24 красавiка 2024, Серада, 0:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турцыя адправіць Украіне плыўныя электрастанцыі

4
Турцыя адправіць Украіне плыўныя электрастанцыі

Анкара гатовая разгарнуць плыўныя электрастанцыі «за тры тыдні».

Турэцкі караблебудаўнічы аператар Karpowership вядзе перамовы пра пастаўку Украіне плыўных «электраходаў» для забеспячэння электраэнэргіяй, паведаміла топ-мэнэджарка кампаніі выданню Nikkei.

«Мы абмяркоўваем з кіраўніцтвам Адэскай вобласці і ўкраінскай кампаніяй "Укрэнэрга" размяшчэнне побач з Адэсай трох электрастанцый агульнай магутнасцю 300 мегаватаў», – расказала чалец кіравання Karpowership у камерцыйных аперацыях Зейнэп Харэзі.

Паводле ейных словаў, цяпер бакі ўзгодняць тэхнічныя і камерцыйныя аспекты, а таксама пытанні бяспекі. Харэзі не выключыла, што рэалізацыя праекта запатрабуе падтрымкі і пасярэдніцтва ААН на аналогію з «збожжавай угодай».

Пасля атрымання ўсіх дазволаў і зацвярджэння дамоўленасцяў Karpowership гатовая разгарнуць плыўныя электрастанцыі «за тры тыдні». Пры поўнай магутнасці яны здольныя забяспечваць энэргіяй да мільёна абанентаў.

Праблемы з электразабеспячэннем ва Украіне пачаліся пасля серыі расейскіх ракетных нападаў па аб'ектах крытычнай інфраструктуры. Такім чынам у Крамлі хочуць прымусіць Кіеў да перамоваў і прымусіць яго адмовіцца ад вызвалення акупаваных тэрыторый.

Напярэдадні ва «Укрэнэрга» заявілі, што ў выніку «сямі хваляў ракетных удараў», якія пачаліся з 10 кастрычніка, у краіне былі пашкоджаныя ўсе буйныя гідра- і цеплаэлектрастанцыі. У выніку без святла, вады і цяпла застаюцца цэлыя рэгіёны. Па ўсёй Украіне ўведзеныя аварыйныя адключэнні электраэнэргіі.

Karpowership з'яўляецца флагманскай кампаніяй турэцкага холдынгу Karadeniz Holding. Яна мае 36 плыўных электрастанцый, якія могуць выпрацоўваць электраэнэргію, выкарыстоўваючы дызель, мазут ці прыродны газ. У асноўным гэтыя ТЭС арыентаваныя на краіны з недастаткова развітой інфраструктурай, а таксама на выкарыстанне ў надзвычайных сітуацыях пасля стыхійных бедстваў або аварый.

Станцыі Karpowership працуюць у Гамбіі, Гане, Гвінеі-Бісаў, Ліване, Сьера-Леонэ, Судане, Замбіі і на Кубе. Таксама кампанія вядзе перамовы пра размяшчэнне да васьмі караблёў у чатырох еўрапейскіх краінах зімой 2023 года.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках