23 красавiка 2024, aўторак, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сыход Макея - гэта рэалізацыя закона кармы ў Беларусі»

25
«Сыход Макея - гэта рэалізацыя закона кармы ў Беларусі»
Владимир Макей

Хто плача па лукашэнкаўскім міністры, пакуль беларусы радуюцца?

Раптоўную смерць кіраўніка лукашэнкаўскага МЗС Уладзіміра Макея для сайта Charter97.org каментуе каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Пасля смерці Макея многія беларускія палітолагі і СМІ пачалі ўзгадваць лукашэнкаўскага міністра як «заходніка і ліберала». Ці быў кіраўнік МЗС такім напраўду?

- Макей быў адным са слупоў рэжыму Лукашэнкі і адным з яго галоўных катаў. Ён быў вельмі блізкі да дыктатара, калі з'яўляўся яго памагатым цягам доўгіх гадоў. Потым - калі чатыры гады ўзначальваў ягоную адміністрацыю. Пазней Макей быў важным для Лукашэнкі, бо забяспечваў прыток крэдытаў з Захаду і гандаль з Украінай пад выглядам мідаўскага «ліберала».

Скажу, што калі я знаходзіўся пасля разгону Плошчы 2010-га года ў турме КДБ, да нас перыядычна на допыты інкогніта прыходзіў будучы міністр унутраных спраў Шуневіч. Ён быў чалавекам блізкім да адміністрацыі Лукашэнкі.

Тады адміністрацыю ўзначальваў менавіта Макей. Магу сцвярджаць, што Макей асабіста кіраваў усёй аперацыяй катаванняў і здзекаў з кандыдатаў у прэзідэнты ў 2010-ым годзе і чальцоў іх штабоў.

З некалькіх крыніц мы ведалі, што сілавікі (мы іх называлі «маскі»), якія ўвайшлі праз некалькі дзён пасля нашых арыштаў у «Амерыканку» (неафіцыйную назву СІЗА КДБ Беларусі — заўв.) і адрозніваліся асаблівай жорсткасцю, былі са службы бяспекі Лукашэнкі.

Асновы масавага тэрору 2020-га года былі закладзены ў 2010-ым. Тады ўпершыню Плошча была разагнаная праз некалькі гадзін пасля выбараў, арыштаваная большасць кандыдатаў у прэзідэнты. Адразу пачаліся здзекі, катаванні. Сотні чалавек апынуліся на Акрэсціна. Кіраваў гэтай аперацыяй Макей. Ён яшчэ перад гэтым па тэлевізіі выступаў і казаў пра нейкія «выбухі» і «правакацыі, якія рыхтуюцца». З нашай інфармацыі, Макей быў таксама датычны да арганізацыі выбуху ў менскім метро, які прывёў да шматлікіх ахвяр.

Пасля Макея адправілі на Захад для таго, каб зняць санкцыі, знайсці самых амаральных партнёраў для гандлю з рэжымам Лукашэнкі. Адначасова ў 2012 годзе, калі Макей стаў міністрам замежных спраў, Ігар Шуневіч быў прызначаны міністрам унутраных спраў. Вось яны гулялі ў гэтую гульню, дзе Шуневіч — «цвёрдалобы НКВДшнік», а палкоўнік спецслужбаў Макей — нібыта «ліберал». Дарэчы, у тым жа 2012 годзе на цэлых сем гадоў адбельваць злачынны рэжым у Парыж адправілі Паўла Латушку. Гэта дазваляла ўводзіць у зман як карысных ідыётаў на Захадзе, так і псеўдааналітыкаў і псеўданезалежных журналістаў унутры краіны.

- Адкуль такая горыч з боку гэтых аналітыкаў і журналістаў? Няўжо яны не памятаюць, чым займаўся Макей у 2010-ым годзе?

- Рэакцыя вельмі цікавая, бо мы бачым непрыхаваную радасць у большасці беларусаў. Беларусы дакладна разумеюць, што Макей - частка рэжыму і ягоны сыход - гэта пэўная рэалізацыя закона кармы ў Беларусі. У гэты ж час здзіўляе непрыхаванае гора шэрагу аналітыкаў, журналістаў, рэдактараў псеўданезалежных СМІ. Пайшоў іх ідэолаг і правадыр.

У той час, калі мы сядзелі ў турмах, калі Мікола Статкевіч сядзеў да 2015-га года, калі былі закручаныя гайкі ў грамадзянскай супольнасці Беларусі, нанесены ўдар па найбольш актыўных фігурах, калі інфільтрацыя агентаў у апазіцыйных палітычных партыях і медыя дасягнула неверагоднай колькасці. Для шэрагу аналітыкаў і рэдактараў гэта быў цудоўны перыяд.

Я размаўляў з некаторымі рэдактарамі і яны не хавалі, што атрымліваюць указанні з адміністрацыі Лукашэнкі. З аднаго боку, яны мелі імідж «змагароў за свабоду», але ў той жа час яны казалі, што знаходзяцца «над сутычкай». Гэта азначала, што можна адначасова атрымліваць гранты, размяшчаць рэкламу ў шматлікіх псеўданезалежных медыях, што ў прынцыпе проста немагчыма, атрымліваць інсайды ад міліцыі і КДБ аб розных эканамічных і крымінальных тэмах, будаваць дамы і шыкоўныя кватэры. Для іх гэта быў залаты час.

Тым не менш, сёння большасць беларусаў абсалютна ясна разумее, што Макей быў катам і прыслужнікам беларускага дыктатара.

- Ці ёсць унутры сістэмы, якую пабудаваў Лукашэнка, людзі празаходніх і ліберальных поглядаў?

- Думаю, як ні дзіўна, большасць. Усіх гэтых людзей аб'ядноўвае адно: яны самі хацелі б жыць, як на Захадзе, атрымліваць грошы, як на Захадзе, а народ мусіць быць у фактычным рабстве і жыць за таталітарным рэжымам. У гэтым плане для сябе і сваёй сям'і яны цалкам «лібералы» і «заходнікі». Можна паглядзець на палацы ў Драздах, а таксама ў падобных паселішчах і мястэчках па ўсёй Беларусі. Ясна, што яны не хочуць нават напаказ жыць, да прыкладу, як Кадафі - у бедуінскай палатцы. Яны хочуць жыць як «заходнікі». У гэтым сэнсе іх можна лічыць нават «праеўрапейцамі».

Мы ведаем, як мянялася ўлада ў краінах сацыялізму. Многія чыноўнікі тады выдатна ўпісаліся ў новую сістэму і, увогуле, нават сталі бенефіцыярамі гэтых змен пры вяртанні капіталізму ў сваіх краінах. Змагацца яны не хацелі, бо заўсёды жылі ў разы лепш, чым большасць народа. Такія ж людцы побач з Лукашэнкам знаходзяцца і сёння.

- Дзяржаўныя СМІ не надалі смерці Макея вялікай значнасці, а сам Лукашэнка выказаў вельмі скупыя спачуванні. У чым прычына?

- Апошнім часам існаванне Макея стала бессэнсоўным для Лукашэнкі, бо дзейнічалі заходнія санкцыі, спыніўся гандаль з Украінай. Усе плюсы ад знаходжання Макея на гэтай пасадзе зніклі. Лукашэнка, калі бачыў Макея, наадварот адразу ўспамінаў аб санкцыях, пагрозах трыбунала ў дачыненні да яго, аб непрызнанні сябе нейкай фігурай на Захадзе. Зразумела, што для паранаідальнай свядомасці Лукашэнкі Макей быў за ўсё гэта адказным.

Чаму ён павінен пераймацца? Для дыктатара ўсе ягоныя былыя паплечнікі - гэта смецце. Мы ведаем, што шмат каго з тых людзей, якія пачыналі з ім у 1994-ым годзе, ён забіў. Многія селі ў турмы або памерлі ад хвароб. Тут іншай рэакцыі цяжка было чакаць ад дзяржаўных СМІ.

Але глядзіце, які кантраст: шэраг псеўданезалежных СМІ ў шчырым смутку, а прапагандысты ўвогуле ігнаруюць смерць Макея. Гэта такі цікавы момант.

- Смерць Макея дала штуршок да абмеркавання раптоўнага сыходу Лукашэнкі: смерць, адхіленне ад улады. Як беларусам падрыхтавацца да такіх сцэнароў, каб не стаць пасіўнымі назіральнікамі?

- Які нечаканы сыход ці смерць Лукашэнкі? Яму ўжо даўно пара на супакой ва ўсіх сэнсах. Ён даўно "перажыў свой яд", як гаварылася пра змяю ў мультфільме "Маўглі".

У нас сітуацыя іншая. У нашым рэгіёне зараз вайна. Фактычна Беларусь ужо ўдзельнічае ў вайне, у якую яе ўцягнуў Лукашэнка. Нам усім трэба дакладна ўсведамляць, у якой рэальнасці мы знаходзімся.

Трэба захаваць незалежнасць краіны, вярнуць свабоду, а гэта можна зрабіць толькі ўзброеным шляхам. Ад беларускіх палітыкаў сёння патрабуецца стварэнне звязаў, дапамога беларусам унутры краіны і за мяжой, вайсковая дапамога для Палка імя Кастуся Каліноўскага. Разгортванне сапраўды вялікай вайсковай часткі, аж да дывізіі ці некалькіх брыгад на тэрыторыі Украіны.

Неабходна быць гатовымі вяртацца ў Беларусь з розных бакоў. Унутры ж краіны трэба ўсяляк перашкаджаць існаванню рэжыму і быць гатовым да “гадзіны Х”, калі трэба будзе дзейнічаць рашуча і хутка. Пра гэта трэба думаць.

Дзякуй Богу, абсалютная большасць беларусаў па-ранейшаму супраць Лукашэнкі, у нас ёсць лідары, героі, вельмі магутныя супольнікі з перадавым узбраеннем, таму рэжым злога ўзурпатара непазбежна будзе скінуты.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках