29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чырвоны касцёл: складаны лёс самага вядомага беларускага храма

7
Чырвоны касцёл: складаны лёс самага вядомага беларускага храма
ФОТА: БЕЛСАТ

Лукашэнкаўскі рэжым - не першы, хто спрабуе яго закрыць.

6 кастрычніка стала вядома, што ўлады могуць забраць у вернікаў менскі каталіцкі храм святых Сымона і Алены, больш вядомы як Чырвоны касцёл. З гэтай нагоды карэспандэнты «Белсата» вызначылі ўзгадаць гісторыю самай знакамітай святыні Менска - часам даволі трагічную.

Пасля акупацыі Беларусі Расейскай імперыяй, а тым больш пасля задушэння вызваленчых паўстанняў расейскія ўлады забаранілі будаўніцтва новых каталіцкіх святынь. З ініцыятывай пабудаваць новы касцёл менчукі-католікі выступілі ў 1897 годзе, але атрымалі дазвол толькі праз восем гадоў - у 1905-м: будаўніцтву новага храма актыўна супраціўляліся свецкія і праваслаўныя ўлады Расейскай імперыі.

ЧЫРВОНЫ КАСЦЁЛ У МЕНСКУ, БЕЛАРУСЬ. 1958 ГОД. ФОТА: ІВАНОЎ Н.А.

Усе выдаткі на будаўніцтва ўзяў на сябе вядомы грамадска-палітычны дзеяч Эдвард Вайніловіч, які паставіў умовай, каб касцёл назвалі ў гонар ягоных дзяцей, Сымона і Алены, якія памерлі ў юнацтве. Новую царкву асвяцілі ў 1910 годзе.

Цяжкія часы для парафіі наступілі з прыходам бальшавіцкай улады. У 1923 годзе касцёл разрабавалі: вывезлі мэблю, гадзіннік, абразы, посуд, бялізну і нават чарніліцы, скінулі званы з вежаў. Перад гэтым у 1922 годзе вернікі змаглі вывезці ў Беласток кніжны фонд парафіяльнай бібліятэкі. Аднак набажэнтсвы прадаўжаліся.

Канчаткова Чырвоны касцёл савецкія ўлады закрылі ў 1932 годзе, прыстасаваўшы будынак пад памяшканне Польскага тэатра БССР. Тады ж з касцёла скінулі крыжы. Пасля пачатку рэпрэсій супраць польскай меншасці ў 1937 годзе ў касцёле размясцілася кінастудыя «Савецкая Беларусь».

Набажэнствы аднавіліся ў касцёле ў 1941 годзе, ужо за нямецкай акупацыяй. Але пры гэтым нацысты рэпрэсавалі святароў: у 1941 годзе забілі пробашча Станіслава Глякоўскага, а ў калядную вігілію 1942 года з Чырвонага касцёла забралі і забілі ў Трасцянцы ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, аднаго з былых лідараў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Некаторыя, напрыклад, ксёндз Адам Пучкар-Хмялеўскі скончылі сваё жыццё яшчэ раней у савецкім ГУЛАГу.

З вяртаннем савецкай улады касцёл зноў закрылі, вярнуўшы ў яго кінастудыю. А ў 1960-х гадах будынак увогуле хацелі падарваць і пабудаваць на яго месцы кінатэатр. Але ў выніку пратэстаў творчай інтэлігенцыі і змены рэспубліканскіх улад БССР касцёл ацалеў. У ім размясцілі Дом кіно, кавярню і музей. Менавіта ў Доме кіно ў 1988 годзе адбыўся арганізацыйны сход будучага Беларускага Народнага фронту «Адраджэнне».

У 1986 годзе менскія каталікі стварылі ініцыятыўную групу, якая патрабавала вяртання Чырвонага касцёла вернікам. І ў 1990 годзе Менгарвыканкам пастанавіў вярнуць ім будынак. Настаяцелем адроджанай парафіі стаў айцец Уладзіслаў Завальнюк, які займае гэтую пасаду да сённяшняга дня. Першую імшу ў вернутым касцёле 21 лістапада адслужыў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. З таго часу пачалася і рэстаўрацыя Чырвонага касцёла. Вярнулі ў яго ў 2006 годзе і парэшткі Эдварда Вайніловіча, які памёр у 1928 годзе ў Польшчы.

Тым не менш, будынак не аформлены як уласнасць парафіі, а перададзены яму на ўмовах бязвыплатнага карыстання. У 2013 годзе святыню замацавалі для гаспадарчага вядзення за прадпрыемствам «Менская спадчына». У 2020 годзе арганізацыя выставіла вялікія рахункі Чырвонаму касцёлу. На той час ад вернікаў патрабавалі амаль Br166 тысяч як падатак на зямлю і аплату амартызацыі за карыстанне будынкам. З таго часу сума толькі вырасла, бо кожны месяц ад прыходу патрабавалі плаціць яшчэ па Br13 тысяч.

Пры гэтым прыход быў пазбаўлены «права на атрыманне падатковых ільгот на выплату зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць, гарантаваных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь». Пасля петыцыі вернікаў і заявы беларускіх каталіцкіх іерархаў гэтае пытанне некаторы час не ўздымалася.

Ціснулі ўлады на прыход і фізічна. Падчас пратэстаў 2020 года 26 жніўня АМАП пачаў разганяць людзей каля Чырвонага касцёла і зачыніў дзверы ў царкву, нікога не ўпускаючы і не выпускаючы. Нягледзячы на гэта, 9 верасня ў касцёле з натхняльнай прамовай выступіў біскуп Юрый Касабуцкі.

А цяпер, праз два гады, пры загадкавых абставінах улады пастанавілі закрыць касцёл. 26 верасня, паводле афіцыйнай версіі, у храме адбыўся пажар, пасля чаго ўлады закрылі яго і не пускалі ўнутр нават святароў - нібыта з прычын бяспекі. 6 кастрычніка стала вядома, што царкву зусім могуць забраць у вернікаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках