіхалагічна яе не зламаеш, я ўпэўнены. Паліна – псіхалагічна вельмі ўстойлівы чалавек, яна ведае, чаго яна дамагаецца, і яе немагчыма зламаць менавіта псіхалагічна. Але трэба разумець, што Паліна – жанчына і здароўе чалавека не бязмежна.

Я шмат разоў быў пад адміністрацыйнымі арыштамі і разумею, што такое карцар, што такое ШІЗА, што знаходзіцца там нават 10 дзён – гэта вельмі складана, 20 – гэта ўвогуле недзе на мяжы чалавечых магчымасцяў.

Што такое 40 ці 80 сутак – я проста не магу ўявіць. Вельмі складана арганізму перанесці такое. Ёсць сур'ёзныя пагрозы жыццю і здароўю.

– На адным з апошніх паседжанняў суда Паліна ўзяла плакат, на якім было напісана: «Самазванец, убывай!» Зразумела, хто галоўны самазванец у Беларусі. Што вы падумалі, калі ўбачылі гэты плакат?

– Усім адразу стала зразумела, што значыць гэты плакат. Адна з літараў была замаскаваная: быццам з дзвюма кропкамі. Але гэта вядомы слоган, які ўпершыню з'явіўся да выбараў 2020 года, да падзеяў жніўня, і ён стаў адным з сімвалаў гэтага пратэсту.

Чытаючы паміж літарамі, зразумела, што значыць гэты лозунг, і Паліна проста зачытала свой маніфест: што не трэба баяцца, а выказваць свае думкі, выказваць нават у тых сітуацыях, у якіх здавалася б гэта немагчыма рабіць. Паліна знаходзілася ў турме, яе судзілі, але ўсё роўна яна выкарыстоўвала свой суд як трыбуну, каб сказаць тое, што кожны з нас баіцца сказаць, знаходзячыся на волі.

– У 2021 годзе вы пастанавілі з'ехаць з Беларусі. Цяпер вы і дзеці ў Літве знаходзіцеся?

– Я быў пад хатнім арыштам. Мне давялося ўцячы з-пад хатняга арышту, давялося нелегальна перайсці мяжу з Літвой. Быў вельмі цяжкі працэс, каб вывесці дзяцей з Беларусі. Рэжым перашкаджаў. Толькі праз 9 месяцаў я змог убачыць і абняць сваіх дзяцей.

Так, цяпер мае дзеці са мной, яны знаходзяцца ў Літве. Мы пачынаем сваё жыццё нанова, але я ўпэўнены, што нам неўзабаве можна будзе вярнуцца ў Беларусь.

– Дзецям колькі гадоў цяпер?

– Цяпер старэйшаму 13 гадоў, малодшаму – 6.

– Што яны пытаюцца пра маму?

– Дзеці дарослыя, яны разумеюць, што адбылося, дзе мама знаходзіцца. Так, спачатку было складана. Першыя паўгода, першыя некалькі месяцаў. Калі Паліну забралі, малодшаму было 4 гады, старэйшаму толькі споўнілася 11.

Малодшы часта падбягаў да ложка і пытаўся: «Дзе мама, я не магу яе знайсці». Гэта было вельмі складана. Але, на шчасце, час лечыць, і я імкнуся з усіх сілаў замяняць сабой і маму, і ўсю сям'ю, каб сям'я была паўнавартаснай. Цяпер, так, дзецям стала лягчэй, яны ўсё разумеюць, дзе знаходзіцца маці, якая сітуацыя цяпер у Беларусі.

– А што вы ім кажаце, калі пытаюцца, калі мама вернецца?

– Старэйшы разумее, што маці вернецца толькі тады, калі сыдзе Лукашэнка, калі зменіцца сітуацыя. Але малодшаму я кажу, што вось-вось, калі не праз месяц, дык хутка. Хутка мы ўсе разам сабярэмся. Хутка мы ўсе разам паедзем некуды адпачыць. Хутка разам вернемся ў Беларусь.

– Што простыя людзі цяпер могуць рабіць для палітвязняў? Бо калі гэта пачалося – 2020 год, пасадкі, вось новая хваля, моцная хваля пасадак – было жаданне пісаць лісты, дапамагаць. Але мы ж разумеем, што з часам гэта ўсё згасае. Як гэтую ўвагу ўтрымаць? Што можна яшчэ рабіць цяпер?

– Цяпер, асабліва ў сітуацыі вайны ва Украіне, тэма беларускіх палітвязняў, нават самой Беларусі, адышла на другі план. Якая патрэбная падтрымка? Гэта падтрымка, у першую чаргу, сем'яў палітвязняў, таму што ім цяпер цяжка.

Нават псіхалагічная падтрымка – вельмі важная. Калі я быў у Беларусі, калі нават сядзеў пад хатнім арыштам – было важна, калі чалавек проста падыходзіць да цябе на вуліцы, пазнае і выказвае словы падтрымкі. Гэта вельмі важна, гэта вельмі падтрымлівае і гэта нашая салідарнасць. А салідарнасць – гэта адзін са шляхоў нашай перамогі. І рэжым Лукашэнкі з гэтым ніяк не можа змагацца, з праявай простай чалавечай салідарнасці. І гэта яго таксама вельмі моцна палохае.

– Многія СМІ пішуць пра тое, што Пуцін цяпер вельмі хоча, каб Беларусь, Лукашэнка актыўна ўзяў удзел у вайне, каб беларусы ехалі, мабілізацыя была афіцыйнай і ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях. Як вы думаеце, ці дацісне Лукашэнку ён у гэтым пытанні?

– Я думаю, ужо даціснуў у тым пытанні, што расейскія войскі будуць зноў уведзеныя ў Беларусь, будуць разгорнутыя вайсковыя базы, і я думаю (ёсць знаёмыя, якія наўпрост кажуць пра гэта), што Узброеныя сілы Беларусі будуць аб'яднаныя з Заходняй ваеннай акругай Расеі. Гэта ўжо практычна не таямніца.

І любая эскалацыя далейшага канфлікту – гэта будзе проста ўблытванне беларускай арміі ў гэтую нікому не патрэбную вайну. Так, такі сцэнар цалкам верагодны, і Пуцін будзе рабіць усё для таго, каб ажыццявіць яго.

– Як гэта можа паўплываць на сітуацыю і на настроі ў Беларусі? Калі з аднаго боку мы бачым, што расейцы, дрэнныя расейцы, страляюць з тэрыторыі Беларусі ва Украіну. Гэта абстрактная гісторыя. А тут твайго мужа, брата, сына могуць паклікаць.

– Зразумела, што вайна нікому ў Беларусі не патрэбная. Яна нават не патрэбная нашым вайскоўцам, якія цяпер служаць. Яны баяцца гэтага цяпер больш за ўсё ў жыцці, што беларусы будуць ублытаныя ў вайну. Зразумела, што гэтага баяцца ўсе сваякі гэтых вайскоўцаў, гэтага баяцца простыя беларусы.

І я спадзяюся, што ў нашых вайскоўцаў хопіць сілы волі, каб супрацьстаяць гэтым злачынным загадам. Выйсцяў з гэтага шмат – можна проста не падпарадкоўвацца, не падпарадкоўвацца гэтым загадам, ёсць варыянт проста з'ехаць з Беларусі, ёсць варыянт проста супраціўляцца.

У мяне ёсць знаёмыя, якія гавораць: мы ваяваць не будзем, гэта не наша вайна. Менавіта гэта, я ўпэўнены, адзін з крытэраў, чаму Беларусь не ўступіла вайну менавіта ў лютым, у сакавіку, калі гэта было неабходна Пуціну. І ёсць надзея, што гэтыя тэндэнцыі захаваюцца, і Пуціну нічога не застанецца рабіць. Так, ён можа ўвесці сюды войскі, ён можа разбіць тут базы, але прымусіць беларусаў ваяваць на ягоным баку ён проста не можа.

– На ваш погляд, як павінен скончыць Лукашэнка, каб сапраўды ўсе змаглі сказаць, што справядлівасць перамагла?

– Я мяркую, што канец Лукашэнкі павінен быць як прэцэдэнт, нешта паміж Садамам Хусэйнам і Кадафі. Я ўпэўнены, такі лёс яго чакае ў выніку тых падзеяў, якія адбываюцца ў апошні час.

– Андрэй, вы больш за 20 гадоў у апазіцыі, у палітыцы. Вы памятаеце момант, калі вам першы раз стала сорамна за тое, што краінай кіруе неачэсаны хам, калгаснік?

– Сорамна за яго не было, але паняцце, што гэты рэжым – супраць Беларусі, супраць народа, супраць гісторыі, мне яшчэ са школы стала зразумела. У «Маладым фронце» быў з 9 класа, там пазнаёміўся з Палінай. Гэта быў канец 1990-х гадоў, і ўжо стала зразумела, што рэжым злачынны і яму трэба супраціўляцца. З гэтага і пачалося маё актыўнае палітычнае жыццё і барацьба супраць рэжыму Лукашэнкі.

– Колькі разоў за ўвесь гэты час вас арыштоўвалі?

– У колькасці разоў складана сказаць, блізу 15. Але ўвогуле я правёў толькі паводле адміністрацыйных арыштаў паўгода, 160 сутак. Толькі за канец 2020 – пачатак 2021 года ў мяне было 86 сутак адміністрацыйнага арышту.

– Я памятаю, як у 2020 годзе вы казалі, што беларусы ненавідзяць Лукашэнку. А вось калі цяпер, на календары ўжо 2022 год, якія пачуцці да дыктатара?

– Я ўпэўнены, што тыя працэсы, якія пачаліся ў жніўні 2020 года, пачаліся насамрэч нашмат раней. Тое, што будуць пратэсты менавіта ў 2020 годзе, было зразумела яшчэ за год да гэтага, калі мы і нашыя сябры з «Еўрапейскай Беларусі» ўдзельнічалі ў так званых парламенцкіх выбарах. Тады быў зроблены зрэз настрояў, стала зразумела, што будуць пратэсты, што грамадства гатовае да пратэстаў, грамадства ўжо не змірыцца з тым, што Лукашэнка застанецца далей пры ўладзе.

У жніўні 2020 года быў Рубікон, праз які прайшла большая колькасць насельніцтва, якое зразумела, што недастаткова выйсці прагаласаваць за нейкага адзінага кандыдата ці некалькіх кандыдатаў, а важна абараніць сваё права голасу на вуліцах гарадоў. На жаль, гэтага было недастаткова. Ёсць аб'ектыўныя прычыны, чаму гэта не атрымалася.

Але тыя падзеі, якія пачаліся, яны прадаўжаюцца. Рэвалюцыя яшчэ прадаўжаецца. Так, цяпер можна сказаць, яна сышла ў нейкае падполле, нейкім чынам перайшла на кухні. Але настроі людзей нікуды не падзеліся. Тыя людзі, якія выходзілі на плошчы і вуліцы нашых гарадоў, яны таксама ненавідзяць Лукашэнку і таксама хочуць ягонай хутчэйшай змены. І як толькі з'явіцца нейкае акно магчымасцяў ці нейкі сігнал – людзі зноў будуць абараняць свае правы і рабіць усё, каб гэты рэжым сышоў.

– А вы не думалі, што можа быць гэтай іскрай?

– Іскры могуць быць розныя. На жаль, падзеі апошняга года паказваюць, што мала толькі слабасці рэжыму Лукашэнкі, неабходная яшчэ і слабасць рэжыму Пуціна. Бо фактычна Беларусь цяпер знаходзіцца пад акупацыяй, і ў гэтым варыянце толькі перамога Украіны ці поўнае паслабленне Расеі можа прывесці да таго, што створыцца гэты трыгер, што можна будзе зноў выходзіць на акцыі пратэсту.

На жаль, цяпер адных акцыяў пратэсту недастаткова. Перамогі можна будзе дамагчыся толькі агульным шляхам. Я мяркую, па-першае, гэта акцыі пратэсту, па-другое, гэта масавыя ўсеагульныя страйкі: як працоўных, так і іншых структураў. І ў цяперашняй сітуацыі, на жаль, гэта толькі ўзброеная змаганне.

Але, на шчасце, цяпер мы бачым, што нашы браты, нашы знаёмыя і сябры цяпер змагаюцца ва Украіне. Полк Каліноўскага ды іншыя фармаванні, якія стварыліся, гатовыя падтрымаць нашу барацьбу, гатовыя ўвайсці ў Беларусь. І я, і многія беларусы ўскладаюць на гэта вельмі вялікія спадзяванні.

– Вы ўспомнілі 2020 год. Якія высновы беларусам трэба зрабіць з рэвалюцыі, якая тады пачалася?

– Праблема беларусаў, што ўсе чакалі, калі нешта скажа нейкі лідар. Усе чакалі, калі прыйдзе нейкі сігнал ці праз тэлеграм-канал, ці нехта нешта абвесціць, нейкую акцыю, страйк, месца збору. Гэта было памылкай. Мы бачылі, да чаго гэта прывяло.

Рэвалюцыя ў выходныя не робіцца. Гэта стала зразумела. Трэба станавіцца самім лідарамі, самім разумець, што трэба для зрынання гэтага рэжыму.

– Некаторыя мяркуюць, што ўжо ў наступным годзе Лукашэнкі не будзе. Вашыя прагнозы?

– Мая пазіцыя: лепш я буду аптымістам і не буду мець рацыі, чым буду песімістам і рацыя будзе мая. Я думаю, ёсць аб'ектыўнае гледжанне, што рэжым Лукашэнкі ўжо боўтаецца на валаску.

Мы бачым працэсы, якія запусціліся ў эканоміцы. У мяне шмат знаёмых, якія працуюць на беларускіх прадпрыемствах, калійным і на нафтаперапрацоўчых заводах. Яны кажуць, што сітуацыя проста сумная. Усё працуе на склад, усё трымаецца на нейкім валаску, і эканоміка можа абрынуцца ў любы момант.

Мы бачым, што апошняя істэрыка дыктатара, які хоча рэгуляваць кошты курыцы, яйкаў, малака, цукру нейкім чынам. Але іх нельга рэгуляваць, гэта прывядзе да жаласных наступстваў. Не можа прывесці, а прывядзе, хутчэй за ўсё, ужо прывяло, а гэтыя ўказы толькі паскараюць ягонае падзенне. Я ўпэўнены, што рэжыму засталося літаральна некалькі месяцаў.

– А вось, уласна, што ў вас усяляе гэтую ўпэўненасць, што рэжыму нядоўга засталося?

– Ну, ёсць аб'ектыўная прычыны, як відаць гэта з эканомікі, па-першае. А па-другое, па настроі людзей гэта дакладна бачна. І да гэтага чынніку нянавісці да дыктатара, якую схаваць ужо проста немагчыма, можа далучыцца чыннік пустой лядоўні. І гэта адбудзецца, хутчэй за ўсё, гэтай восенню ці зімой.

Калі лядоўні спусцеюць, гэта будзе самы, мусіць, значны трыгер, які можа падштурхнуць да змагання і прычым не толькі да змагання. Гэта будзе сігналам сілавым структурам, што трэба ўцякаць ад гэтага рэжыму куды далей. І цяпер ужо ёсць сігналы, што візы запытваюць супрацоўнікі наменклатуры, былыя міліцыянеры, якія ўладкоўваюцца кіроўцамі ў Літве і Польшчы. Фактычна пачаліся іх уцёкі.

– Пацукі бягуць з карабля, які тоне.

– Пацукі бягуць з карабля. І гэтая мабілізацыя, абвешчаная ў Расеі, прыхаваная мабілізацыя ў Беларусі цяпер ужо адбываецца. Бо мы бачым, што вайскоўцам гвалтоўна падаўжаюць кантракты, іх не адпускаюць, з запасу вяртаюць сілавікоў. Рэжым не са сваёй волі, але рыхтуецца да прадаўжэння вайсковых дзеянняў. Гэта прывядзе ўрэшце да яго краху.

– Сітуацыя ў Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы як будзе развівацца?

– Не выключаныя любыя сцэнары. Цалкам магчыма, што мы вернемся зноў да акцый пратэсту, мы можам вярнуцца зноў да страйкаў. І нельга выключаць чыннікі вайны ва Украіне. Нашы адважныя героі з палка Каліноўскага цяпер змагаюцца з ворагам – Расейскай Федэрацыяй. Але як толькі ён будзе зрынуты, я ўпэўнены, і падзеі на фронце пацвярджае меркаванне, што яны гатовыя ўвайсці ў Беларусь.

– Так, каліноўцы кажуць: пераможам Пуціна – Лукашэнка наступны.

– І наша галоўная задача, задача ўсіх беларусаў – падтрымаць іх. І я ўпэўнены, я спадзяюся, што гэта можа адбыцца ў найбліжэйшыя калі не месяцы, то ў найбліжэйшы час.

– А падтрымка сярод беларусаў палка Каліноўскага ёсць?

– Ёсць. Гэта і маральная, і фінансавая падтрымка.

– Мы бачым як перамогі Украіны, так і новую хвалю агрэсіі, як сказалі, новае «24 лютага», толькі ў адрозненне ад лютага Украіна не баіцца. Калі мы з вамі запісваем гэтае інтэрв'ю, бомбы падаюць у самых буйных украінскіх гарадах, у тым ліку ў Кіеве. І ляцяць, у тым ліку, з Беларусі. Як гэта спыніць?

– Зразумела, што паранены звер страшнейшы за ўсё. У канвульсіях ён можа зрабіць усё што заўгодна. Як гэта спыніць? Мы бачылі, што адбывалася зімой, што быў супраціў у Беларусі. Беларусы ўсяляк паведамлялі пра перамяшчэнні расейскіх войскаў, спрабавалі нават супраціўляцца, былі дыверсіі на чыгунцы.

Я ўпэўнены, што простыя людзі, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, фактычна закладнікі рэжыму Лукашэнкі, але ўсё роўна будуць супраціўляцца. Ва Украіну будзе паступаць інфармацыя пра перамяшчэнні расейскіх войскаў, пра запускі ракетаў, як гэта было зімой і вясной гэтага года.

– У вольнай Беларусі, у Беларусі без Лукашэнкі, вы хацелі б займацца палітыкай ці бачыце сябе ў нечым абсалютна іншым?

– Я не ведаю, ці буду займацца палітыкай, але вольная Беларусь не паўстане проста на пстрычку, маўляў, Лукашэнка сыдзе, Беларусь стане вольнай і ўсе зажывуць добра. Трэба разумець, што нас чакаюць гады аднаўлення, гады станаўлення нацыі, гады станаўлення нацыянальнай дзяржавы. І я гатовы ў гэтым удзельнічаць.

Я 20 гадоў змагаюся з гэтым рэжымам не для таго, каб проста пайсці вырошчваць памідоры ці завесці свой бізнэс. Не, аднаўленне нашай нацыі, краіны – гэта планамерная, карпатлівая праца. І я, і мая жонка гатовыя ў гэтым удзельнічаць.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках