29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны Беларусі рыхтуе змены ў мабілізацыйным заканадаўстве

36
Мінабароны Беларусі рыхтуе змены ў мабілізацыйным заканадаўстве

Лукашысты паглядзелі на досвед мабілізацыі ў Расеі ды наважылі ўнесці змены.

У Беларусі ўлічылі досвед частковай мабілізацыі ў Расеі і наважылі падкарэктаваць заканадаўства. Як - пакуль няясна, але абяцаюць вынесці на грамадскае абмеркаванне. Аб гэтым у інтэрв'ю «СБ. Беларусь сегодня» заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Кіраўнік Мінабароны заявіў, што ў Беларусі аналізуюць досвед Расеі ў правядзенні мабілізацыйных акцый.

- Не выкрыю вайсковай таямніцы, нагадаўшы, што задача Узброеных Сіл - гэта забеспячэнне баявой і мабілізацыйнай гатовасці. Мабілізацыйныя зборы мы праводзім ужо колькі гадоў запар. Мабілізацыя для нашай рэспублікі вельмі важная, хаця б з таго пункту гледжання, што мы ж не трымаем войска ў тых маштабах, якія патрэбныя для адбівання агрэсіі. Эканоміка краіны не вытрымае. Таму мы вызначыліся з той колькасцю, якая аптымальная з улікам мабілізацыйнага рэсурсу, падрыхтоўкі насельніцтва, - заявіў Хрэнін.

Ён нагадаў, што цяпер у Беларусі "сістэматычна і планава" праходзіць праверка ўліковых звестак вайсковаабавязаных. Паводле яго слоў, спраўдзілі больш за мільён вайсковаабавязаных.

- Акрамя таго, улічваючы свой досвед і досвед расейскіх калег, падкарэктуем пэўныя моманты і ў заканадаўчым плане. Цяпер ідзе актыўная работа для падрыхтоўкі прапаноў для ўнясення змен у шэраг заканадаўчых актаў. Неўзабаве яны будуць вынесеныя на разгляд парламентарыяў, абмеркаванне грамадскасці, - дадаў міністр абароны.

Хрэнін таксама адзначыў, што ў вайсковым міністэрстве бачаць "і ад жанчын павышаную цікавасць да атрымання элементарных уменняў вайсковай падрыхтоўкі" і нагадаў, што ў Беларусі ёсць і сістэма пачатковай вайсковай падрыхтоўкі, і цэнтры данаборнай падрыхтоўкі.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках