24 красавiка 2024, Серада, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Guardian: Украіна адваявала тэрыторыю і падтрымку

The Guardian: Украіна адваявала тэрыторыю і падтрымку

Але Расея будзе далей выпрабоўваць смеласць Захаду.

Вызваленне кожнага чалавека з дзікунскай расейскай акупацыі - гэта перамога для Украіны. Але гэта таксама вельмі важна і для тых, хто па-за межамі ўкраінскіх межаў. Выгнанне расейскіх сіл пасылае жыццёва важны сігнал Маскве, Вашынгтону і Брусэлю.

А ўкраінскае наступленне мае больш шырокі ўплыў і значэнне, чым кароткатэрміновы тактычны поспех, - піша ў артыкуле для The Guardian экспэрт у пытаннях Расеі і Еўразіі ў арганізацыі Chatham House Кір Джайлз. Пераклад артыкула прыводзіць «Зеркало недели. Украина».

Па-першае, восеньскі наступ Украіны агулам - гэта выразная дэманстрацыя для заходніх сяброў Кіева, што вайна не статычная. У пачатку года страх перад тым, што сітуацыя зойдзе ў зацяжны тупік, справакаваў ваганні і сумневы ў здольнасці Украіны і яе хаўруснікаў захаваць свой курс. Цяпер украінскае войска прыбрала ўсе сумневы, узяўшы ініцыятыву ў свае рукі і выстаяўшы ў вайне значна даўжэй, чым разлічвалі вонкавыя назіральнікі. Гэта толькі ўмацуе рашучасць Захаду ў жорсткай падтрымцы Кіева. Таксама наступленне выбіла зямлю з-пад ног усіх, хто настойліва сцвярджаў, што Украіна павінна «пайсці на саступкі» Расеі, каб скончыць з кровапраліццем. Прапанаваныя саступкі часта цяжка адрозніць ад капітуляцыі.

Па-другое, у самой Расеі бясспрэчныя паразы ва Украіне прымусілі расейскіх прапагандыстаў сутыкнуцца з непераадольнай прорвай рэальнасці. У пачатку ўварвання Масква трымала інфармацыю ў моцнай хватцы, што дазваляла ёй мяняць мэты вайны. І яна гэта не раз рабіла. Цяпер прорва стала занадта відавочнай. Прапагандысцкая машына ўпусціла магчымасць скажаць факты, яна выходзіць з-пад кантролю. Калі ў адзін дзень Уладзімір Пуцін абвяшчае, што Расея «анэксуе» часткі Украіны і яны цяпер будуць расейскімі заўсёды, а на наступны навіны запоўненыя інфармацыяй аб адступленні расейскага войска з гэтых рэгіёнаў, нават самае оруэлаўскае скажэнне рэальнасці не здольнае вытрымаць. Больш за тое, Расея яшчэ больш будзе губляць міжнародную падтрымку. Паколькі фарсавыя замахі Пуціна сталі відавочнымі для ўсіх у свеце.

Украінскія ваенныя поспехі - гэта відовішча, якое дапаможа заходнім прыхільнікам Украіны захаваць сваю пазіцыю. Але гэтак жа і гонка з часам. Расея, хутчэй за ўсё, зможа ўтаймаваць хаос мабілізацыі. І калі новыя войскі будуць адпраўленыя на фронт у вызначанай баяздольнай форме, гэта зноў зменіць прыроду канфлікту. Таму вельмі важна, каб украінскі контрнаступ працягваў дабівацца прагрэсу хутчэй, чым расейская мабілізацыя зможа стварыць для яго перашкоды.

Украінскі поспех - гэта таксама акт балансавання. Некаторыя заходнія палітыкі працягваюць баяцца перамогі Украіны, у асноўным праз тое, што доўгая расейская кампанія, нацэленая пераканаць людзей, што паражэнне Расеі ў вайне непазбежна скончыцца ўжываннем ядзернай зброі, сталася надзвычай паспяховай. Рэальная падрыхтоўка да выкарыстання ядзернай зброі была б сур'ёзным чыннікам для турботы. Але яна не здараецца. Урад ЗША і добра праінфармаваныя назіральнікі кажуць, што Масква не робіць неабходных крокаў для падрыхтоўкі да ядзернага ўдару. Таму пасля ўсяго людзі дагэтуль больш надаюць увагу таму, што Пуцін кажа, чым таму, што яго войска робіць.

Страх перад ужываннем ядзернай зброі найбольш распаўсюджаны сярод аналітыкаў і экспэртаў, для якіх расейская праблема зусім новая. Насамрэч назіраецца рэальны вялікі раскол паміж імі і дасведчанымі экспэртамі па Расеі, якія схільныя казаць пра значна меншую імавернасць, што Пуцін нанясе ядзерны ўдар.

Расея праваліла задачу падарваць заходнюю падтрымку Украіны, звяртаючыся нават да скарачэння або поўнага спынення паставак газу. Але гэта не значыць, што яе магчымасці вычарпаныя. Масква будзе шукаць новыя спосабы ператварыць гэтую вайну ў асабістую праблему для народаў па ўсёй Еўропе і Паўночнай Амерыцы, спадзеючыся, што яны пачнуць ціснуць на свае ўрады з патрабаваннем адмовіцца ад Кіева. Відавочна, што адна з формаў эскалацыі - гэта расейская атака па падводнай энэргетычнай інфраструктуры. Выбухі на газаправодзе «Паўночны струмень» узнялі на вушы ўсю Еўропу.

Але расейскія жаўнеры і раней блукалі па кантыненце, забіваючы людзей і ажыццяўляючы дыверсійныя напады яшчэ да пачатку 2022 года. Хімічныя або біялагічныя атакі або аднаўленне даўняй практыкі Масквы спансаваць тэрарыстаў, каб пасеяць хаос на Захадзе - усё гэта даступныя варыянты для расейскіх уладаў, якія ўжо не спрабуюць захаваць хоць нейкія стасункі з Еўропай. Нягледзячы на ўкраінскія поспехі на полі бітвы да канца гэтай вайны яшчэ вельмі доўга. І Расея, без сумневу, будзе выкарыстоўваць усе даступныя ёй сродкі, каб выпрабаваць смеласць Захаду.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках