29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрадэпутат: Для ЕЗ і NАТО важна прызнаць полк Кастуся Каліноўскага

15
Еўрадэпутат: Для ЕЗ і NАТО важна прызнаць полк Кастуся Каліноўскага

Беларускія добраахвотнікі павінны быць уключаны ў праграму падтрымкі Украіны.

Чаму Еўропа павінна падтрымаць полк Кастуся Каліноўскага? Ці можа Расея выкарыстоўваць БелАЭС у сваіх злачынных мэтах? Ці панясе Лукашэнка адказнасць за злачынствы ва Украіне? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з еўрадэпутатам ад Літвы, пастаянным дакладчыкам Еўрапарламента ў Беларусі Пятрасам Аўштравічусам.

- У сваім нядаўнім выступе ў Еўрапарламенце вы згадалі аб неабходнасці падтрымкі палка Каліноўскага. Чаму гэта важна?

- Уважаю іх за змагароў за свабоду, якія далучыліся да ўкраінскіх вайскоўцаў, каб адбіць агрэсіўную атаку Расеі. Яны робяць гэта на знак салідарнасці і падтрымкі Украіны. Бачу ў іх патрыётаў, якія ў будучыні вернуцца ў Беларусь, каб абараніць суверэнітэт і дэмакратыю.

Упэўнены, што яны маюць патрэбу ў яшчэ большай падтрымцы, чым тая, якую ім надаюць. Я шаную тое, што робіць украінскі бок. Але з заходняга боку не павінна быць розніцы, каго мы падтрымліваем, навучаем і ўзбройваем: украінцаў ці беларусаў, якія ваююць ва Украіне ў наш час.

Упэўнены, што нягледзячы на нацыянальныя адрозненні, неабходна падаць навучанне, рыштунак і ўзбраенне ў максімальна магчымай колькасці, бо яны для мяне адзіная сіла, якая змагаецца за свабоду і лепшую будучыню.

- Ці павінна быць праграма падтрымкі ЕЗ спецыяльна для беларускіх байцоў ва Украіне?

- У ЕЗ, NATO, у партнёраў NATO - я б пашырыў гэты спіс. Мяркую, гэта так важна, каб мы на Захадзе прызналі тых беларускіх добраахвотнікаў, якія маюць патрэбу ў нашай падтрымцы і палітычным прызнанні. Калі мы прызнаем іх тымі, кім яны ёсць - добраахвотнікамі і змагарамі за свабоду - яны павінны быць уключаны ў нашу праграму падтрымкі Украіны.

У рамках гэтых праграм мы можам надаваць добраахвотнікам дапамогу, навучанне і іншую падтрымку, але спачатку павінна быць вельмі дакладнае палітычнае ўсведамленне: з кім мы маем справу, каго маем у якасці партнёраў, хто яны, якія задачы гэтых людзей. Для мяне гэта прызнанне справы барацьбы за свабоду суседзяў.

Але надыдзе час, калі байцы палка Каліноўскага стануць тымі, хто будзе змагацца за незалежнасць Беларусі.

- Украінскі дэпутат Багдан Яроменка прапанаваў ідэю стварэння ў Літве беларускай вайсковай часці (узвода або роты), каб беларускія патрыёты праходзілі сістэматычную вайсковую падрыхтоўку. Ці можна было б развіваць гэтую ідэю далей ці яшчэ пакуль не прыйшоў той час абмяркоўваць такія рэчы з практычнага пункту гледжання?

- Думаю, мы павінны вельмі дакладна разумець адно: цяпер, праз існыя дамоўленасці, юрыдычныя пагадненні, прызнанне межаў і дзяржаў, мы можам зрабіць гэта для беларусаў у тым выпадку, калі яны з'яўляюцца часткай баявых узброеных сіл ва Украіне. У гэтых рамках я б ахвотна падтрымаў тое, каб Літва, Польшча, Чэхія і, спадзяюся, Нямеччына маглі б навучаць тыя сілы, якія змагаюцца ва Украіне і сярод іх - беларусаў, але яны павінны быць часткай сіл, якія змагаюцца ва Украіне. У адваротным выпадку - гэта выглядала б як падрыхтоўка кагосьці, каго можна было б выкарыстоўваць супраць трэцяй дзяржавы ў нейкай варожай форме. Пасля таго, як будзе яснасць у дачыненні да мэт і дзейных асоб, у нас будуць усе магчымасці — неабходнае вельмі дакладнае палітычнае пагадненне, прызнанне і падтрымка.

- Што азначае ўваходжанне ў Беларусь тысяч расейскіх салдат? Ці павінны мы рыхтавацца да патэнцыйнага распаўсюджвання вайны на тэрыторыю Беларусь?

- Думаю, гэта вельмі сур'ёзна. Успрымаю гэта як крок наперад у эскалацыі і нарастанні напружанасці. Безумоўна, гэта вельмі дакладна пралічаная пастанова расейскага боку.

Ніхто не ведае дакладныя лічбы, бо мы ім не давяраем. Але стварэнне гэтага аб'яднанага вайсковага фармавання - гэта не проста крок, пры якім беларускія ўзброеныя сілы непасрэдна падпарадкоўваюцца расейскаму камандаванню (якое заўсёды будзе мець вызначальнае слова, а беларусам давядзецца выконваць загады, што з'яўляецца пэўнай рызыкай). Гэта дэманстрацыя таго, што Беларусь з'яўляецца свайго кшталту, прабачце, малодшай сястрой ці малодшым братам у гэтай, так бы мовіць, «саюзнай дзяржаве». Гэта адзін з элементаў паглынання рэштак беларускага суверэнітэту і структурна - прававое ўбудаванне ў склад Расеі. Калі пачалося з вайскоўцаў, то хто можа быць наступным: памежнікі, мытня, службоўцы?

Я разглядаю гэта ў святле цяперашняй вайсковай эскалацыі як пагрозу для нас у рэгіянальным плане. Паколькі яны выкарыстоўваюць мігрантаў як зброю зараз, хто можа прадказаць, хто стане тымі, хто будзе завозіць гэтых мігрантаў? Магчыма, гэта будзе супольная беларуска-расейская група. Так што я стаўлюся да гэтага вельмі сур'ёзна, да гэтага варта ставіцца сур'ёзна ва ўсім рэгіёне, бо гэта дрэнны знак для стабільнасці.

- Узброеныя сілы Расеі здольныя на самыя бесчалавечныя зверствы, што яны неаднаразова даказвалі. Ці варта турбавацца пра бяспечнасць Астравецкай АЭС, пакуль расейскія войскі знаходзяцца ў Беларусі?

- Я думаю, што Астравецкая АЭС была і застаецца пастаяннай пагрозай для дастаткова буйнога рэгіёну. Яна была спраектаваная і пабудаваная з улікам, магчыма, многіх аспектаў уплыву, надання пэўных уздзеянняў і, магчыма, стварэння пастаяннай пагрозы для суседзяў на ўсялякі выпадак.

Сама па сабе пабудова небяспечная, што даказана многімі спецыялістамі. Калі вельмі важныя міжнародныя тэхнічныя канвенцыі не сталі стандартам пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі, то можаце сабе ўявіць, як адбываецца працэс абслугоўвання і эксплуатацыі: ніхто не ведае, мы пакінутыя ў поўным няведанні.

Але ў выпадку якой-небудзь аварыі, якая можа быць звязаная, скажам, з выбухам ракеты, я думаю, гэта будзе вельмі чорны дзень для вялікага рэгіёна.

- Калі вы чуеце, як расейцы кажуць аб бруднай бомбе або дыверсіі на АЭС ва Украіне, ці не выклікае гэта дадатковай асцярогі з нагоды Астравецкай АЭС?

- Безумоўна. Калі такі вялікі ядзерны аб'ект аддаецца ў рукі нерацыянальных гаспадароў, якія штодня паўтараюць пагрозы суседзям, то я стаўлюся да гэтага вельмі сур'ёзна. Тыя асцярогі, пра якія мы неаднаразова заяўлялі на працягу многіх гадоў, у гэтай сітуацыі ваеннай эскалацыі гучаць як рэальны сцэнарый, які мы павінны ацэньваць вельмі сур'ёзна. Кожны аспект гэтага з'яўляецца навіслай над намі пагрозай праз структуру гэтага аб'екта, а таксама паводзін тых, хто кіруюць гэтым аб'ектам.

- Разважаючы тэарэтычна, ці павінен быць план дзеянняў Літвы супольна з іншымі заходнімі партнёрамі на выпадак сабатажу на Астравецкай АЭС?

- Абсалютна. Гэтая аварыя можа прывесці да катастрафічнай сітуацыі. Радыёактыўнае забруджванне мае працяглы і вялікі ўплыў на найбліжэйшыя тэрыторыі. Таму я ўпэўнены, што ў такім выпадку мы павінны заклікаць да актывацыі вызначанага артыкула NATO, а таксама ЕЗ. Думаю, мы павінны разглядаць гэта як напад на нашу краіну з выкарыстаннем зброі масавай паразы.

Гэта вялікая рызыка, якая, магчыма, была няправільна зразуметая многімі еўрапейскімі палітыкамі і разглядалася як мірная энэргія.

- Вы былі адным з нямногіх на Захадзе, хто быў супраць Астравецкай АЭС з самага пачатку.

Зазіраючы ў будучыню, аднойчы надыдзе той дзень, калі Пуціну давядзецца адказаць за генацыд украінскага народа. Ці павінен Лукашэнка таксама несці адказнасць за тое, што адбываецца ва Украіне?

- Думаю, мы заўсёды знойдзем для яго дадатковы імянны зэдлік побач з яго гаспадаром за тое, што ён робіць цяпер: дазваляе і дапамагае гэтаму акту агрэсіі. Гэта не пустыя заявы з нашага боку. Мы гэта бачым. Гэтая інфармацыя захоўваецца.

Калі Лукашэнка бачыць сябе гаспадаром дзяржавы, народа і тэрыторыі, дык хто нясе адказнасць? Самая высокая адказнасць ляжыць на ім. Вядома, гэта адбылося з-за пранікнення расейскіх войскаў і гэтай акупацыі, але ён ніколі не паднімаў трывогу. Лукашэнка ніколі не казаў: «Мне патрэбная ваша дапамога. Я зазнаў напад, акупацыю. Калі ласка, дапамажыце мне знайсці выйсце з сітуацыі». Я ніколі не чуў такога звону ў званы, што ў Еўропе нармальна: у сітуацыі небяспекі просяць аб падтрымцы. Выглядае так, што ён атрымлівае ад гэтага карысць і ён частка гэтай гульні.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках