20 красавiка 2024, Субота, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску абвясцілі прысуд паводле справы БелаПАН

9
У Менску абвясцілі прысуд паводле справы БелаПАН

Палітвязні атрымалі ад пяці да 14 гадоў калоніі.

У Менску 6 кастрычніка абвясцілі прысуд паводле крымінальнай справы незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, піша zerkalo.io. Фігуранты атрымалі ад пяці да 14 гадоў пазбаўлення волі.

Медыямэнэджару Андрэю Аляксандраву прызначылі 14 гадоў калоніі, ягонай жонцы Ірыне Злобінай – 9 гадоў, дырэктару агенцтва БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву – 6 гадоў, галоўнай рэдактарцы і дырэктарцы БелаПАН Ірыне Леўшынай – 4 гады.

Разгляд справы пачаўся ў Менскім абласным судзе 6 чэрвеня. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Нагадаем, Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 года, Леўшыну і Наважылава – 18 жніўня таго ж года. Увесь гэты час яны знаходзяцца за кратамі.

Якія абвінавачанні былі абвешчаныя фігурантам справы:

– Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 342 КК у падрыхтоўцы «не менш як 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года. Так следства трактавала аплату імі адміністрацыйных штрафаў, рахункаў за паслугі адвакатаў, аплату харчавання за час знаходжання людзей «на сутках» і не толькі;

– іх жа абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») у дапамозе фонду ByHelp і ягоным прадстаўнікам у дзейнасці, «накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»;

– Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава і Ірыну Леўшыну абвінавацілі ў стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» з ліку супрацоўнікаў ЗАТ «БелаПАН» і іншых асобаў, а таксама ў кіраўніцтве такім фармаваннем паводле ч. 1 арт. 361-1 КК;

– Андрэя Аляксандрава і Дзмітрыя Наважылава – «ва ўхіленні ад выплаты інфармацыйным агенцтвам падаткаў» паводле ч. 2 арт. 243 КК РБ.

У Следчым камітэце заяўлялі, што супрацоўнікі БелаПАН нібыта ўхіліліся ад выплаты падаткаў на 449 тысячаў рублёў за шэсць гадоў і атрымалі схаванае фінансаванне ад замежных арганізацый на суму 1,6 млн даляраў з 2014 года.

Нагадаем, БелаПАН адкрыў у 1991 годзе журналіст Алесь Ліпай. У жніўні 2018 года супрацоўнікі БелаПАН разам з рэдакцыяй tut.by былі затрыманыя як фігуранты «справы БелТА». У тым самым месяцы гендырэктар Алесь Ліпай памёр ад хваробы. Пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе інтэрнэт-выданне БелаПАНа Naviny.by было заблакаванае.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках