25 красавiка 2024, Чацвер, 14:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская лекарка дала парады, як аднавіцца пасля віруснай інфекцыі

5
Беларуская лекарка дала парады, як аднавіцца пасля віруснай інфекцыі

Простыя рэкамендацыі дапамогуць у працэсе поўнага акрыяння.

Сярэдняя фізічная нагрузка, шмат сну, водныя працэдуры, масаж і здаровае харчаванне - найлепшыя антыдэпрэсанты для чалавека, які перанёс вірусную інфекцыю, мяркуе доктар агульнай практыкі 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі Менска Таццяна Кміта.

Са слоў лекаркі, падчас рэабілітацыі, асабліва пасля перанесеных бранхітаў і пнеўманій, вельмі добра рабіць дыхальную гімнастыку - гэта дапаможа хутчэй аднавіць працу дыхальнай мускулатуры. Прыклады гімнастыкі можна лёгка знайсці ў інтэрнэце.

Таксама пасля перанесенай віруснай інфекцыі важна бываць на свежым паветры, адзначае Таццяна Кміта. А праз два тыдні пасля захворвання ўжо можна вяртацца да фізічных нагрузак у спартзале.

Басейн, кантрасны душ і лазня таксама выдатныя варыянты для дзетаксікацыі, паляпшэнні кровазвароту, лімфадрэнажу і аздараўленні арганізма агулам.

Паказаны пасля хваробы віруснай інфекцыі таксама масаж грудной клеткі, але адмысловец рэкамендуе, у пазбяганне негатыўных наступстваў, абавязкова пракансультавацца з лекарам перад тым, як «самапрызначаць» сабе масаж.

Пасля ковіда і іншых цяжкіх вірусных інфекцый можа развіцца бессань, справіцца з якой могуць дапамагчы праветрыванне памяшкання, дастатковае зацяненне вокнаў, адмова ад прагляду гаджэтаў і цёплы душ з улюбёнымі водараалеямі.

- Наладзіць правільны рэжым сну - адна з галоўных умоў поўнага акрыяння. Бо ў сне арганізм аднаўляецца. Калі ў звычайным стане лекары рэкамендуюць спаць не менш за сем-васьмі гадзін, то ў перыяд рэабілітацыі на сон варта адводзіць на гадзіну-дзве даўжэй, - раіць лекарка.

Акрамя таго, важнай умовай аднаўлення пасля хваробы з'яўляецца здаровае харчаванне без салодкага і мучнога. У гэты перыяд варта больш налягаць на рыбу, нятлустыя тыпы мяса і кісламалочныя прадукты. Калі няма праблем са страўнікам, то ў перыяд рэабілітацыі, асабліва пасля прыёму антыбіётыкаў, добра ўключыць у сваё меню квашаную капусту. Аднавіць арганізм пасля хваробы дапамогуць морсы з журавінамі, брусніцамі, чарніцамі і парэчкамі, а таксама травяныя настоі. Аб'ём рэкамендаванай вадкасці на дзень - 30 мл на кг масы цела.

А каб умацаваць арганізм, цягам дзясяці дзён пасля перанесенага захворвання Таццяна Кміта рэкамендуе прымаць вітаміны С і Д. Можна рабіць гэта ў тэрапеўтычнай дозе (для вітаміну С - 1000 мг на дзень цягам дзясяці дзён, для вітаміну Д - 2000 МЕ на дзень цягам месяца), але лепш здаць аналіз, тады лекар зможа прызначыць неабходную дозу вітаміну.

Калі пасля хваробы турбуюць бессань і дрэнны настрой, то лекарка рэкамендуе папрымаць прэпараты магнію плюс вітамін В6 - адну таблетку на ноч цягам месяца.

Амега-3 і цынк таксама спрыяюць умацаванню імунітэту, дапамагаюць хутчэй аднавіцца і менш хварэць у далейшым.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках