18 красавiка 2024, Чацвер, 14:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі людзі хочуць і могуць плаціць, навошта забіраць такую магчымасць»?

10
«Калі людзі хочуць і могуць плаціць, навошта забіраць такую магчымасць»?

Настаўніца расказала аб сітуацыі з прыватнымі школамі ў Беларусі.

Журналісты партала tochka.by паразмаўлялі з настаўніцай фізкультуры, якая ў верасні ўладкавалася ў прыватную школу і цяпер апынулася ў падвешаным стане. Дзейнасць адукацыйнай установы прыпынілі. Выкладчыца рызыкуе застацца без заробку.

Гераіня матэрыялу 1 верасня знайшла новую працу - прыйшла настаўніцай у прыватную школу. Як звычайна бывае, са спадзяваннямі на ўсё самае найлепшае і адчуваннем, што жыццё наладжваецца.

Але за гэты месяц усю сістэму пачало ліхаманіць так, што прыватны сектар у адукацыі можа і не выжыць. Частка школ закрытая, другая атрымала прадпісанні прыпыніць дзейнасць. І ўсіх разам наперадзе чакае ўвядзенне ліцэнзавання.

У падвешаным стане

Суразмоўніца не мае прэтэнзій да кіраўніцтва навучальнай установы і спадзяецца, што сітуацыя развяжацца добра. Са слоў дырэктара, чым усё скончыцца - незразумела, але «прамень надзеі» ўсё ж ёсць.

Пакуль жа прыватную школу пазапаўнялі праверкі, прычым разнастайныя інстанцыі прыдзіраюцца да дробязяў, якія лёгка можна знайсці ў кожнай дзяржаўнай школе, кажа педагог.

Даводзіцца нават бараніцца ў судзе. І нядаўна юрысты, напрыклад, давялі неправамернасць прэтэнзій пажарных.

Аптымізм на зыходзе

У прыватную навучальную ўстанову спецыялістка прыйшла не ад добрага жыцця. Яна працуе трэнерам у адным са спартовых клубаў. Там з лета паменшылася наведвальнасць, і кіраўнік насуперак дамоўленасцям, прапісаным у кантракце, знізіў заробак.

Дзякуючы досведу знайсці новую працу, дарэчы, недалёка ад дома атрымалася дастаткова хутка. Але радасць была нядоўгай. Пытанне застаецца адкрытым, але аптымізму ў жанчыны мала.

Ёсць прыклад калегі - выкладчыцы музыкі, якая яшчэ раней пайшла на дамову найму ў іншую прыватную гімназію. Там плацілі ўдвая больш, чым у дзяржаўнай. У сярэдзіне верасня навучальную ўстанову закрылі, і ўсе педагогі засталіся без працы і заробку за той час, якія паспелі адпрацаваць.

«Гэта асабістая катастрофа для ўсіх. Настаўнікі застаюцца без адносна годнага заробку. А бацькі - без таго тыпу адукацыі, якую хацелі б даваць свайму дзіцяці. Калі людзі жадаюць і могуць плаціць, навошта забіраць такую магчымасць? Тым больш прыватныя навучальныя ўстановы працавалі шмат гадоў, плацілі падаткі, і ніякіх праблем не ўзнікала», - заўважыла суразмоўніца.

Пры гэтым яна не адмаўляе, што некаторым прыватным школам праверкі не перашкодзяць: ёсць знаёмыя, якія няўхвальна адклікаліся аб адной з такіх устаноў. Але ўсё павінна быць у рамках разумнага і калі ёсць правілы, яны павінны быць аднолькавымі для ўсіх навучальных устаноў, у тым ліку дзяржаўных.

Адрозненне прыватнай школы ад дзяржаўнай

Педагог прызналася, што ўпершыню асабіста сутыкаецца з прыватнай школай. Але чыста візуальна яна здаецца ёй ідэальнай: дагледжаныя памяшканні і кампактны двор са спартовым абсталяваннем, увесь час хтосьці штосьці прыбірае, уласны кухар, які адказвае за харчаванне.

А стасункі з дырэктарам у добрым сэнсе выходзіць за рамкі звыклага ўзаемадзеяння з кіраўніцтвам дзяржаўных школ, якое часта адбываецца ва ўльтыматыўна-загадным тоне.

Беларускія маці і таты ад безвыходнасці і пэўнага ціску кантрольных органаў ідуць у дзяржаўныя школы.

У заканадаўстве ёсць норма, паводле якой бацькі абавязаныя забяспечыць атрыманне дзецьмі асноўнай агульнай адукацыі (да 9-га класа, 10-11-га - на жаданне дзяцей), інакш яны могуць быць пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Пры гэтым дзіця павінна вучыцца, якімі б ні былі сямейныя абставіны, матэрыяльнае становішча сям'і і стан здароўя бацькоў.

У сувязі з гэтым узнікае праблема псіхалагічнай адаптацыі дзіцяці, якое часта трапляе ў перапоўненыя класы, а таксама сутыкаецца з тым, што чагосьці можа не быць ці не ставаць.

У прыватнай школе ёсць абмежаванні па колькасці навучэнцаў, і попыт не змяншаецца. Перад пачаткам новага навучальнага года (цяперашні не выключэнне) паступае нямала званкоў. Але, як адзначыла суразмоўніца, дырэктарка вымушаная многім адмаўляць, у выніку фармуецца чарга.

Цяпер правяраючыя прыходзяць нават для таго, каб упэўніцца, што дзейнасць прыпыненая і ў навучальную ўстанову дзеці сапраўды не ходзяць.

Выкананне новых прадпісанняў і судовыя цяжбы прыводзяць да страты каштоўнага часу. Ды і сама атмасфера напружанасці адбівае ўсякае жаданне працягваць, калі, каб давесці права на наданне адукацыйных паслуг, ты павінен быць упэўнены, што ўсе часопісы запоўненыя…аднолькавым чарнілам.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках