19 красавiка 2024, Пятніца, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Каваленка: Па расейскіх вайсковых базах у Беларусі можа быць нанесены ўдар

31
Аляксандр Каваленка: Па расейскіх вайсковых базах у Беларусі можа быць нанесены ўдар
Аляксандр Каваленка

Расейскае войска ўжо атрымала аплявуху ў Севастопалі.

Ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказаў, як войска РФ атрымала аплявуху ў Севастопалі, ці можа быць нанесены прэвентыўны ўдар па расейскіх войсках у Беларусі і якіх зменаў можна чакаць на лініі фронту зімой:

– Вельмі часта робіцца акцэнт на тым, што ў зімовы перыяд могуць прыпыняцца баявыя дзеянні і да таго падобнае. Але насамрэч зімовы перыяд гэта якраз магчымасці для войска той краіны, якая найлепшым чынам падрыхтавалася да яго, магчымасці перахапіць ініцыятыву па шэрагу кірункаў супраць той краіны, якая падрыхтавалася горш. На сёння УСУ рыхтуюцца да зімовага перыяду, і падрыхтоўка вядзецца даволі сур'ёзна, чаго нельга сказаць пра расейскае войска. Таму, на мой погляд, на пэўных адрэзках, дзе асабліва суровыя зімовыя ўмовы (ва Украіне гэта той самы Данбаскі плацдарм, Луганшчына), там баявыя дзеянні могуць у прынцыпе і прыпыніцца, але яны не будуць канчаткова пастаўленыя на паўзу. На поўдні сітуацыя, наадварот, можа развівацца не менш актыўна, чым яна развівалася апошнія некалькі месяцаў.

– Украіна правяла дзёрзкую атаку ў Севастопалі. У чым унікальнасць нападу УСУ на расейскія караблі?

– Перш за ўсё, невядома, ці Украіна гэта правяла. Ні Генеральны штаб УСУ, ні нейкія іншыя сілавыя структуры, ні афіцыйныя асобы падобнага не заяўлялі, што нібыта Украіна мае дачыненне да гэтага інцыдэнту. Аналагічна Расейская Федэрацыя галаслоўна абвінаваціла Украіну, не даўшы ніводнага доказу, што ёсць наша дачыненне да гэтага. Таму хто гэта быў – без паняцця. Але той бок, які правёў гэтую аперацыю, ён правёў яе прафесійна і даволі дзёрзка.

Па-першае, бухта Севастопаля – гэта не менш ахоўны аб'ект, чым той самы Крымскі мост. Там даволі сур'ёзная сістэма бяспекі, якую забяспечваюць у тым ліку і падраздзяленні ФСБ. Апроч усяго іншага гэта яшчэ і вайсковы аб'ект, які знаходзіцца ў зоне дзеяння шэрагу сістэмаў абароны, у тым ліку і СПА. Гэта закрытая зона, пранікненне на якую – сапраўдная аплявуха ўвогуле ўсёй расейскай сістэме бяспекі.

Гэтая аперацыя была ажыццёўленая з дапамогай безэкіпажных катараў, якія былі загружаныя пэўнай колькасцю выбуховага рэчыва, пра канкрэтную вагу якога даволі праблематычна меркаваць. Але вынік перасягнуў чаканні, паколькі былі пашкоджаныя як мінімум два караблі.

Адным з іх быў флагман расейскай Чарнаморскай флатыліі, фрэгат праекта 11356Р «Адмірал Макараў». Гэта ў сутнасці другі флагман, які страчвае расейскі флот за паўгода. Першым быў ракетны крэйсер «Масква» – карабель першага рангу, страта якога пазбавіла расейскі Чарнаморскі флот звання флоту. Цяпер ён можа звацца толькі флатыліяй, таму што не можа звацца флотам тое, у чым адсутнічае карабель першага рангу.

Страта вартавога карабля «Адмірал Макараў» фактычна праз паўгода – гэта рэкорд: два страчаныя флагманы за такі кароткі час. У сучаснай гісторыі войнаў і канфліктаў яшчэ ніводная краіна не ставіла такіх рэкордаў. Калі падсумаваць, што расейцам немагчыма было адбіць падобнага кшталту напад, яго выніковасць і эфектыўнасць, то можна сказаць, што гэта сапраўды было праведзена дзёрзка і даволі прафесійна.

– Расейскае ваеннае камандаванне часта выкарыстоўвае метад «закідвання мясам» ворага. Ці дапаможа ім праведзеная мабілізацыя на гэты раз?

– Збольшага яна ім дапамагае, паколькі гэта дазваляе даволі хутка запаўняць людскія рэсурсы, якія адсутнічаюць, на лініі судакранання. Гэта значыць тыя падраздзяленні, якія патрабуюць вываду з зоны баявых дзеянняў для аднаўлення баяздольнасці ў сувязі са стратамі, не выводзяцца. Расейцы скіроўваюць адразу ў зону баявых дзеянняў групы часткова мабілізаваных для кампенсацыі стратаў асабовага складу.

Але праблема ў тым, што падобнага кшталту тактыка не кампенсуе стратаў у тэхніцы, а гэта ўжо падрывае баяздольнасць падраздзялення. Важны момант яшчэ ў тым, што той рэсурс, якім яны запаўняюць нястачу асабовага складу, з'яўляецца непадрыхтаваным. Гэта выключна ўяўнае адчуванне таго, што яны нейкім чынам кампенсуюць страты.

Апошнія справаздачы Генштаба УСУ дэманструюць рэзкі рост колькасці знішчаных ворагаў. Гэта з'яўляецца адным з тых чыннікаў, якія пацвярджаюць, што цяпер у зоне баявых дзеянняў з'яўляецца ўсё больш і больш непадрыхтаванага і непрафесійнага рэсурсу, гэта значыць часткова мабілізаваных, якія фактычна не гатовыя да вядзення баявых дзеянняў, у выніку чаго і гінуць у большай колькасці.

– З Беларусі цяпер часта запускаюцца іранскія дроны, нядаўна з'явіліся «Кінжалы». Ці бачыце вы сітуацыю, калі УСУ могуць нанесці прэвентыўны ўдар па расейскіх войсках у Беларусі?

– Я не выключаю падобнага варыянту, хоць кіраўніцтва краіны прадаўжае прытрымлівацца такой даволі цярплівай пазіцыі ў дачыненні да падобнага кшталту дзеянняў расейцаў з тэрыторыі Беларусі. Такім чынам выяўляецца пэўнага кшталту павага да межаў самой дзяржавы Беларусь. З іншага боку, я не выключаю, што ў пэўнай сітуацыі гэтаму цярпенню можа прыйсці канец і можа быць нанесены прэвентыўны ўдар па адным з такіх аб'ектаў, дзе кампактна размешчаныя расейскія войскі.

– На аэрадроме пад Псковам нядаўна былі падарваныя расейскія гелікоптары. Ці магчымыя падобныя дыверсійныя аперацыі на тэрыторыі Беларусі, у той самай Зябраўцы, якую расейцы ператварылі ў плацдарм для нападаў на Украіну?

– Тое, што там адбылося – гэта надзвычайнае здарэнне, выкліканае ў першую чаргу тэхнічнай і тэхналагічнай дэградацыяй рамонтнага і тэхнічнага абслугоўвання падобнага кшталту тэхнікі. У сувязі з баявымі дзеяннямі ідзе проста катастрафічны знос гэтай тэхнікі, яна і да таго была не ў найлепшым сваім стане, а яшчэ дадаліся праблемы яе аднаўлення. Комплекс падобнага кшталту чыннікаў прыводзіць да такіх інцыдэнтаў.

Расея, у сутнасці, цяпер знаходзіцца ў стане тэхналагічнага калапсу, прычым практычна ва ўсіх галінах: пачынаючы цывільнымі і заканчваючы ваеннымі сферамі. І гэты тэхналагічны калапс з кожным разам будзе выяўляць сябе ўсё больш і больш.

– Як вы мяркуеце, калі чакаць пералому ў вайне? Колькі яна можа прадаўжацца?

– Пералом у вайне адбыўся яшчэ ў лютым, калі Расейская Федэрацыя не змагла захапіць пазначаныя перад сабой тэрыторыі і непасрэдна Кіеў. Гэта ўжо можна ўважаць за пералом, паколькі «другое войска ў свеце» раптам забуксавала і спынілася. Расейскае войска аказалася не здольнае рэалізоўваць нейкія маштабныя планы, якія яно хацела максімальна хутка рэалізаваць з тым рэсурсам, які ў яго ёсць.

Цяпер мы знаходзімся ў стане ўжо не тое каб нейкага пералому ці да таго падобнага, мы знаходзімся ў стане паступальнага паэтапнага вызвалення сваіх тэрыторый, што можа заняць, вядома ж, даволі доўгі перыяд часу. Але мы з першых дзён да гэтага рыхтаваліся, паколькі найперш гэтая вайна на знясіленне. І тое, што вораг знясілены, мы ўжо бачым.

Расея змушаная браць беспілотнікі і заказваць балістычныя ракеты ў Ірана, ім давялося кідаць у бой тысячы сваіх абсалютна непадрыхтаваных цывільных асобаў. Пры гэтым сотні тысячаў людзей проста ўцяклі з краіны, чым абрынулі эканоміку. Таксама Расея спрабуе цяпер дамаўляцца з Паўночнай Карэяй пра пастаўкі боепрыпасаў, сумяшчальных з расейскім узбраеннем. Крэмль спрабуе дамаўляцца з Таджыкістанам пра вываз боепрыпасаў і тэхнікі, якая знаходзіцца там.

Гэта ўсё кажа пра тое жаласнае становішча, у якім цяпер знаходзіцца на стан пачатку лістапада Расея. І далей будзе толькі горш. Адпаведна магчымасці паўнавартасна стрымліваць контрнаступ Узброеных сілаў Украіны ў іх не будзе. Будзе паэтапнае, даволі памяркоўнае вызваленне тэрыторый, каб мінімалізаваць страты з нашага боку.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках